Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Вечарам 31 траўня трое маладых людзей зьдзейсьнілі напад на вядомага грамадзкага дзеяча, кінарэжысэра й пэдагога, аднаго з заснавальнікаў Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэю Ўладзімера Коласа.
У інтэрвію БелаПАН ён паведаміў, што прыкладна а 23 гадзіне вяртаўся дадому праз тэрыторыю стадыёну сярэдняй школы №1. Трое невядомых мужчынаў напалі на яго на неасьветленай алеі. “На шчасьце, я пачуў крокі за сьпіною і пасьпеў разьвярнуцца, вось чаму яны ня здолелі нечакана напасьці на мяне і зьбіць з ног. Я пачаў адбівацца й мужчыны вымушаныя былі зьбегчы. І толькі затым я зьвярнуў увагу на тое, што ў мяне зьнік мабільны тэлефон, што вісеў на рэмні”, - сказаў У.Колас. Паводле яго, маладыя людзі ва ўзросьце 25 гадоў дзейнічалі дастакова прафэсійна.
Пацярпелы адразу зьвярнуўся ў міліцыю. “З управы ўнутраных справаў Кастрычніцкага раёну сталіцы прыбыў патруль, і мы аб’ехалі мікрараён, аднак тых, хто нападаў, знайсьці не ўдалося”, -- сказаў У.Колас. У сувязі з здарэньнем, Уладзімер Колас 1 чэрвеня падаў заяву ў Кастрычніцкі РАУС аб распачынаньні крымінальнай справы. Паводле яго, зараз супрацоўнікі міліцыі праводзяць дзеяньні па пошуку нападалых. “Аднаго я запомніў і спадзяюся, што здолею апазнаць па фотаробату”, -- сказаў У.Колас. “Хочацца верыць, - дадаў ён, -- што тыя, хто нападаў, былі ўсё ж такі звычайнымі бандытамі”.
Разам з тым, Колас не выключае палітычнай падкладкі здарэньня. Нагадаем, што 28 траўня замест У.Коласа, аднаго з заснавальнікаў ліцэя, якім ён бязьзьменна кіраваў 12 гадоў, быў прызначаны новы дырэктар, што выклікала негатыўную рэакцыю ў выкладчыкаў, ліцэістаў і іх бацькоў. Скандальная сытуацыя вакол ліцэю не вырашана і да гэтага часу.
Рэжысэр Юры Хашчавацкі, камэнтуючы БелаПАН гэтае здарэньне, заявіў, што ў апошнія гады ў Беларусі склалася вельмі небясьпечная тэндэнцыя зьбіццья вядомых дзеячоў нацыянальнай дэмакратычнай інтэлігенцыі. “Прычым, калі ўявіць, што гэтыя напады праводзяцца выключна мясцовымі бандытамі, то прыдзецца канстатаваць, што яны ведаюць у твар вядомых дзеячоў навукі й культуры”, -- сказаў Хашчавацкі.