Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Намесьнік старшыні Партыі БНФ «Адраджэньне», прафэсар Юры Хадыка арыштаваны сёньня раніцай. Пра гэта прэс-цэнтру Хартыі паведаміў ягоны сын Канстанцін Хадыка. Палітыка затрымлівалі людзі ў штацкім, без прад’яўленьня аніякіх дакумэнтаў. Юры Хадыку выцягнулі сілком з асабістага аўтамабілю і груба запіхнулі ў іншую машыну й зьвезьлі. Пры гэтым захопнікі паведамілі, што вязуць прафэсара ў РАУС і суд Савецкага раёну Менску. Сын Юры Хадыкі ахарактарызаваў напад на бацьку як «бындыцкі».
Нагадаем, што 19 траўня намесьнік старшыні БНФ Юры Хадыка быў асуджаны да 15 сутак арышту завочна. Юрыя Хадыку абвінавацілі ў арганізацыі Народнага маршу “За лепшае жыцьцё!”, які прайшоў у Менску 12 сакавіка.
У першы раз палітыка затрымалі напярэдадні Дня Волі й адвезьлі ў аддзел міліцыі Савецкага раёну. У судзе высьветлілася, што міліцыянты няправільна склалі пратакол. Судзьдзя Руслан Казадаеў накіраваў справу на дапрацоўку, а Юры Хадыку даручыў прыйсьці праз некалькі гадзінаў. Прафэсар выкарыстаў гэтую магчымасьць і ў суд не прыйшоў. Амаль празь месяц судзьдзя Казадаеў разгледзіў справу ў адсутнасьць Юрыя Хадыкі й вынес пастанову – арышт на 15 сутак.
За арганізацыю Народнага маршу “За лепшае жыцьцё!” да 15 сутак арышту былі таксама асуджаныя каардынатары грамадзянскай ініцыятывы Хартыя’97 Людміла Гразнова, Зьміцер Бандарэнка, Андрэй Саньнікаў, а таксама лідэры прадпрымальніцкіх структураў – Леанід Малахаў (РГА “Прыватная ўласнасьць”) і Валеры Леванеўскі (Страйкам прадпрымальнікаў РБ).