Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Ад турмы зараз можна адкупіцца? 12:28, 16/06/2003, «Время новостей»
Новая ініцыятыва Аляксандра Лукашэнкі дазволіць адным разам вырашыць дзьве праблемы -- разгрузіць перапоўненыя турмы рэспублікі й папоўніць бюджэт. Днямі міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў атрымаў ад кіраўніка дзяржавы даручэньне падрыхтаваць праект указу аб вызваленьні ад крымінальнай адказнасьці грамадзянаў, якія зрабілі эканамічныя злачынствы, калі яны з працэнтамі вернуць сродкі, атрыманыя незаконным шляхам.
Як паведамляе прэс-служба прэзыдэнта, такое рашэньне Лукашэнка прыняў “па выніках аналізу расьсьледаваньня злачынстваў і па выніках асабістага наведваньня месцаў пазбаўленьня волі”. Пра цяжкія ўмовы ўтрыманьня зьняволеных цягам апошніх гадоў казалі ня толькі прадстаўнікі праваабарончых арганізацыяў, але й дзяржаўныя чыноўнікі. Крымінальнае заканадаўства рэспублікі прадугледжвае пазбаўленьне волі за многія злачынствы, якія ў сусьветнай практыцы караюцца больш мякка – напрыклад, штрафамі. Перанаселенасьць беларускіх пенітэнцыярных установаў робіць іх крыніцамі распаўсюду небясьпечных захворваньняў, такіх, як сухоты.
Іншай прычынай заплянаваных зьменаў заканадаўства маглі стаць бюджэтныя праблемы. Даходную частку беларускага бюджэту на бягучы год прапануецца сур’ёзна скараціць у сувязі з тым, што конкурсы па продажу акцыяў нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў сарваліся й грошы ад іх прыватызацыі не паступілі ў бюджэт. Сёньня ўрад шукае спосабы не скарачаць расходную частку бюджэту.
У мінулым беларускія ўлады выкарыстоўвалі абвінавачваньні ў эканамічных злачынствах супраць палітычных апанэнтаў. Па абвінавачваньнях у эканамічных злачынствах былі асуджаныя былы прэм’ер Міхаіл Чыгір і дэпутат Вярхоўнага Савету 13-скліканьня Андрэй Клімаў, які ў 1996 годзе падпісаўся за імпічмэнт прэзыдэнту.