Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Быкаў і ўлада занадта шмат разумелі па-рознаму 11:06, 25/06/2003, Сяргей Пульша, Белорусские новости
Сёньня ў сталічным Доме літаратара пройдзе цырымонія разьвітаньня з Васілём Быкавым. Народнага пісьменьніка Беларусі пахаваюць на Ўсходніх могілках Менску. Праводзіць яго ў апошні дзень напэўна прыйдзе шмат людзей. Некаторыя адмыслова прыедуць з іншых краінаў. Аднак да гэтага часу невядома, ці прыме ўдзел у жалобным мерапрыемстве вышэйшае кіраўніцтва Беларусі.
Мерапрыемства з удзелам прэзыдэнта, як правіла, рупліва рыхтуюць: трэба забясьпечыць бясьпеку, праезд картэжу і г.д. Адпаведна, і арганізатары мерапрыемства павінны быць як мінімум ведаць пра візыт кіраўніка дзяржавы. Аднак Алесь Пашкевіч, старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, кажа, што ніякіх паведамленьняў з адміністрацыі прэзыдэнта на гэты конт пакуль не атрымоўвалі:
-- Да нас у Саюз пісьменьнікаў паступілі просьбы ад амбасадараў дзяржаваў ЭЗ. З Быкавым прыдуць разьвітвацца і перададуць спачуваньні сваіх народаў амбасадары Нямеччыны, Польшчы, Чэхіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Славакіі, Літвы, консул Эстоніі, даверчы ў справах Італіі. Мы атрымоўваем тэлеграмы спачуваньня -- ад Міжнароднага згуртаваньня пісьменьніцкіх саюзаў, ад Нацыянальнага саюзу пісьменьнікаў Украіны, пісьменьніцкіх арганізацыяў Літвы. Тэлеграму даслаў мітрапаліт Філарэт. На разьвітаньні з Быкавым будуць прысутнічаць дэлегацыі розных пісьменніцкіх арганізацыяў -- у прыватнасьці, з Украіны, дэлегацыя Саюзу пісьменьнікаў Масквы. І зараз наш Саюз пісьменьнікаў атрымоўвае дзясяткі, калі ня сотні тэлеграмаў спачуваньня ад звычайных беларусаў.
Сёньня а 9 раніцы пачнецца адпяваньне Васіля Быкава – цырымонію правядзе ўніяцкі сьвятар. Заля будзе аформленая ў нацыянальных колерах. Да 13 гадзінаў – разьвітаньне. А 14 – вынас цела, затым пахаваньне на Ўсходніх могілках.
Нам не паведамлялі, хто з афіцыйных асобаў прыбудзе на разьвітаньне з Васілём Быкавым. Пакуль мы гэтага ня ведаем.
Сябра Быкава паэт Генадзь Бураўкін асаблівых ілюзіяў адносна афіцыйных асобаў і іх прысутнасьці на пахаваньні Васіля Быкава ня мае.
-- Я ведаю, як вышэйшае кіраўніцтва ставілася да Быкава раней -- нібы не разумеючы, хто такі для Беларусі Быкаў. І ці прыдуць нашыя кіраўнікі на разьвітаньне з Быкавым – гэтае пытаньне не да мяне. Гэта пытаньне іх сумленьня.
Быкаў – гэта зьява ў жыцьці Беларусі. І гэта той выпадак, калі важна перакрочыць праз асабістыя амбіцыі, знайсьці патрэбныя словы і аддаць належнае памяці Быкава.
На афіцыйным сайце беларускага прэзыдэнта паведамленьняў аб ягоным намеры разьвітацца з Быкавым, няма. У прэс-службе прэзыдэнта “Белорусским новостям” сказалі, што гэтае пытаньне абмяркоўвалася ў кіраўніка дзяржавы, але вынікаў яны пакуль ня ведаюць.
Так што невядома, хто з афіцыйных асобаў будзе прысутнічаць на разьвітаньні й пахаваньні. Адно можна сказаць з упэўненасьцю: наўрадці высокапастаўленым пэрсонам будзе прыемна бачыць нацыянальныя сымбалі, якімі зьбіраюцца ўпрыгожыць залю. Цалкам верагодна, што вышэйшае кіраўніцтва Беларусі абмяжуецца толькі вянкамі.
У Быкава і цяперашняй беларускай улады былі розныя каштоўнасьці. Аляксандар Лукашэнка сам прызнаў гэта і сказаў, што “па-рознаму мы разумеем сувэрынітэт і незалежнасьць. Але нельга адмовіць гэтаму чалавеку ў жаданьні палымянай барацьбы за свабоду краіны й незалежнасьць”. Не адмовілі – і на гэтым дзякуй.