|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Памяцi Васiля Быкава 11:47, 26/06/2003 Праз 62 гады 22 чэрвеня чорнай датай стала для Беларусi яшчэ раз -- спынiлася сэрца салдата-акопнiка i патрыёта, вялiкага пiсьменнiка i грамадзянiна Васiля Уладзiмiравiча Быкава. Беларуская лiтаратура панесла найвялiкшую i непапраўную страту. Васiль Быкаў быў не проста лiтаратарам сусветнага маштабу, ён быў сумленнем нацыi, вялiкiм сынам Беларусi. Па творах Быкава ведалi i меркавалi пра Беларусь ва ўсiм свеце. Творы Васiля Быкава -- знакамiтыя аповесцi "Жураўлiны крык", "Трэцяя ракета", "Альпiйская балада", "Дажыць да свiтання", "Сотнiкаў", "Мёртвым не балiць", "Пайсцi i не вярнуцца", "Круглянскi мост", "Знак бяды" -- перакладзены на дзесяткi моваў свету. Ён стаў класiкам пры жыццi, зведаў i славу, i беспрэцэдэнтнае цкаванне i ганьбаванне. Але да сваёй славы, шматлiкiх заслужаных узнагарод ён ставiўся спакойна, з пэўнай доляй iронii, на брудныя наскокi стараўся не рэагаваць, хоць яны атручвалi ягонае жыццё. Дзiўным чынам у iм ужывалася цвёрдасць i бескампрамiснасць у адстойваннi прынцыпаў справядлiвасцi i праўды з мяккасцю характару, выключнай далiкатнасцю i тактам у адносiнах з людзьмi. Маючы бездакорны маральны аўтарытэт, мудрасць прарока, ён гаварыў тое, што хацеў, ацэньваў падзеi i людзей паводле сваiх найвышэйшых маральных i грамадзянскiх прынцыпаў. Улады лiчылi, што такое права дадзена толькi iм, i таму ў Быкава заўсёды складвалiся з iмi няпростыя адносiны. У Васiля Уладзiмiравiча былi вялiкiя творчыя планы. Ён разумеў немагчымасць здзейснiць задуманае на Радзiме, дзе ўсчалася новая хваля шальмавання, i на пяць гадоў вымушаны быў пасялiцца за мяжой, дзе цалкам прысвяцiў сябе творчай працы, напiсаў некалькi кнiг аповесцяў, прыпавесцяў, апавяданняў. У iх -- новы i часам нязвыклы Быкаў. Творы апошняга перыяду чакаюць свайго даследчыка, свайго прачытання. Падсумаваў сваё творчае i зямное жыццё Васiль Уладзiмiравiч мемуарнай кнiгай "Доўгая дарога дадому", якую, ужо знаходзячыся на бальнiчным ложку пасля цяжкай аперацыi, паспеў патрымаць у руках. Ён вярнуўся на Радзiму -- да родных, сяброў, на бацькоўскую зямлю, каб назаўсёды спачыць у ёй. Хай будзе пухам Вам родная зямля, дарагi Васiль Уладзiмiравiч! Вы навекi застанецеся ў светлай памяцi Бацькаўшчыны. Янка БРЫЛЬ, Рыгор БАРАДУЛIН, Нiл ГIЛЕВIЧ, Iван НАВУМЕНКА, Iван ШАМЯКIН, Эдуард АКУЛIН, Уладзiмiр АРЛОЎ, Данута БIЧЭЛЬ, Валянцiн БЛАКIТ, Генадзь БУРАЎКIН, Анатоль ВЯРЦIНСКI, Юрка ГОЛУБ, Уладзiмiр ДУКТАЎ, Алесь ЖУК, Сяргей ЗАКОННIКАЎ, Васiль ЗУЁНАК, Вольга IПАТАВА, Вiктар КАЗЬКО, Вiктар КАРАМАЗАЎ, Алесь КАСКО, Анатоль КУДРАВЕЦ, Уладзiмiр НЯКЛЯЕЎ, Алесь ПАШКЕВIЧ, Барыс ПЯТРОВIЧ, Франц СIЎКО, Мiхась СКОБЛА, Валянцiн ТАРАС, Васiль ТКАЧОЎ
|