Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Васіль Быкаў. Непрымірымы 16:11, 27/06/2003, Анатоль Салуноў, «Аргументы и факты»
Васіль Быкаў пайшоў на 80-ым годзе жыцьця, праз тры дні пасьля таго, як адзначыў сваё 79-годзьдзе. Пісьменьнік, які ня ладзіў з уладамі сваёй радзімы, шмат гадоў таму быў вымушаны пакінуць Беларусь. Прапановы прыняць Быкава прыйшлі зь Літвы, Расеі, Нямеччыны. Такая іронія лёсу: дзеці і ўнукі яго кніжных герояў – нямецкіх фашыстаў – далі пісьменьніку ня толькі палітычны прытулак, але й магчымасьць жыць і працаваць. За мяжой Герой Сацыялістычнай Працы, ляўрэат Ленінскай прэміі, народны пісьменьнік Беларусі пражыў 6 гадоў (спачатку ў Фінляндыі, пасьля ў Нямеччыне і, нарэшце, у Чэхіі). У Франкфурце-на-Майне Быкаў атрымоўваў невялікую стыпэндыю. Урад Чэхіі выплочваў пісьменьніку пэнсію. Ганарары ад кніг былі невялікімі – на радзіме яго кнігі выпускалі толькі рэдкія незалежныя выдавецтвы малымі накладамі. Для беларускіх уладаў да апошняга часу Быкаў заставаўся непажаданай пэрсонай.
Хаця ў Беларусь ён наведваўся. Сюды пісьменьнік прыехаў, каб прайсьці рэабілітацыйны курс пасьля апэрацыі па выдаленьні пухліны страўніка. Але хвароба не адпусьціла яго. Гэтае інтэрвію было запісанае за месяц да таго, як Быкаў апынуўся ў рэанімацыі анкалягічнага шпіталю ў Бараўлянах пад Менскам.
— Вы па-ранейшаму застаецеся палітычным выгнаньнікам…
— Я вымушана жыву за мяжой. Рэжым, які ўтварыўся ў мяне дома, не дае мне жыць і працаваць там. Як можна жыць у краіне, дзе дзейнічаюць “эскадроны сьмерці”? Яны створаныя ўладнымі структурамі і зьнішчаюць людзей. Перш за ўсё, вядома, зьнікаюць тыя, хто знаходзіцца ў апазыцыі ўлады. Натуральна, сродкі масавай інфармацыі Расеі пра гэта кажуць скрозь зубы.
— Беларуская ўлада не спрабавала купіць вас?
— Не праходзіла й тыдня, каб гэтая ўлада рукамі сваіх ці расейскіх пісак не палівала мяне брудам, не кампрамэнтавала, не спрабавала зьнішчыць. Таму пра якую куплю можа ісьці размова? Зьняволенага канцлягеру не купляюць – яго зьнішчаюць.
Думаю, што для такіх рэжымаў вядомасьць тады цэніцца, калі мастак служыць уладзе, абслугоўвае яе інтарэсы. У іншых выпадках чалавека проста перадаюць паліцэйскаму ведамству, і яму ўжо даводзіцца змагацца не за інтарэсы грамадзтва ці ў імя нейкай ідэі, а толькі за сваю магчымасьць элемэнтарна выжыць.
-- Які, на ваш погляд, найбольш прымальны варыянт ўзаемазносінаў Расеі зь Беларусьсю?
-- Я хацеў бы ўдакладніць розьніцу паміж паняткамі “саюз дзяржаваў” і “інтэграцыя”. Ніхто ў Беларусі не выступае супраць зьвязу, супраць супрацоўніцтва рэспублікі зь любой іншай дзяржаваю. Можа з Расеяй у першую чаргу, бо яна – суседка Беларусі, як Літва, Польшча і Ўкраіна. У гэтым выпадку словазлучэньнем “саюзная дзяржава” прыкрываюцца зусім іншыя справы і акцыі. Усё гэта, вядома, робіцца з адной мэтай --аднаўленьне вялікай савецкай імпэрыі. Не разумець гэтага могуць толькі недалёкія палітыкі. Ну а камуністы сваю справу працягваюць, у іх усё ўсталявана даўно. Таму кіраўніцтва Беларусі трымае сувязь з Расеяй у асноўным праз камуністычныя сілы. Але я хацеў бы папярэдзіць расейцаў: пасьля таго як у Расейскую Фэдэрацыю ўвальецца антыдэмакратычны беларускі рэжым, яна ня стане бліжэй да дэмакратыі. Наадварот, гэтае аб’яднаньне адкіне Расею назад у дэмакратычным разьвіцьці.