Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Пуцін ня пойдзе на трэці прэзыдэнцкі тэрмін. У адрозьненьне ад Лукашэнкі? 11:45, 26/06/2003
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін цалкам выключае магчымасьць свайго трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну.
"Трэцяга тэрміну прэзыдэнта Пуціна ня будзе дакладна, - заявіў кіраўнік расейскай дзяржавы. -- Мы будзем жыць паводле Канстытуцыі, якая прадугледжвае два чатырохгадовых тэрміну запар". Так Пуцін адказаў на просьбу прадстаўнікоў акадэмічных колаў Шатляндыі пракамэнтаваць магчымасьць абраньня Аляксандра Лукашэнкі на пасаду прэзыдэнта Беларусі ў трэці раз. Пуцін, які знаходзіўся з візытам у Вялікабрытаніі, у час наведваньня адміністратыўнага цэнтра Шатляндыі Эдынбурга правёў сустрэчу з прадстаўнікамі шатляндзкай навуковай і дзелавой грамадзкасьці.
На нечаканае пытаньне аб пэрспэктывах абраньня прэзыдэнта Беларусі Лукашэнкі на трэці тэрмін, Пуцін сказаў, што камэнтаваць сытуацыю ў Беларусі не зьбіраецца, але можа сказаць пра сябе, што балятавацца ў прэзыдэнты на трэці тэрмін ён ня будзе. Уладзімер Пуцін заявіў, што ня будзе выконваць абавязкі кіраўніка дзяржавы тры тэрміны. “Тры тэрміны прэзыдэнта Пуціна ня будзе дакладна, гэта я магу гарантаваць дакладна”, -- заявіў ён, выступаючы сёньня ў юрыдычнай бібліятэцы ў Эдынбургу.
“Мы ў Расеі жывем паводле Канстытуцыі”, якая прадугледжвае два прэзыдэнцкія тэрміны запар па чатара гады, падкрэсьліў кіраўнік расейскай дзяржавы. Ён зрабіў гэтую заяву, адказваючы на пытаньне аб трэцім тэрміне прэзыдэнцтва ў Беларусі. “Вы мяне зьдзівілі, у Шатляндыі пытацца пра Беларусь”, -- сказаў прэзыдэнт. Ён адмовіўся выказвацца на тэму тэрмінаў прэзыдэнцтва ў Беларусі, але адказаў на дадзенае пытаньне для Расеі.