|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Рэзэрвацыя 14:51, 03/06/2003
Мы никогда не отдаем себе отчета в том, что жертвой, требуемой для освобождения, может оказаться само освобождение. Ли Лозовик Калі краіна пад акупацыяй агрэсара, ён высокім плотам акрэсьлівае тэрыторыю, на якой дазваляецца жыць мясцоваму насельніцтву. Плот з калючым дротам, а па кутох зазвычай усталяваныя кулямётыя вышкі. Найбольш адукаваная і неагрэсіўная частка насельніцтва ўганароўваецца тэрыторыяй без вышак. Амэрыканцы назвалі такія зоны рэзэрвацыямі; немцы, у часе Другой усясьветнай вайны, прыдумалі іншую назву – гета. Нямецкі досьвед Другой усясьветнай вайны цяперашняя беларуская ўлада засвоіла хутка. Праўда, ажыцьцявіць ідэі нацыянал-сацыялістаў хутка не атрымалася. Спатрэбілася каля сямі гадоў, каб разгарадзіць тэрыторыі, усталяваць вышкі і навучыць ахоўнікаў страляць “на сьмерць” у выпадку пабегу зьняволенага. Сёньня гэтая адказная праца завершаная, і зьняволеныя занялі свае месцы ў рэзэрвацыях. Для апазыцыйна настроеных палітыкаў і вольнадумцаў выдзялілі адмысловую плошчу зь дзіўнай для Беларусі назвай -- Бангалор. На гэтай плошчы, якая мяжуе зь пляцоўкай для выгулу сабак, разьмешчанай у пустэнным раёне, дазволена праводзіць мітынгі і нягучна крытыкаваць уладу. Іншых рэзэрвацыяў для вулічных праяваў незадаволенасьці не прадугледжана. За непадпарадкаваньне грамадзянаў, карацельныя органы пакуль не расстрэльваюць, - абмяжоўваюцца 15-сутачнымі тэрмінамі зьняволеньня. Сродкі масавай інфармацыі вытрымлівалі ціск агрэсара больш за астатніх – 9 гадоў. Але і яны былі загнаныя ў рэзэрвацыю. Прычым, калі для прадстаўнікоў журналісцкай прафэсіі спачатку хапала месца за калючым дротам, то, пасьля пэўнага часу, газэтам адвялі тэрыторыю віртуальную – інтэрнэт. Дый і тое, падобна, толькі на пэўны час. Да моманту адшукання тэхнічных магчымасьцяў устаноўкі кулямётных вышак ва ўсясьветным сеціве. Апалітычныя прадпрымальнікі апынуліся ў рэзэрвацыях толькі за тое, што іх дзейнасьць вяла да прыбытку й незалежнасьці. Адныя зь іх разьмесьціліся на стадыёнах, як чылійскія камуністы часоў рэпрэсіяў піначэтаўскай хунты, іншыя трапілі ў сутарэнні... Некаторыя -- у сутарэнні гандлёвыя, некаторыя – турэмныя. У апошні час складваецца ўражаньне, што другіх болей, бо колькасьць прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў, якія сядзяць у турме, наблізілася да дзесяцітысячнай адзнакі. Для дзяцей, арыентаваных на нацыянальную культуру й беларускую мову, была створаная рэзэрвацыя ў выглядзе Беларускага гуманітарнага ліцэю. Больш дакладна, калі ліцэй ствараўся, ён ня быў рэзэрвацыяй, -- у той час ўся беларуская адукацыя ішла па цывілізаваным шляху. Але, з часам, на гэтым шляху зьявіліся стратэгі з прэзыдэнцкай адміністрацыі, якія вырашылі ўгнаіць беларускую глебу камуна-фашыстоўскай ідэалёгіяй, замешанай на культуры глухой расейскай правінцыі. Экспэрымэнт стаўся пасьпяховым і беларуская адукацыя абмежавалася гуманітарным ліцэям. Спробы моладзі працягваць адукацыю на беларускай мове прыводзяць у іншую рэзэрвацыю -- філялягічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Там можна атрымаць адукацыю на роднай мове, праўда, калі вы трапілі на беларускае аддзяленьне філялягічнага факультэту, а не на расейскае. Улада паклапацілася і пра людзей мастацтва, якія выкарыстоўваюць у сваёй творчасьці родную мову. Для іх быў створаны мэдыя-холдынг, у які аб’ядналі ўсе літаратурныя й культуралягічныя выданьні. Так уладам стала лягчэй кантраляваць тэрыторыю й праводзіць карацельныя апэрацыі. Зараз з кулямётных вышак на беларускіх пісьменьнікаў глядзяць іх нешматлікія чытачы, а начальнік лягеру вырашае, што з напісанага годна цытаваньня на палітзанятках. Пабудова новых рэзэрвацыяў працягваецца. Уладныя вертухаі ў тры зьмены ўзводзяць кулямётныя вышкі й чапляюць паміж слупамі калючы дрот, забываючыся на элемэтарную ісьціну: калі ты ствараеш рэзэрвацыю для іншых, то, праз некаторы час, рэзэрвацыю створаць для цябе. Калі? Гэта ўсяго толькі пытаньне часу. nnnnn
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|