Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
19 чэрвеня першы намесьнік міністра інфармацыі С.Нічыпаровіч падпісаў другое па ліку папярэджаньне рэдакцыі "Предпринимательской газеты" і загад аб прыпыненьні выхаду на тры месяцы. Абодва дакумэнты рэдакцыя атрымала па пошце 23 чэрвеня.
Папярэджаньне рэдакцыя газэты атрымала за матэрыял пад загалоўкам “Узаконненный беспредел” (№17 за 9-16 чэрвеня г.г.), прысьвечаны звальненьню дырэктара Паліграфічнага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Красная звезда” Уладзімера Целеша. У артыкуле сьцьвярджалася, што прычыны звальненьня сп. Целеша не раскрываюцца і што звальненьне "ня можа быць юрыдычна абгрунтаваным". Са свайго боку міністэрства заяўляе, што працоўная дамова зь ім была скасаваная ў адпаведнасьці з арт. 259 Працоўнага кодэксу РБ. Такім чынам, Міністэрства інфармацыі палічыла, што публікацыяй быў парушаны арт. 40 дзейнага Закона аб друку, згодна з якім журналіст абавязаны правяраць сапраўднасьць атрыманых ім зьвестак.
Намеснік генэральнага дырэктара УП "Марат" Любоў Вашкевіч заявіла прэс-службе БАЖ, што рэдакцыя будзе абскарджваць вынесенае папярэджаньне і загад намесьніка міністра. У той жа час, пасля прыпыненьня выхаду "Предпринимательской газеты" ў журналістаў "БДГ" пакуль не засталося магчымасьцяў данесьці свае матэрыялы да чытача.
Нагадаем: 11 чэрвеня Міністэрства інфармацыі вынесла таксама папярэджаньне траім заснавальнікам "Предпринимательской газеты" — Глебу Багамолаву, Алегу Драздову і Ігару Кавалевічу — за парушэньне арт.11 дзейнага Закона аб друку. Міністэрства зьвінавачвае заснавальнікаў газэты ў тым, што яны зьмянілі юрыдычны адрас рэдакцыі і тэматыку выданьня. (Рэдакцыяй выданьня цяпер выступае УП "Марат", а ў газэце публікуюцца матэрыялы журналістаў "БДГ"). Заснавальнікі ўжо абскардзілі папярэджаньне ў Міністэрства інфармацыі, паколькі, паводле дзейнага заканадаўства аб друку, выданьне мае права паведаміць Мінінфармацыі пра зьмену свайго адраса й тэматыкі напрацягу месяца. Адказу ад міністэрства яны пакуль не атрымалі.