Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Рэгістрацыя СМІ будзе каштаваць грошай 10:55, 09/06/2003
Рэгістрацыя пэрыядычнага друкаванага выданьня ў Беларусі будзе каштаваць каля 350 тыс. беларускіх рублёў, рэгістрацыя агульнарэспубліканскай радыё-ці тэлепраграмы – каля 14 млн. рублёў. Як паведамілі РІА “Новости” ў амбасадзе Беларусі ў Маскве, пастанову аб упарадкаваньні памераў і парадку спагнаньня збору за рэгістрацыю СМІ прыняў урад рэспублікі.
Зараз за атрыманьне пасьведчаньня аб рэгістрацыі пэрыядычных выданьняў, кіна- і відэапраграмаў трэба заплаціць 25 так званых “базавых велічыняў”. Адна “базавая велічыня” складае сёньня 14 тыс. рублёў.
Пасьведчаньне аб рэгістрацыі выданьняў для дзяцей, падлеткаў і інвалідаў, а таксама праграмы адукацыйна-пазнавальнага й культурна-асьветніцкага прызначэньня будзе каштаваць 15 “базавых велічыняў” (210 тыс. рублёў).
У пяць разоў болей (каля 1 млн. 50 тыс.рублёў) трэба заплаціць за рэгістрацыю газэт і часопісаў, кіна- і відэапраграмаў рэклямнага і эратычнага зьместу.
Рэгістрацыйны збор за радыё- і тэлепраграмы, якія распаўсюджваюцца па ўсёй тэрыторыі краіны, складзе 1000 “базавых велічыняў” (14 млн. рублёў), за праграмы, якія ахопліваюць толькі Менск і вобласьць, - удвая меней (7 млн. рублёў). Рэгістрацыя СМІ, якія вяшчаюць на абласныя цэнтры, будзе каштаваць 400 “базавых велічыняў” (5 млн. 600 тыс. рублёў). На адміністратыўныя раёны -- 300 “базавых велічыняў” (4 млн. 200 тыс. рублёў). У межах аднаго населенага пункту – 200 “базавых велічыняў” (2 млн. 800 тыс. руб.).
За рэгістрацыю радыё- ці тэлепраграмаў для дзяцей і падлеткаў патрабуецца заплаціць 10 адсоткаў ад згаданых нормаў. Аднак у пастанове падкрэсьліваецца, што дзіцячая й падлеткавая тэматыка ў такіх выданьнях і праграмах павінна складаць ня менш за 90 адсоткаў ад аб’ёму асобнага выпуску праграмы.
Для праграмаў рэклямнага і эратычнага зьместу сума рэгістрацыйнага збору павялічваецца ў тры разы.
Акрамя таго, у адпаведнасьці з пастановаю, калі СМІ мяняюць мову, пэрыядычнасьць выпуску, тэрыторыю распаўсюду, тэматыку свайго выданьня ці праграмы, а таксама месцазнаходжаньне рэдакцыі, то спаганяецца збор у памеры 5 базавых велічыняў”.