Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
«Нью-Ёрк таймс»: сыны Садама атрымалі беларускія пашпарты 13:50, 25/06/2003
Некаторым галоўным дзеячам ранейшага рэжыму Іраку, у іх ліку двум сынам Садама Хусэйна, былі выдадзеныя пашпарты Беларусі. Пра гэта паведамляе ў сераду газэта “Нью-Ёрк таймс” з спасылкаю на высокапастаўленых супрацоўнікаў ураду ЗША.
Яны сьцьвярджаюць, што ў арыштаванага ў раёне ірацкага гораду Цікрыта Абэда Хаміда Махмуда ат-Цікрыці, асабістага сакратара Садама Хусэйна, адабрана некалькі беларускіх пашпартоў на розныя імёны. Гэтыя імёны не называюцца. Як гаворыцца ў артыкуле, ён пагадзіўся супрацоўнічаць з амэрыканскімі ўладамі і сказаў ім, што пашпарты былі атрыманыя ім у Сырыі, дзе разам зь ім пасьля захопу Багдаду знаходзіліся і сыны былога прэзыдэнта Удай і Кусай. Паводле яго, сырыйскія ўлады іх затым выслалі з краіны.
Зрэшты, адзначае “Нью-Ёрк таймс”, “шэраг адмыслоўцаў амэрыканскае выведкі лічыць, што сьведчаньні Махмуда пра яго ўцёкі ў Сырыю разам з сынамі Хусэйна не пацьвярджаюцца іншымі крыніцамі”.
Што тычыцца самой Беларусі, то газэта адзначае: “Беларусь, частка былога Савецкага Саюзу, -- гэта аўтарытарная дзяржава зь цеснымі сувязямі з Расеяй і яе выведнымі службамі, у тым ліку былым КДБ. Амэрыканскія афіцыйныя асобы ў мінулым разглядалі яе як магчымае прыкрыцьцё для розных уцекачоў”. Пра гэта паведамляе “Интерфакс”.
Тым часам, беларускія ўлады ўжо пачалі апраўдывацца і люта адмаўляюць сваю датычнасьць да ўхаваньня сваякоў і прыбліжаных Садама Хусэйна. Упраўленьне інфармацыі і грамадзкіх сувязяў МУС Беларусі сёньня выступіла з заяваю адносна інфармацыі, якая прагучала на тэлеканале НТВ ў праграме “Страна и мир”. 24 чэрвеня ў гэтай перадчы з спасылкаю на брытанскую газэту “Independent” прагучала інфармацыя аб тым, што амэрыканскімі вайскоўцамі ў Цікрыці быў затрыманы чацьвёрты па значнасьці чалавек ва ўладнай структуры Садама Хусэйна, яго асабісты целаахоўнік, Абід Махмуд. Пры ім нібыта знойдзеныя беларускія нацыянальныя пашпарты на розныя імёны. Як і варта было чакаць, беларускія ўлады заяўляюць, што гэтая інфармацыя зьяўляецца “ілжывай і наўмысна правакацыйнай”.