Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Надзвычайная сытуацыя са свабодай слова 10:42, 09/06/2003, фотa IREX/Promedia
Надзвычайная сытуацыя зь незалежнымі сродкамі масавай інфармацыі склалася ў Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў адмысловай заяве зьезду Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), што прайшоў у пятніцу ў Менску. Як лічаць беларускія журналісты, «перасьлед незалежных СМІ выйшаў за рамкі дзейных законаў і набыў характар палітычных рэпрэсіяў». У асобе незалежных журналістаў улады Беларусі шукаюць новых «ворагаў народа», заявілі яны.
На зьезьдзе адзначалася, што палітыка дыскрымінацыі й ўмяшальніцтва беларускіх чыноўнікаў у працу рэдакцыяў прывялі ў 2002-2003 гадох да закрыцьця й прыпыненьня дзейнасьці больш чым 15 газэтаў. “Раскручваецца махавік крымінальнага перасьледу журналістаў, якія асьмеліліся крытыкаваць кіраўніка дзяржавы і іншых прадстаўнікоў улады, -- адзначаецца ў дакумэнце. -- Вынясеньне папярэджаньняў газэтам на аснове парушэньня артыкула 5 Закону аб друку набывае сэрыйны характар”. Зьезд нагадаў аб нядаўнім прыпыненьні выпуску ў краіне такіх выданьняў, як “Белорусская деловая газета”, “БДГ. Для служебного пользования”, “Эхо”.
У выніку, як лічаць сябры БАЖ, у Беларусі парушаецца канстытуцыйнае права грамадзянаў атрымоўваць і распаўсюджваць “усебаковую і аб’ектыўную інфармацыю”. Згодна паведамленьню ІА “Росбалт”, зьезд запатрабаваў ад уладаў зьняцьця забароны на выпуск у Беларусі незалежных СМІ, спыненьня рэпрэсіяў супраць выданьняў і журналістаў, іх крымінальнага перасьледу.
“Нават ва ўмовах самага жорсткага прэсінгу БАЖ будзе і надалей абараняць свабоду слова, права кожнага грамадзяніна атрымоўваць і распаўсюджваць інфармацыю, а таксама будзе настойваць на ўдасканаленьні заканадаўства аб СМІ і адстойваць прафэсійныя інтарэсы сваіх сяброў”, -- гаворыцца ў заяве зьезда.