Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў памёр учора вечарам у рэанімацыйным аддзяленьні анкалягічнага шпіталю ў Бараўлянах, пад Менскам. Беларусь страціла аднаго зь лепшых сваіх сыноў. Бо Васіль Быкаў – гэта ня толькі вялікі пісьменьнік Беларусі, творы якога мы пачынаем чытаць яшчэ ў дзяцінстве. Васіль Быкаў – гэта гонар і сумленьне беларускай нацыі. Мы прыносім спачуваньні блізкім Васіля Ўладзімеравіча. Мы смуткуем з усім беларускім народам, з усёй Беларусьсю...
Васіль Быкаў нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 году ў горадзе Бычкі Ушацкага раёну Віцебскай вобласьці. Навучаўся на скульптурным аддзяленьні Віцебскай мастацкай вучэльні. Скончыў Саратаўскую пяхотную вучэльню. У 1942 годзе будучы пісьменьнік уступіў у шэрагі Чырвонай Арміі. Ваяваў на Другім і Трэцім Украінскіх франтах, прайшоў па тэрыторыі Румыніі, Баўгарыі, Вэнгрыі, Югаславіі, Аўстрыі, двойчы быў паранены.
Упершыню творы Васіля Быкава былі апублікаваныя ў 1947 годзе, аднак творчая біяграфія пісьменьніка пачынаецца з апавяданьняў, напісаных у 1951 годзе. Тэматыка раньніх апавяданьняў, дзеючымі асобамі якіх сталі жаўнеры і афіцэры, вызначыла далёйшы лёс Быкава, многія з твораў якога прысьвечаныя падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Бескампраміснасьць прозы Быкава стала прычынай нападаў савецкай крытыкі, якая абвінавачвала пісьменьніка ў ачарненьні савецкага ладу.
У 1974 годзе Васіль Быкаў быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй СССР (за аповесьць "Дажыць да світання", 1973), у 1980 годзе атрымаў званьне Народнага пісьменьніка Беларусі, у 1986 годзе - быў уганараваны Ленінскай прэміяй за аповесьць "Знак бяды".
Некаторыя творы пісьменьніка, такія як аповесьці "Трецяя ракета" (1962), "Дажыць да світання", былі экранізаваныя.
З 1972 па 1978 год Васіль Быкаў займаў пасаду сакратара Гарадзенскага аддзяленьня Саюзу пісьменьнікаў БССР.
Вядомасьць Васілю Быкаву прынесла аповесьць "Трэцяя ракета", напісаная ў 1962 годзе. У 1960-е ён публікуе аповесьці "Альпійская балада", "Мёртвым не баліць", у 1970-я - "Сотнікаў", "Абеліск", "Дажыць да світання", "Пайсці і не вярнуцца".
Гэтыя творы паставілі Васіля Быкава ў адзін шэраг з выдатнымі майстрамі ваеннай прозы XX стагодзьдзя.
Сярэдзіна 90-х нібыта вярнула пісьменьніка ў савецкія часы. Шырокая траўля ў дзяржаўнай прэсе, забарона, цэнзура на выхад яго новых твораў, пагаршэньне на гэтай глебе здароўя вымусілі Быкава пакінуць Радзіму. Некалькі гадоў ён жыў за мяжой.
У сьнежні леташнега году Васіль Быкаў пераехаў на сталае жыхарства ў Чэхію. Тады пісьменьнік сказаў, што ён “даўно марыў пасяліцца ў Чэхіі, заўсёды меў сымпатыю да гэтай краіны і яе грамадзянаў”. У рашэньні праблемы пераезду Быкава ў Чэхію актыўны ўдзел прымала канцылярыя чэскага прэзыдэнта і асабіста Вацлаў Гавэл. Некалькі апошніх гадоў Герой Сацыялістычнай Працы, ляўрэат Ленінскай прэміі, народны пісьменьнік Беларусі пражываў у ФРГ, а да гэтага ў Фінляндыі.
Некаторы час таму Быкаў перанёс у Чэхіі апэрацыю па выдаленьні ракавай пухліны страўніка. У Беларусі пісьменьнік знаходзіўся на рэабілітацыі пасьля перанесенай апэрацыі, аднак разьвіцьцё харобы спыніць не ўдалося...
Усяго некалькі дзён таму, 19 чэрвеня, Васілю Быкаву споўнілася 79 гадоў. У гэты дзень у райцэнтры Старыя Дарогі, на тэрыторыі прыватнага музэю выяўленчага мастацтва прайшло адкрыцьцё памятнага знака ў яго гонар. Пры жыццьці помнік ставяць толькі лепшым зь лепшых... Гранітны камень з бронзавым барэльефам Васіля Быкава стаіць зараз у музэі побач з іншымі памятнымі знакамі ў гонар знакамітых беларусаў. Тут ужо ўвекавечаныя імёны, напрыклад, дзяржаўнага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага Льва Сапегі, паэта Максіма Багдановіча, паэтэсы Ларысы Геніюш.