Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Сёлета будуць закрытыя 9 загарадных лягероў 11:07, 28/05/2003
Сёлета ў Беларусі будуць закрытыя 9 стацыянарных загарадных лягероў. Пачынаючы з 1990 году ўжо не функцыянуе 28 такіх установаў. Пра гэта 27 траўня на сустрэчы з журналістамі ў Грамадзкім прэс-цэнтры паведаміла загадчыца аддзяленьнем гігіены дзяцей і падлеткаў Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя Ала Малахава. На яе думку, закрыцьцё "стацыянараў" – галоўная прычына таго, што арганізаванае аздараўленьне дзяцей становіцца ўсё меней эфэктыўным.
Штогод праз так званую сыстэму арганізаванага адпачынку, паведаміла Ала Малахава, праходзяць да 460 тысячаў школьнікаў. У асноўным аздараўліваюцца яны на арэндаваных плошчах у лягерох, створаных пры школах, у якіх няма такіх умоваў, як у стацыянарных загарадных. Напрыклад, летась празь недахоп фінансаваньня ў “школьных” лягерох дзеці харчаваліся толькі два разы ў дзень, ня быў арганізаваны дзённы сон. Выправіць сытуацыю Міністэрства аховы здароўя прапануе двума спосабамі: увядзеньне новых, больш жорсткіх, санітарных правілаў, мэтавае разьмеркаваньне фінансавых сродкаў, якія дзяржава выдзяляе на падрыхтоўку лягероў, сказала Малахава.
Яшчэ адна актуальная праблема -- аздараўленьне дзяцей з кранічнымі захворваньнямі. Гэтая катэгорыя дзяцей на 100 адсоткаў павінна быць ахопленая санаторна-курортным лячэньнем. На жаль, адзначыла Ала Малахава, дадзеная норма не выконваецца. Так, у Гарадзенскай вобласьці толькі 46 адсоткаў такіх дзяцей здолелі паправіць сваё здароўе ў санаторных установах. Вырашыць праблему можна шляхам арганізацыі на базе загарадных лягероў трэцяй зьмены, лічыць Ала Малахава.