Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
«Трэці сэктар» ратуецца ад дзяржавы 11:14, 06/06/2003, Генадзь Кесьнэр, Радыё Рацыя
Прадстаўнікі недзяржаўных арганізацыяў Беларусі зьвярнуліся да замежных дыпляматычных прадстаўніцтваў, акрэдытаваных у нашай краіне, з заклікам аказаць праз свае ўрады ўплыў на беларускае кіраўніцтва, якое пачало сапраўдную вайну супраць "трэцяга сэктару". Пра гэта было заяўлена ў чацьвер у часе сустрэчы кіраўнікоў буйнейшых недзяржаўных арганізацыяў Беларусі з замежнымі дыпляматамі. Лідэры НДА распавялі пра той цяжкі стан, у якім апынуліся недзяржаўныя арганізацыі нашае краіны сёньня.
5 чэрвеня кіраўнікі арганізацыяў "трэцяга сэктару" сустрэліся з прадстаўнікамі дыпляматычных місіяў, акрэдытаваных у Беларусі. Мэтаю сустрэчы было азнаёміць замежных дыпляматаў з тым цяжкім станам, у якім сёньня апынуліся недзяржаўныя дэмакратычныя арганізацыі.
- Мы хацелі праінфармаваць пра тую складаную сытуацыю, якая склалася вакол няўрадавых арганізацыяў з прычыны зыскаў, пададзеных на зьліквідаваньне менавіта буйных гэтых арганізацыяў і хацелі зьвярнуцца да ўрадаў краінаў, да міжнароднай супольнасьці, да тых амбасадаў, якія разьмешчаныя ў Беларусі, з просьбаю зьвярнуць асаблівую ўвагу на парушэньні правоў асацыяцыяў, арганізацыяў, якія зараз адбываюцца ў Беларусі. Таксама наступная нашая ініцыятыва - мы зьвярнуліся да Офісу АБСЭ ў Беларусі з прапановаю наладзіць канструктыўны дыялёг паміж няўрадавымі арганізацыямі й уладамі, у прыватнасьці, зь Міністэрствам юстыцыі па сытуацыі з закрыцьцём няўрадавых арганізацыяў, з такой "зачысткай" "трэцяга сэктару" ў Беларусі, -- заявіў кіраўнік працоўнае групы Асамблеі дэмакратычных недзяржаўных арганізацыяў Алесь Бяляцкі.
Спроба наладзіць дыялёг з уладамі з дапамогаю місіі АБСЭ на чале з амбасадарам Вікам ужо была некалькі гадоў таму. Як вядома, тая спроба скончылася поўным правалам. Цяперашняя спроба наладзіць дыялёг, зь меркаваньня Алеся Бяляцкага, можа мець іншыя вынікі, бо ў ім маюць браць удзел іншыя суб`екты.
- Я лічу, што тут дастаткова іншы фармат у параўнаньні з тым, што было раней, бо зараз у дыялёгу выступаюць не палітычныя партыі, а грамадзкія, няўрадавыя арганізацыі. Мы ёсьць пакуль яшчэ легальнымі чыньнікамі нашага жыцьця, мы зарэгістраваныя арганізацыі, мы актыўна працуем з грамадзтвам, я думаю, што й у інтарэсах уладаў таксама паўдзельнічаць у гэтым дыялёгу.
Што тычыцца ўсё ж такі забароны арганізацыяў уладамі, нерэгістрацыі іх, то тут, на думку Алеся Бяляцкага, праблемаў больш узьнікае ў саміх уладаў, чымся ў арганізацыяў "трэцяга сэктару".
- Я ня думаю, што гэтыя закрыцьці ёсьць нейкім пазытывам для ўладаў. Бо я ўпэўнены: тыя людзі, што працуюць у гэтых няўрадавых арганізацыях, яны й надалей будуць працягваць сваю працу. Іншая справа, што рэгістрацыя арганізацыі дае магчымасьць Міністэрству юстыцыі, уладам мець нейкі легальны кантакт з гэтымі арганізацыямі. Ніхто ня можа забараніць мне рабіць тое, што я раблю зараз, але без рэгістрацыі. Улады губляюць гэты шанец. Тут зноў жа ж узьнікае праблема, якую мы перажылі на пачатку 90-х гадоў, калі ў нас некалькі сотняў няўрадавых арганізацыяў, як іх тады называлі, нефармальных арганізацыяў працавалі як незарэгістраваныя арганізацыі аж да прыняцьця закону аб няўрадавых арганізацыях. Пасьля гэтага сытуацыя ўнармавалася, але сёньня мы зноў бачым, што амаль палова гэтых арганізацыяў працуе без усялякага кантакту зь Мінюстам, з уладамі, і гэта ёсьць, я лічу, таксама вельмі вялікай праблемай саміх уладаў.
Тым часам, пачынаецца новая хваля праверак недзяржаўных арганізацыяў, якіх улады пакуль яшчэ не чапалі. А найбліжэйшым часам мусіць быць вырашаны лёс Моладзевага хрысьціянска-сацыяльнага саюзу, справу аб закрыцьці якога ўжо некалькі дзён разглядае Вярхоўны суд.