Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Органы юстыцыі й рэспубліканская пракуратура дадуць юрыдычную ацэнку рэпартажу карэспандэнта НТВ у Беларусі Паўла Селіна аб пахаваньні народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава, якое адбылося ў сераду. Пра гэта ў чацьвер заявіў журналістам дзяржсакратар Рады бясьпекі Беларусі Генадзь Нявыглас. Сакратар Рады бясьпекі назваў рэпартаж аб пахаваньні пісьменьніка, паказаны ў этыры НТВ, “відавочнай дэзінфармацыяй і хлусьнёй”. Уласны карэспандэнт НТВ у Менску Павал Селін учора вечарам быў выкліканы ў Міністэрства замежных справаў рэспублікі для размовы.
У рэпартажы Селіна аб жалобнай цырымоніі ў дзень пахаваньня Быкава, у прыватнасьці, заяўлялася, што ўлады перашкаджалі жалобнаму шэсьцю, бо ўспрынялі яго як апазыцыйную дэманстрацыю. Акрамя таго, у сюджэце з спасылкай на “Комсомольскую правду в Беларуси” прагучала інфармацыя, што жонку Васіля Быкава маглі пазбавіць менскай прапіскі. У сюжэце таксама паведамлялася, што на пахаваньні клясыка беларускай літаратуры луналі толькі бел-чырвона-белыя сьцгі, а афіцыйны сьцяг, які спачатку быў прыладжаны дзяржаўнымі чыноўнікамі, жонка Быкава папрасіла прыбраць. Менавіта гэтыя моманты й сталі прычынай такога моцнага раздражненьня беларускіх уладаў.
У чацьвер у час нарады зь сілавікамі Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў разабрацца з абставінамі пахаваньня пісьменьніка. Лукашэнка заявіў, што калі “кто-то препятствовал шествию”, ён будзе пакараны. Калі рэпартаж, паказаны на НТВ, не адпавядаў рэчаіснасьці, Лукашэнка будзе чакаць выбачэньняў ад каналу.
На ўсіх беларускіх дзяржаўных тэлеканалах у гэты дзень выйшлі сюжэты (на БТ-1 сюжэт меў працягласьць 12 (!) хвілінаў, у якіх распавядалася аб “недобрасумленнай” працы карпункту НТВ у Беларусі. У той жа дзень журналіста НТВ выклікалі ў МЗС, дзе ад яго патрабавалі напісаць тлумачальную й папрасілі паказаць відэакасэту з сюжэтам аб пахаваньні Васіля Быкава. Як паведаміў Павал Селін у інтэрвію прэс-цэнтру Хартыі, хаця супрацоўнікі міністэрства і назвалі цяперашні візыт журналіста “тэхнічным”, ня выключана, што ў бліжэйшы час яму будзе прад’яўлена яшчэ адно (другое) папярэджаньне і тады, як вядома, наступным крокам уладаў можа стаць дэпартацыя з краіны.