Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Рух ЗУБР выказвае салідарнасьць з журналісцкім калектывам, рэдакцыяй “Белорусской деловой газеты” і “БДГ. Для служебного пользования” ў сувязі з рашэньнем Міністэрства інфармацыі аб прыпыненьні выхаду гэтых выданьняў. “Расправа над “БДГ” – частка разьвязанай рэжымам Лукашэнкі кампаніі па вынішчэньні незалежнай прэсы, якая набыла характар ідэалягічнай зачысткі, -- гаворыцца ў заяве. -- Прагнілы наскрозь рэжым апошняга дыктатара Эўропы пазбавіўся падтрымкі насельніцтва, адчувае блізкасьць краху й непазьбежнасьць пераменаў. Закрываючы апошнія зь незалежных газэтаў, закрываючы “БДГ”, гэты рэжым падпісваецца ў слабасьці й баязьлівасьці”.
Скандальную сытуацыю з прызначэньнем Міністэрствам адукацыі на пасаду дырэктара Беларускага ліцэю нікому не вядомай дырэктрысы адной зь менскіх школаў Тамары Шчэрбачэвіч, якая нават не валодае беларускай мовай, камэнтуе каардынатар грамадзянскай ініцыятывы Хартыя’97 Зьміцер Бандарэнка.
Восем кангрэсмэнаў і сэнатараў, сябраў Хэльсынскай камісіі ЗША накіравалі ліст амэрыканскаму прэзыдэнту Джорджу Бушу з заклікам абмеркаваць некаторыя пытаньні правоў чалавека з сваімі эўрапейскімі калегамі ў часе ягонага візыту ў Польшчу й Расею, які пачнецца 30 траўня 2003 году, перадае БелаПАН.
Гарвыканкам Барысаву прыняў рашэньне, якое забараняе з 1 чэрвеня рэалізацыю ў дзяржаўных прадпрыемствах гандлю пэрыядычных выданьняў і кніжнай прадукцыі без адмысловай ліцэнзіі.
Незалежнае выданьне "Новая газета Смаргоні" аднавіла свой выхад у сьвет. Пра гэта паведаміў занавальнік выданьня Рамуальд Улан. Паводле Р.Улана, аднавіць выхад стала магчымым толькі пасьля таго, як удалося знайсьці выдаўца для газэты — ім стала "адна з структураў у Лідзе, якая прасіла сябе не афішаваць, усьведамляючы, што ў ейнай дзейнасьці могуць узьнікнуць праблемы”. Р.Улан спадзяецца, што ў хуткім часе ў якасьці выдаўца газэты зможа выступіць ягоная жонка -- гаспадарчы суд Гарадзенскай вобласьці прыняў рашэньне абавязаць Смаргонскі райвыканкам зарэгістраваць жонку Р.Улана ў якасьці прыватнага прадпрымальніка, што раней выканкам рабіць адмаўляўся.
28 траўня Берасьцейскі абласны суд разглядаў справу аб ліквідацыі грамадзкага аб’яднаньня “Агенцтва рэгіянальнага разьвіцьця “Варута” (Баранавічы) і прыняў рашэньне прыпыніць яго па ўзаемнай згодзе бакоў. Істцам у справе выступае ўпраўленьне юстыцыі Берасьцейскага аблвыканкаму.
Сёньня ў Маскоўскім судзе г.Менску завяршыўся разгляд зыску заяўнікоў Народнага маршу “За лепшае жыцьцё!” Людмілы Гразновай, Уладзімера Кобеца, Андрэя Саньнікава да Менскага гарвыканкаму. Нагадаем, што Народны марш прайшоў у Менску 12 сакавіка 2003 году. Скарга на гарадзкія ўлады была выкліканая неправамоцнымі, на думку заяўнікоў, дзеяньнямі намесьніка старшыні Менгарвыканкаму М.Пятрушына, які забараніў правядзеньне акцыі пратэсту і пазбавіў тым самым тысячы грамадзянаў іх канстытуцыйных правоў. У час разгляду зыску стала вядома, што супрацоўнік гарвыканкаму Эдуард Тамільчык па ўзгадненьні з М.Пятрушыным падрыхтаваў ліст, які забараняе акцыю яшчэ 5 сакавіка сёлетнега году, а размова кіраўніцтва гораду з арганізатарамі дэманстрацыі адбылася 7 сакавіка. Арганізатараў выклікалі не для абмеркаваньня фармату акцыі, а для таго, каб уручыць папярэдне падрыхтаваны адказ. Нягледзячы на тое, што ў адказе гарвыканкаму ўтрымліваліся відавочныя супярэчнасьці (напрыклад, акцыя “За лепшае жыцьцё!” назывался мітынгам у падтрымку прадпрымальнікаў, забаранялася правядзеньне шэсьця, а не заяўленай дэманстрацыі) судзьдзя Рудніцкая Алена Барысаўна адмаўляла істцам і прызнала слушнасьць гарадзкіх уладаў.
