Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Акцыя ў абарону Беларускага ліцэю 13:22, 19/06/2003, фотa IREX/Promedia
Больш за сто чалавек сабраліся сёньня раніцай ля будынку Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа. Большасьць зь іх – навучэнцы беларускамоўнай установы. Падтрымаць ліцэістаў прыйшлі іх бацькі, настаўнікі, а таксама каля дзесяці актывістаў руху ЗУБР. Усе былі абураныя прызначэньнем Тацяны Шчэрбачэвіч дырэктаркай ліцэю.
Пасля кароткіх прамоваў ліцэісты ўзялі плякаты, мапы, падручнікі і пайшлі ў накірунку Кастрычніцкай плошчы. Але выхад на вуліцу Кірава ўжо быў перакрыты АМАПам. Калёна адразу разьвярнулася і праз двары выйшла на праспэкт Скарыны. Па праспэкту калёна рушыла да Кастрычніцкай плошчы. Тут ліцэісты, а таксама іншыя ўдзельнікі акцыі, сталі ў ланцуг, разгарнулі плякаты са словамі “Я люблю ліцэй” на розных мовах і пачалі сьпяваць гімн навучэнцаў Gaudeamus. Некалькі чалавек трымалі ў руках Канстытуцыю, якая гарантуе ім права на адукацыю на роднай мове. Актывісты ЗУБРа ў гэты час раздавалі мінакам ўлёткі з інфармацыяй аб сытуацыі, якая склалася вакол ліцэю.
Адразу да месца акцыі пачалі сьцягвацца АМАПаўцы і людзі ў цывільным. Міліцыянты падыходзілі да ўдзельнікаў пікету і патрабавалі згарнуць лёзунгі і разыйсціся, але ніхто не зважаў на іх патрабаваньні. Прыкладна праз гадзіну ліцэісты разам з плякатамі сталі ў калёну й пайшлі назад у ліцэй. На працягу ўсяго шляху калёну суправаджалі людзі ў цывільным і нешта актыўна абмяркоўвалі па рацыях.
Пасля гэтага ўсе ўдзельнікі акцыі былі запрошаныя ў актавую залю ліцэю, дзе было вырашана сабрацца тут жа на наступны дзень, 20 чэрвеня а 15.40.