Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
“Якое самае страшнае злачынства зрабілі войскі Суворава на тэрыторыі ВКЛ?” Без подпісу. На пытаньне адказвае пісьменьнік Уладзімер АРЛОЎ:
Усё сваю ка’еру Аляксандар Сувораў аддана служыў жандармскай палітыцы царызму і, дарэчы, не ўдзельнічаў ні ў адной абарончай вайне. Для Расеі ён сапраўды выдатны палкаводзец, для Беларусі —перш за ўсё карацель, камандзір захопнікаў.
У 1768-1772 гг. на чале палка, а затым брыгады Сувораў ваяваў супраць войскаў Барскай канфэдэрацыі (узброенага аб’яднаньня шляхты), якая выступіла супраць прыніжальнай залежнасьці Рэчы Паспалітай ад Расеі. Перамога над канфэдэратамі была непасрэдна зьвязаная з першым падзелам дзяржаў нашых продкаў і захопам ўсходнебеларускіх зямель.
Вясной 1794 г., ужо пасьля другога падзелу, у Беларусі, Літве й Польшчы ўспыхнула паўстаньне, якое ачоліў наш суайчыньнік Тадэвуш Касьцюшка. На землях ВКЛ інсургентамі кіраваў 34-гадовы палкоўнік Якуб Ясінскі, які быў гарачым прыхільнікам ідэяй Французскай рэвалюцыі, плянаваў скасаваць прыгоннае права, пісаў па-беларуску вершаваныя праклямацыі, зьвернутыя да сялянаў.
Душыла паўстаньне рэгулярнае, загартаванае ў захопніцкіх паходах, расейскае войска. У гэтай татальнай карацельнай экспэдыцыі асабліва адрозьніваўся А.Сувораў. У верасьні 1794 году ягоным войскам удалося разьбіць атрад паўстанцаў генэрала Ю.Серакоўскага ля вёскі Дзівін, быў захоплены Кобрын. Каля вёскі Крупчыцы пад Кобрынам войскам Суворава супрацьстаялі дзьве тысячы беларускіх сялянаў-касінэраў. І амаль усе яны загінулі.
Пасьля бітвы, якая адбылася паміж Берасьцем і Тэрэспалем адкрывалася дарога на Варшаву. У пачатку лістапада жаўнеры Суворава штурмам узялі прадмесьце польскай сталіцы – Прагу, дзе карацелі ўстроілі жахлівую разьню. Пры абароне Варшавы загінулі Якуб Ясінскі й сотні паўстанцаў-беларусаў. У 1795 годзе адбыўся трэці падзел Рэчы Паспалітай, у выніку чаго яна зьнікла з палітычнае мапы Эўропы.
За крывавыя подзьвігі ў 1794 г. Кацярына II падаравала Сувораву Кобрынскую воласьць і іншыя беларускія землі з 13.279 душами "мужеска полу", па якіх вёўся ўлік прыгонных сялянаў.
Пройдзе час і пазбаўленыя гістарычнае памяці, а, значыць, і нацыянальнай годнасьці нашчадкі паўстанцаў будуць як належнае ўспрымаць тое, што імя Суворава носяць у Беларусі каля 60 вуліц у гарадох і мястэчак, а таксама 32 калгасы, не кажучы ўжо пра сувораўскую вучэльню й Кобрынскі музэй.
Зробленыя дзесяць гадоў таму падлікі да цяпершняга часу, як ні шкада, зьмяніліся вельмі нязначна. (Вуліцы, названаыя ў гонар Касьцюшкі, у нас па-ранейшаму можна пералічыць па пальцах адной рукі). Усё гэта - не што іншае, як праявы каланіяльнае сьвядомасьці і нашых чыноўнікаў, і шэраговых грамадзянаў, якія спакойна пазіраюць на кветкі ля двух усталяваных у Беларусі помнікаў Сувораву і ня чулі аб паўстанцах Ясінскага, у шэрагах якіх за свабоду, а, значыць, і за незалежную будучыню роднай зямлі, змагаліся нашыя прадзеды.