Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
На замежнай «панэлі» беларусак становіцца болей 10:53, 02/06/2003
Праваахоўчыя органы рэспублікі фіксуюць рост колькасьці беларускіх жанчынаў, якія выяжджаюць за мяжу для занятку прастытуцыяй. Паводле дадзеных праваахоўчых органаў, рэспубліка знаходзіцца далёка не на апошнім месцы ў сьпісе тых краінаў, зь якіх актыўна вывозяць людзей з мэтай прымусовай працы (у асноўным сэксуальнай эксплюатацыі).
У інтэрвію журналістам намесьнік начальніка ўпраўленьня нораваў і незаконнага абароту наркотыкаў МУС Беларусі Мікалай Луканаў заявіў, што колькасьць людзей, якія пацярпелі ад незаконага гандлю людзьмі, стала расьце, а сама зьява “прымае пагрозьлівыя маштабы”.
Незаконны вываз беларускіх жанчын дя працы ў сфэры сэксуальных паслугаў ажыцьцяўляецца пераважна ў Вялікабрытанію, Нямеччыну, Грэцыю, Ізраіль, Гішпанію, Кіпр, Лібан, Польшчу, Расею.
Паводле дадзеных МУС, за два мінулыя гады толькі ў Маскве і Маскоўскай вобласьці за занятак прастытуцыяй было затрымана каля 1200 грамадзянак Беларусі. За гэты час з замежных краінаў за занятак прастытуцыяй было дэпартавана 112 нашых суайчыньніц.
Летась органамі ўнутраных справаў рэспублікі выяўлена й раскрыта 114 злачынстваў, зьвязаных з продажам жанчын за мяжу. Спыненая дзейнасьць 10 арганізаваных злачынных груп, якія займаюцца продажам жывога тавару. З пачатку сёлетнега году ў рэспубліцы выяўлена больш за 50 злачынстваў такога кшталту і спыненая дзейнасьць 5 арганізаваных злачынных групаў.