Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Рэцыдывы менінгіту назіраюцца ў Горадні 10:50, 12/06/2003
У інфэкцыйную лякарню Горадні дастаўлены двое дзетак, якія нядаўна прайшлі курс лекаваньня ад “сярознага менінгіту”. Пра гэта ОНТ паведамілі гарадзенскія мэдыкі. У пачатку траўня ў Горадні быў зарэгістраваны выбух захворваньня на менінгіт. Цягам месяца з падозраньнем на гэтае захворваньне ў абласную інфэкцыйную лякарню было шпіталізавана больш за 200 чалавек. У ліку хворых у асноўным дзеці ва ўзросьце ад 2 да 14 гадоў.
Паводле гарадзенскіх мэдыкаў, абодвум малагадовым пацыэнтам пастаўлены папярэдні дыягназ – “востравіруснае рэсьпіраторнае захворваньне”. Аднак не выключаецца магчымасьць паўторнага заражэньня дзяцей менінгітам. Такія прэцэдэнты неаднаразова былі ў час выбухаў гэтага захворваньня ў Віцебску й Гомелі.
Паводле інфэкцыяністаў, сытуацыя ўскладняецца тым, што ў Горадні да цяперашняга часу так і ня знойдзеная крыніца распаўсюду інфэкцыі. Гэта робіць магчымымі выпадкі паўторнага захворваньня.
У гэтай сувязі галоўны доктар Гарадзенскай абласной інфэкцыйнай лякарні Аляксандар Хільмановіч выказаў меркаваньне, што паўторнае захворваньне “зьвязанае з паніжаным імунітэтам арганізму дзяцей. За час хваробы ў хворых не сфармаваўся імунітэт. Таму пры якіх-небудзь неспрыяльных умовах, якімі могуць быць пераахалоджаньне ці стрэс, магчымае і паўторнае захворваньне”.