Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У Кангрэсе ЗША прайшоў дзень Беларусі 10:54, 19/06/2003
Прадстаўнікі беларускіх арганізацый дыяспары Злучаных Штатаў сустракаліся са сваімі кангрэсмэнамі і супрацоўнікамі іхных адміністрацый. Галоўнай мэтай сустрэчаў было пераканаць заканадаўцаў галасаваць за прыняцьцё Акту аб дэмакратыі ў Беларусі і навязаць больш шчыльныя кантакты для будучага лабіраваньня.
Сама ідэя арганізацыі дня Беларусі ў Кангрэсе ЗША дзеля лябіраваньня прыняцьця Акту аб дэмакратыі ў Беларусі нарадзілася падчас сустрэчы беларусаў з штату Агаё зь мясцовым кангрэсмэнам Стывэнам Латарэтам. Кангрэсмэн нават прапанаваў дапамогу сваіх супрацоўнікаў у гэтай справе. У выніку беларускія арганізацыі мабілізавалі прадстаўнікоў ад трох штатаў з найбольшай канцэнтрацыяй беларусаў – Нью-Ёрку, Нью-Джэрзі ды Агаё – і прыехалі ў Вашынгтон з праграмай сустрэчаў і мэмарандумам. Дэлегацыя ад беларускіх арганізацый складалася з 11 чалавек.
Кожнаму прадстаўніку быў перададзены праект Мэмарандуму, які закранаў два асноўныя аспэкты дапамогі разьвіцьцю дэмакратыі ў Беларусі: 1) дапамога беларускім нацыянальным апазыцыйным сілам, незалежным мас-мэдыям і недзяржаўным структурам і 2) засьцярога перад пасярэдніцтвам Расеі ў беларускіх сувэрэнных справах.
Канкрэтныя вынікі сустрэчаў з кангрэсмэнамі Радые Свабода папрасіла пракамэнтаваць старшыню Нью-Ёркскага аддзелу Беларуска-Амэрыканскага задзіночаньня Віталя Зайку: “Усе кангрэсмэны, з кім былі сустрэчы, выказалі зацікаўленасьць у тым, каб усталяваць дэмакратыю ў Беларусі, узмацніць незалежнасьць. Яны заявілі, што калі будзе галасаваньне пра “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” ў Кангрэсе, яны будуць галасаваць за гэты законапраект, каб ён зрабіўся законам. Вось гэта – асноўная мэта беларускай грамады. Гэта толькі пачатак. Мы правядзем яшчэ шэраг такіх акцыяў, абыдзем іншых кангрэсмэнаў, якія яшчэ не далучыліся да падтрымкі “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі” і будзем падтрымліваць кантакты з кангрэсмэнамі, зь якімі мы цяпер навязалі сувязь”.
Віталь Зайка таксама сказаў, што беларускія арганізацыі плянуюць на бліжэйшую будучыню падобныя сустрэчы ў Сэнаце ЗША.