Сустрэча прадстаўнікоў Бацькоўскага камітэту Беларускага ліцэю й новай дырэктаркі ўстановы Тамаре Шчэрбачэвіч раніцай 29 траўня была нядоўгай. Калі тры дзясяткі бацькоў увайшлі ў дырэктарскі кабінэт, спадарыня Шчэрбачэвіч сустрэла іх фразай на расейскай мове: “Доброе утро!”. І цягам усёй размовы не вымавіла па-беларуску ні слова. Новая дырэктарка БЕЛАРУСКАГА ліцэю роднай моваю не валодае.
Загадам Міністэрства адукацыі на пасаду дырэктара Беларускага гуманітарна-адукацыйнага ліцэю Якуба Коласа прызначаная Тамара Шчарбачэвіч. Гэта азначае адхіленьне ад кіраўніцтва ліцэем Уладзімера Коласа, якога разам зь іншымі можна назваць заснавальнікамі ліцэю. Новая дырэктарка раней працавала дырэктарам школы і загадчыкам мэтадычнага аддзелу і абсалютна незнаёмая з ліцэйскімі праграмамі, ліцэйскай сыстэмаю навучаньня.
«Беларусбашы» 10:37, 29/05/2003, Віктар Янін, Gzt.ru
Аляксандар Лукашэнка выступіў зь ініцыятываю забараніць кіраўнікам банкаў, канцэрнаў, асацыяцыяў іншых арганізацыяў называцца прэзыдэнтамі. Адпаведныя папраўкі заканадаўства будуць падрыхтаваныя Міністэрствам юстыцыі да 1 жніўня 2003 году. Разглядаецца таксама магчымасьць увядзеньня забароны на напісаньне слова “прэзыдэнт” з маленькай літары.
Міністэрства інфармацыі прыпыніла на тры месяцы выхад «Белорусской деловой газеты» і «БДГ. Для служебного пользования». Гэтае рашэньне міністэрства прыняла пасьля падачы Генэральнай пракуратуры Беларусі, якая рэкамэндавала неадкладна спыніць выхад газэты. Міністэрства інфармацыі спасылаецца на арт. 16 Закону аб друку; у артыкулах «Барский имидж» і «И где леоновские миллионы?» Міністэрства інфармацыі ўбачыла абразу Аляксандра Лукашэнкі. Вядома, што сёньняшні нумар «БДГ» можна будзе прачытаць толькі ў інтэрнэце (www.bdg.by). Сёньня а 10.00 адбудзецца экстранная нарада рэдакцыі «Белорусской деловой газеты». А 11.00 па выніках нарады пройдзе прэсавая канфэрэнцыя для журналістаў. Мы будзем паведамляць аб бягучых падзеях па меры паступленьня інфармацыі.
З 11-00 па менскім часе на сайце http://bdg.by/ ідзе прамая трансьляцыя прэс-канфэрэнцыі.
Чулі? Нашая краіна, аказваецца, разьвіваецца сваім, асаблівым шляхам. Аляксандар Лукашэнка, выступаючы на паседжаньні сталага сэмінару кіруючых работнікаў, яшчэ ў сакавіку 2002 году заявіў: “Так, беларуская мадэль разьвіцьця ці беларускі шлях разьвіцьця аб’ектыўна існуе. Усё, што мы сёньня маем у эканоміцы, у сацыяльнай і іншых сфэрах, вынік таго, што мы ўсе гады ішлі сваім шляхам, мы жылі сваім розумам. Мы ня чулі дактароў зь Міжнароднага валютага фонду…”
Мінус 149.000 14:17, 29/05/2003, Канстанцін Скуратовіч, «Народная воля»
Бадай, больш дакладна пра рэальны стан эканомікі можна меркаваць па тым становішчы, якое складваецца на рынку працы. А яго можна назваць складаным і яно стала пагаршаецца.
Агульная кан’юнктура рынку працы ў Беларусі працягвае заставацца “працалішкавай” – на адно свабоднае працоўнае месца прыпадае па 5 беспрацоўных. Паводле дадзеных дзяржаўнай службы занятасьці рэспублікі, на 1 красавіка сёлетнега году ўзровень беспрацоўя склаў 3,3 адсоткі да эканамічна актыўнага насельніцтва.
З 1 чэрвеня з рашэньня адміністрацыі Заводзкага раёну Менску зачыняецца рэчавы рынак на менскім стадыёне “Трактар”, хаця яшчэ 18 траўня, пасьля наведваньня сходу прадпрымальнікаў, якія гандлююць на стадыёне “Трактар”, кіраўніцтва Заводзкага раёну абяцала падоўжыць працу рынка да 1 верасьня бягучага году.
Праваахоўчымі органамі Беларусі затрыманыя асобы, якія зламілі кампутарныя сыстэмы банкаў ЗША. Хакерамі аказаліся жыхары Менску 19-ці і 18-ці гадоў. Паводле прадстаўніка беларускага МУС, зламысьленьнікі “выкралі зьвесткі, якія складалі камэрцыйную таямніцу, з мэтай іх выдаваньня”. Арыштаваныя маладыя людзі былі падпісаныя пад падпіску аб нявыезьдзе. Калі суд прызнае іх віну абодвум хакерам пагражае пазбаўленьне волі тэрмінам да двух гадоў, перадае ИТАР-ТАСС.