Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
5 чэрвеня “палата прадстаўнікоў” прыняла ў першым чытаньні зьмены й дапаўненьні ў закон “Аб апэратыўна-вышукной дзейнасьці”. Дадзены законапраект, паведаміў першы намесьнік міністра ўнутраных справаў Барыс Тарлецкі, закліканы ліквідаваць прабелы, якія выявіліся ў час прымяненьня дадзенага закону. Папраўкі, паводле ягоных словаў, дазволяць “больш шырока й поўна рэалізоўваць патэнцыял правядзеньня апэратыўна-вышукных мерапрыемстваў”, перадае БелаПАН.
У законапраекце ўказваецца на значнасьць інфармацыі, атрыманай у час апэратыўна-вышукной дзейнасьці. У прыватнасьці, указваецца, што крыніцамі інфармацыі могуць быць як юрыдычныя, так і фізычныя асобы. Прадугледжана ня толькі візуальнае назіраньне але і выкарыстаньне сучасных тэхнічных сродкаў, што, на думку Б.Тарлецкага, дазволіць пашырыць магчымасьці ажыцьцяўленьня апэратыўна-вышукной дзейнасьці й фіксацыі важнай інфармацыі.
У час апэратыўна-вышукной дзейнасьці, адзначыў Тарлецкі, дапускаюцца ня толькі праслухоўваньне тэлефона, але й зьняцьце інфармацыі з іншых сродкаў і каналаў сувязі грамадзянаў, якія далі на гэта згоду ў сувязі з пагрозамі іх жыцьцю, здароўю ці ўласнасьці. Апрача гэтага, у законапраект уносіцца норма, згодна якой апэратыўна-вышукныя мерапрыемствы па праверцы зьвестак аб плянаваньні або падрыхтоўцы злачынстваў супраць дзяржавы, бясьпекі чалавецтва могуць ажыцьцяўляцца ў тэрмін да пяці гадоў. Да двух гадоў павялічаны тэрмін ажыцьцяўленьня апэратыўна-вышукных мерапрыемстваў па праверцы зьвестак аб злачынных групах ці злачынных арганізацыях і іх дзейнасьці, а таксама аб фактах карупцыі, якія закранаюць правы й законныя інтарэсы грамадзянаў. Апрача гэтага адзначыў Барыс Тарлецкі, надзяленьне правам санкцыянаваньня правядзеньня апэратыўна-вышукных мерапрыемстваў ня толькі пракурора, але й ягоных намесьнікаў, дазволіць падвысіць своечасовасьць іх ажыцьцяўленьня.