Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
«Беларусбашы» 10:37, 29/05/2003, Віктар Янін, Gzt.ru
Аляксандар Лукашэнка выступіў зь ініцыятываю забараніць кіраўнікам банкаў, канцэрнаў, асацыяцыяў іншых арганізацыяў называцца прэзыдэнтамі. Адпаведныя папраўкі заканадаўства будуць падрыхтаваныя Міністэрствам юстыцыі да 1 жніўня 2003 году. Разглядаецца таксама магчымасьць увядзеньня забароны на напісаньне слова “прэзыдэнт” з маленькай літары.
Паводле начальніка кіраваньня канстытуцыйнага заканадаўства, нацыянальнай бясьпекі і праваахоўчай дзейнасьці Міністэрства юстыцыі Беларусі Ганны Шпак, неабходныя папраўкі ў заканадаўства будуць падрыхтаваныя да 1 жніўня сёлетнега году: “Ідэя аб тым, што называцца прэзыдэнтам зможа толькі кіраўнік дзяржавы, належыць беларускаму прэзыдэнту, які даў адпаведнае даручэньне сваёй адміністрацыі”. Пакуль невядома, ці будзе заканадаўчай забарона на напісаньне слова “прэзыдэнт” з маленькай літары. Зараз амаль ва ўсіх газэтах пасаду Аляксандра Лукашэнкі пішуць менавіта так. Толькі орган прэзыдэнцкай адміністрацыі -- газэта “Советская Белоруссия”, -- піша “прэзыдэнт”, як і “галава дзяржавы”, зь вялікай літары.
Прэзыдэнты розных беларускіх арганізацыяў не ў захапленьні ад ініцыятывы Лукашэнкі. “Гэта вельмі благая ідэя, -- падзяліўся з ГАЗЕТОЙ пакуль яшчэ прэзыдэнт беларускага Зьвязу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа. – Справа нават не ў тым, што ўсім камэрцыйным структурам, якімі кіруюць прэзыдэнты, давядзецца ўносіць зьмены ў свае статутныя дакумэнты. А значыць, патрабуецца перарэгістрацыя. Больш непакоіць тое, што гэтая задумка ўдарыць па іміджу Беларусі. Такая безгустоўнасьць выкліча сьмех у сусьветнай супольнасьці”. У Аляксандра Патупы ёсьць і ўласная прапанова з гэтае нагоды. “На мой погляд, меней клопату будзе перайменаваць пасаду самога Аляксандра Лукашэнкі, напрыклад, у "Беларусбаши", а ўсіх астатніх прэзыдэнтаў фірмаў, канцэрнаў і гэтак далей, пакінуць у спакоі”, -- падзяліўся ён з ГАЗЕТОЙ.
Прэзыдэнт беларускай Асацыяцыі журналістаў Жана Ліцьвіна, у сваю чаргу, лічыць, што “той, хто падрыхтаваў гэты дакумэнт, прынізіў статус кіраўніка дзяржавы, калі давёў сытуацыю да абсурду”.
Раней па загаду беларускага прэзыдэнта ў заканадаўства былі ўнесеныя папраўкі, згодна якіх партыям і грамадзкім арганізацыям забаронена ў сваіх назвах ужываць словы “Беларусь”, “нацыянальны” і “народны”. Праўда, нядаўна Лукашэнка зрабіў выключэньне для Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі -- падкантрольнай яму арганізацыі. Усе астатнія арганізацыі, на думку Лукашэнкі, пакуль такога гонару ня маюць, і ім даводзіцца мудрагеліць з назвамі. Напрыклад, камуністы вымушаныя называць сябе “Партыя камуністаў беларуская”.