Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Адзіная валюта пад пытаньнем 13:11, 17/06/2003, Вольга Мазаева, «Независимая газета»
У Менску ўжо чатыры дні ідзе абмеркаваньне прынцыпаў працы эмісійнага цэнтру “саюзнае дзяржавы”. Пры гэтым яснасьці няма. У канцы мінулага тыдня пасьля тэлефоннай размовы Пуціна з Лукашэнкам і візыту ў Менск міністра фінансаў Расеі Аляксея Кудрына зьявілася інфармацыя, што ня будзе ніякай міжбанкаўскай рады, на чым раней настойваў афіцыйны Менск. Два прадстаўнікі Нацбанку Беларусі ўвойдуць у склад ЦБР Расеі, і гэтым паўнамоцтвы беларускага боку абмяжуюцца. Аднак учора на прэс-канфэрэнцыі намесьнік кіраваньня Нацбанку Ўладзімер Сянько абверг гэтую інфармацыю і заявіў, што “дамоўленасьць аб увядзеньні расейскага рубля з студзеня 2005 году яшчэ канчаткова непрапрацаваная”.
Між тым беларускія экспэрты адзначаюць, што такі плацёжны сродак наўрадці зможа зьявіцца на тэрыторыі краіны, бо патрабуецца ўносіць праўкі ў Канстытуцыю й праводзіць рэфэрэндум. Праўда, спадар Сянько адказаў на гэта, што пагадненьне аб увядзеньні расейскага рубля азначае толькі гатоўнасьць Беларусі прызнаць расейскі рубель у якасьці плацёжнага сродку, а не новай валюты. Наагул Уладзімер Сянько вельмі неахвотна адказваў на пытаньні журналістаў адносна ўвядзеньня расейскага рубля і адрасаваў іх да кіраўніка беларускага Нацбанку Пятра Пракаповіча -- менавіта гэты чалавек вёў перамовы з расейцамі. Між тым пагадненьне аб увядзеньні расейскага рубля як адзінага плацёжнага сродку на тэрыторыі Беларусі не паступала яшчэ на разгляд урадаў абедзьвюх краінаў. У кулуарах увогуле выказваецца маса сумневаў адносна магчымасьці ўвядзеньня расейскага рубля – мноства супярэчнасьцяў і недагаворак вакол гэтага пытаньня ўказваюць хутчэй на чарговы цыкл палітычных інтрыгаў, чым жаданьне Масквы й Менску дамовіцца.