Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Бацькоў ліцэістаў прынялі ў адміністрацыі прэзыдэнта 13:12, 20/06/2003
19 чэрвеня ў адміністрацыі прэзыдэнта прынялі бацькоў навучэнцаў Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа. У сустрэчы з супрацоўнікам адміністрацыі Мікалаем Шаўцовым прынялі ўдзел сябры бацькоўскага камітэту ліцэю Алена Санько і Сяргей Занкевіч.
Як паведаміў БелапАН С.Занкевіч, “мы распавялі пра сытуацыю ў ліцэі ў сувязі з прызначэньнем у навучальную ўстанову новага, непрымальнага для нас кіраўніка і заявілі: галоўная задача бацькоў у тым, каб нашыя дзеці навучаліся ў гэтым унікальным ліцэі. Калі мы, хто размаўляе па-беларуску і паважае сваю краіну, зьяўляемся чужымі для ўлады, то няхай нас -- беларусаў -- абвесьцяць нацыянальнай меншасьцю ў Беларусі. Але калі дзяржаве неабходная інтэлектуальная эліта, то павінны быць вырашаныя праблемы, якія ўзьніклі ў сувязі з прызначэньнем у ліцэй новага кіраўніка Тамары Шчэрбачэвіч”.
Бацькі выказалі гатоўнасьць да дыялёгу з уладамі адносна кандыдатуры дырэктаркі ліцэю. “На гэтую пасаду ў нас ёсьць свая кандыдатура аўтарытэтнага й прафэсійнага пэдагога. Калі ж на вагі пастаўлены лёс больш чым 200 ліцістаў і асабістыя амбіцыі новага кіарўніка навучальнай установы ці кагосьці яшчэ, то загад аб прызначэньні Т.Шчэрбачэвіч можна адмяніць”, -- сказаў С.Занкевіч.
Акрамя таго, паводле яго, на сустрэчы абмяркоўваліся пытаньні праверкі навучальнай установы й санітарна-тэхнічнага стану яго будынку. “Праверка не выявіла ніякіх сур’ёзных парушэньняў. А пасьля правядзеньня рамонту даху й прыбіральняў стан будынку ня больш аварыйны, чым пяць гадоў таму. Калі нам дадуць магчымасьць спакойна працягваць працу ліцэю, то ў ім будзе створана апякунская рада, якая зоймецца пошукам сродкаў для правядзеньня капітальнага рамонту будыку”, -- адначыў С.Занкевіч.
Паводле С.Занкевіча, М.Шаўцоў уважліва паставіўся да праблемаў навучальнай установы і паабяцаў даць адказ бацькам ліцэістаў на пачатку наступнага тыдня.