Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
«Салідарнасць» не друкуюць 11:01, 17/06/2003, БАЖ, фотa IREX/Promedia
Паліграфічнае РУП «Красная звезда» на гэтым тыдні зноў адмаўляецца друкаваць газэту «Салідарнасць». У той жа час, супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнага кантролю й Міністэрства інфармацыі скончылі праверку фінансава-гаспадарчай дзейнасьці рэдакцыі. Інспэктары прыпісваюць «Салідарнасці» шэраг парушэньняў, якія могуць пацягнуць за сабой буйныя штрафныя санкцыі.
Пра адмову друкарні "Красная звезда" множыць газэту "Салідарнасць" галоўны рэдактар выданьня А. Старыкевіч даведаўся 16-га чэрвеня. Кіраўніцтва "Красной звезды" спасылаецца на няспраўнасьць друкарскага абсталяваньня, хаця ў пятніцу А. Старыкевіч атрымаў ад галоўнага інжынэра, выканаўца абавязкаў дырэктара друкарні, пісьмовую згоду на выпуск газэты ў гэтую сераду.
Між тым, 13-га чэрвеня ўвечары скончылася праверка фінансава-гаспадарчай дзейнасьці рэдакцыі ў Салігорску. Па выніках праверкі інспэктары склалі акт, у якім зафіксавалі шэраг парушэньняў працоўнага заканадаўства, а таксама Міждзяржаўнага стандарту ГОСТ (адсутнасьць зьвестак пра год, месяц і дату заснаваньня газэты, а таксама дадзеных пра аб`ём выданьня ў друкаваных лістах). Згодна з тэкстам акту праверкі, штраф за апошняе парушэньне можа скласьці для "Салідарнасці" больш за 4 млн. рублёў.
"Я, калі прачытаў пра ГОСТ і пра меру пакараньня за яго парушэньне, нават крыху разгубіўся, - зазначыў А. Старыкевіч прэс-службе БАЖ. - Я папрасіў прадстаўніка Міністэрства інфармацыі паказаць, дзе гэтыя зьвесткі ўказаныя ў газэце "Cоветская Белоруссия", на што той толькі развёў рукамі... Сумняюся, што ў Беларусі існуе хаця б адна газэта, якая цалкам выконвала б гэтыя патрабаваньні".
Акт праверкі падпісалі галоўныя адмыслоўцы Камітэту дзяржкантролю П.М. Крэмень, Э.С. Грыво, а таксама начальнік галоўнага інфармацыйна-аналітычнага ўпраўленьня Міністэрства інфармацыі В.В. Матусевіч і галоўны юрысконсульт міністэрства А.Н. Лухверчык. З боку рэдакцыі пад актам паставілі свае подпісы галоўны рэдактар А. А. Старыкевіч і галоўны бухгальтар выданьня А. А. Фядуковіч, якія заявілі сваю нязгоду з дакумэнтам і паабяцалі прадаставіць пісьмовыя пярэчаньні напрацягу пяці дзён.
Да ўдзелу ў працэдуры падпісаньня акту ня быў дапушчаны юрыст Цэнтру прававой дапамогі СМІ пры БАЖ А. Бастунец; тым самым прадстаўнікоў рэдакцыі пазбавілі права на юрыдычную падтрымку ў гэты момант.