Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Зачыняецца рэчавы рынак на стадыёне «Трактар» 12:42, 29/05/2003
З 1 чэрвеня з рашэньня адміністрацыі Заводзкага раёну Менску зачыняецца рэчавы рынак на менскім стадыёне “Трактар”, хаця яшчэ 18 траўня, пасьля наведваньня сходу прадпрымальнікаў, якія гандлююць на стадыёне “Трактар”, кіраўніцтва Заводзкага раёну абяцала падоўжыць працу рынка да 1 верасьня бягучага году.
Паводле старшыні Рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня (РГА) “Пэрспэктыва” Анатоля Шумчанкі, намесьнік кіраўніка адміністрацыі Заводзкага раёну Алег Жогла й намесьнік начальніка ўпраўленьня Камітэту па прадпрымальніцтву Менскага гарвыканкаму Аляксандар Кудраўцаў прынялі рашэньне дазволіць жадаючым працягваць працу на стадыёне “Трактар” да 1 верасьня з адначасовым прадстаўленьнем гандлёвых месцаў на рынку, разьмешчаным па вуліцы Малініна.
“Але пратакол сустрэчы не зьяўляецца рашэньнем выканкаму, пратакол – не вырашальны, нарматыўны дакумэнт”, -- заявіла БелаПАН начальнік аддзелу паслугаў раённай адміністрацыі Наталя Цыганова. Паводле яе, ужо існуе ўзгоднены праект з зацьверджанымі тэрмінамі па добраўпарадкаваньні тэрыторыі пры стадыёне “Трактар”. Гэта вызваляе плошчы рынку ад гандлёвага абсталяваньня ў бліжэйшы час. “У сувязі з гэтым прынятае рашэньне адміністрацыі раёну аб закрыцьці рынку на стадыёне “Трактар” з 1 чэрвеня мяняцца ня будзе”, -- заявіла начальнік аддзелу.
Паводле Цыгановай, рынак першапачаткова ствараўся як часовы, бо тады ішла рэканструкцыя Камароўскага рынку, а адміністрацыя раёну прапаноўвала дастатковы выбар прадпрымальнікам “Трактара” ў выглядзе месцаў на іншых рынках, у прыватнасьці, у комплексе “Гандлёвы мір “Кальцо” і рынках на вуліцы Малініна й Галадзеда. “У тым стане, у якім зараз знаходзіцца рынак, асабліва з пункту погляду супрацьпажарнай бясьпекі, ён больш працаваць ня можа”, -- сказала Н.Цыганова.
Старшыня РГА “Пэрспэктыва” А.Шумчанка, камэнтуючы рашэньне адміністрацыі Заводзкага раёну, выказаў зьдзіўленьне ад дзеяньняў чыноўнікаў, якія парушаюць папярэднія дамоўленасьці. “Пэрспэктыва” будзе дабівацца адмены такога рашэньня, а таксама не выключае з боку прадпрымальнікаў больш радыкальных дзеяньняў”, -- заявіў А.Шумчанка.