Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Начальнік інфармацыйнай управы МЗС Беларусі Андрэй Савіных выклікаў учора на размову ўласнага карэспандэнта расейскай газэты «Известия» Алену Данэйку і абвінаваціў яе ў парушэньні закону аб друку, які выявіўся ў нядаўнім артыкуле пра Александра Лукашэнку. Савіных выклаў Алене Данэйцы афіцыйную пазыцыю МЗС адносна артыкулу ў пятнічным нумары «Известий» пад назваю «Лукашэнка стаў у позу», прысвечанага прамаруджваньню расейска-беларускай інтэграцыі. Алена Данэйка папярэджаная аб тым, што яна цяпер «у складаным становішчы». Да суду, аднак, справа ня дойдзе.
Спадар Савіных прызнаў, што артыкул выклікаў нэгатыўны рэзананс, нанес урон іміджу Республікі Беларусь і беларуска-расейскім стасункам. МЗС Беларусі разглядае гэтую публікацыцю як абражальную.
Сама Алена Данэйка была зьдзіўленая такім выклікам. Калі хтосьці не задаволены зьместам артыкулу, дык можа напісаць свой, кажа яна.
“Я ня думаю, што ў нейкай іншай краіне магчымы ў прынцыпе такі факт, каб журналістаў выклікалі ў МЗС і прасілі патлумачыць па тэме артыкула”, -- заявіла журналістка ў інтэрв’ю Радыё Свабода.
Міністар інфармацыі Беларусі Міхаіл Падгайны зьвярнуўся да свайго расейскага калегі Міхаіла Лесіна з просьбаю “прыняць захады да газэты «Известия» ў зьвязку з публікацыяй непраўдзівай інфармацыі ў адпаведнасьці з заканадаўствам РФ”.
Спадар Савіных папярэдзіў Алену Данэйку, што гэты артыкул мог бы пацягнуць пазбаўленьня яе акрэдытацыі ў МЗС Беларусі. Аднак з 25 студзеня Алена ня мае акрэдытацыі, бо проста забылася яе працягнуць, і таму цяпер яе няма чаго пазбавіць. А да судовага перасьледу журналісткі беларускія ўлады не гатовыя.
МЗС Беларусі папярэдзіў, што гэты артыкул “ставіць спадарыню Данэйку ў складанае становішча і абцяжарвае яе працу як прадстаўніка СМІ ў Беларусі”. Рэальна найбольшае пакараньне, якое магчымае, — гэта адмова ў акрэдытацыі ў выпадку, калі Алена Данэйка па яе зьвернецца.
Алена Данэйка ў адказ на ўсе закіды МЗС заявіла, што ўсе факты і цытаты, якія яна прыводзіць у артыкуле, пацьвярджаюцца дыктафоннымі запісамі, таму яна не сумняецца ў іх праўдзівасьці. Падтрымліваюць Алену і ў рэдакцыі “Известий”.