Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларускія «пяцідзясятнікі» патрабуюць зьняць з праграмы школьны падручнік 11:17, 27/05/2003
У Беларусі хрысьцяне веры эвангельскай (“пяцідзясятнікі”) патрабуюць канфіскаваць з праграмы нацыянальнай агульнай адукацыі навучальны дапаможнік для 11 клясы “Чалавек у сьвеце культуры”. Як паведамілі ў панядзелак карэспандэнту “Росбалта” ў Саюзе хрысьцянаў веры эвангельскай (СХВЭ), з такім патрабаваньнем кіраўніцтва арганізацыі зьвярнулася ў Міністэрства адукацыі Беларусі ў сувязі з тым, што падручнік ставіць “пяцідзясятнікаў” у адзін шэраг з такімі вядомымі сваёй дэструктыўнай дзейнасьцю сэктамі, як “Вялікае белае брацтва” і “Аум Сенарыкё”.
Навучальны дапаможнік быў выдадзены ў 2002 годзе пад рэдакцыяй Юрыя Харына. Зьвесткі аб “пяцідзясятніках” утрымліваюцца ў разьдзеле “Нетрадыцыйныя рэлігійныя аб’яднаньні й сэкты (аўтар Т.М.Алпеева).
СХВЭ у сваім звароце адзначае, што прывядзеньне такіх палажэньняў у падручніку, выдадзеных накладам у 147,2 тыс. асобнікаў, фармуе ў грамадзтве вельмі негатыўны вобраз вернікаў-пратэстантаў. Гэта разам з “кампаніяй хлусьні й паклёпу, якая праводзіцца ў некаторых дзяржаўных СМІ”, ужо прывяло да таго, што “апаганьваюцца храмы, чуюцца пагрозы фізычнай расправы ў адрас служыцеляў і іх блізкіх, у школах абражаюцца дзеці веруючых бацькоў”. Прадстаўнікі СХВЭ лічаць, што “гэты навучальны дапаможнік робіць свой унёсак у далейшае распальваньне міжрэлігійнай варожасьці ў краіне”.
Міністэрства адукацыі Беларусі, паводле інфармацыі СХВЭ, не намерваецца прыбіраць падручнік з сфэры нацыянальнай школьнай адукацыі. У адказе міністэрства гаворыцца, што аўтар матэрыялу выкарыстоўвала тэрмін “сэкта” як “навукова-тэарытычны, які не ўтрымлівае ацэначных характарыстык” і не ўказвае на антыграмадзкую ськіраванасьць дзейнасьці “пяцідзясятнікаў”. Разам з тым, у адказе чыноўнікаў Мінадукацыі паведамляецца, што пры перавыданьні дапаможніка ў “зьмест тэмы аб духоўным патэнцыяле рэлігіі ўнесеныя адпаведныя зьмены”.