Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Імідж - усё! 12:14, 19/06/2003, Алесь Хмяльніцкі, Радыё Рацыя
Будаўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі выконваюць загад прэзыдэнта: пабудаваць аб`ект да 1 ліпеня 2005 году, за 32 месяцы. Тэхнічна складаны аб`ект, якім ёсьць новы будынак бібліятэкі, патрабуе ў якасьці нарматыву 71 месяц. Праз гэта праца вядзецца 24 гадзіны ў суткі, без сьвятаў і выхадных.
За 7 месяцаў будаўніцтва новай Нацыянальнай бібліятэкі будаўнікі завяршаюць узьвядзеньне падмурка. І толькі цяпер прыйшло разуменьне, што задача перад будаўнікамі пастаўленая на мяжы магчымага. Зрэшты, й пачатак будаўніцтва быў неаптымістычным.
Як зазначыла галоўны інжынэр праекту Людміла Шохіна, будаўніцтва пачалося фактычна без патрэбных дакумэнтаў:
- Я мела гутарку з прэзыдэнтам і сказала, што мы маем толькі архітэктурны праект, па якім нідзе не будуюць, мы павінныя мець працоўную дакумэнтацыю. Мы пачалі будоўлю практычна без праекту. На гэта быў адказ: патрэбна зрабіць усё магчымае, каб працаваць паралельна й пастарацца ўкласьціся ў гэтыя тэрміны. Але я думаю, можа й мала было вынесена на абмеркаваньне кіраўніцтва краіны гэтага праекту, ніхто, акрамя праектоўцаў, не адчуў найскладаны характар будоўлі. Асабліва гэтая складанасьць праявілася, калі мы пачалі рабіць працоўную дакумэнтацыю.
У гутарках з праектоўцамі ды будаўнікамі прэм`ер-міністар Беларусі Генадзь Навіцкі апеляваў да таго, што ў Эўропе будуюць "з аркуша", без шматмесяцавай падрыхтоўкі. Аднак у нашым выпадку маем справу зь нестандартным праектам, калі на "сьцябліне", дзе разьмесьцяцца асноўныя залы, патрэбна будзе надзейна замацаваць "шар"- кнігасховішча.
Працоўную дакумэнтацыю на буданак Нацыянальнай бібліятэкі робяць паралельна з уласна будоўляй. Абмежаваньні па часе маюць ня толькі будаўнікі, але й праектоўцы, - цьвердзіць Л. Шохіна.
- Відаць, цяпер усе пачынаюць разумець складанасьць сітуацыі. Моцна абмежваныя ўсе тэрміны, у тым ліку - будаўніцтва. 71 месяц - гэта нарматыў, у якім закладзеныя ўсе нарматывы будаўніцтва, што мы мусім выконваць. Цяпер на хаду пераглядаюцца многія пазыцыі. Праектоўцы працуюць па 12 гадзін штодня без адпачынку. У будаўнікоў сітуацыя яшчэ больш складаная - яны працуюць усе 24 гадзіны.
Будаўнікоў, зразумела, клапоціць якасьць канструкцыі, праектоўцаў - яе функцыянальнасьць і бясьпека. А каго цікавіць патрэба такога велічнага й пампезнага будынку ў пару інфармацыйных тэхналёгій ды інтэрнэту? Якой павінная быць Нацыянальная бібліятэка - адказвае Раман Матульскі, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь.
- Калі грамадзтва жадае будаваць сваю дзейнасьць на інфармацыйнай аснове, то чым больш - тым лепш. Аб`ём нацыянальнага дакумэнту ў кожнай бібліятэцы - нязначны, асноўную частку займаюць замежныя дакумэнты. Гаворка йдзе пра тое, колькі мы хочам узяць ад астатняга сьвету. 14 млн. дакумэнтаў, на якія разьлічаны новы будынак - гэта ўмоўна. Зразумела, іх шмат будзе ў электронным выглядзе, але адзін экзэмпляр мы павінныя мець на паперы.
Праектны кошт бібліятэкі - 203 млрд. беларускіх рублёў. Як зазначыў кіраўнік дырэкцыі па ўзьвядзеньні будынку Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Анатоль Котаў, падчас будаўніцтва магчымая карэктыроўка сумы ў бок яе павелічэньня.