|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Беларускі таталітарызм – рэальнасьць 10:29, 25/07/2003
Некалькі гадоў для апісаньня сытуацыі ў Беларусі прымяняюцца вызначэньні, якія ў рознай ступені фіксуюць недэмакратычны характар беларускага рэжыму. У публіцыстыцы яго называюць “лукашызмам”, “калгаснай дыктатурай”, “апошняй дыктатурай у Эўропе”, малазразумелай “аксамітнай дыктатурай”. У дакумэнтах міжнародных арганізацыяў стараюцца пазьбягаць вызначэньня рэжыму, падкрэсьліваючы “адыход ад дэмакратычных каштоўнасьцяў”, “пераходны пэрыяд” разьвіцьця дзяржавы, называючы часам палітычную сыстэму ў Беларусі “дэфэктнай дэмакратыяй”, што таксама малазразумела. Разнастайнасьць вызначэньняў беларускай палітычнай сыстэмы і рэжыму, што яе стварыў, усё ж такі мае агульны знамянальнік: іх недэмакратычнасьць. Недэмакратычныя ж формы кіраваньня ў паліталёгіі ХХ стагодзьдзя падзяляліся на два віды: аўтарытарызм і таталітарызм. Пад уплывам амэрыканскага аўтара Фрэнсіса Фукуямы, які падвёў рысу пад палітычнай гісторыяй мінулага стагодзьдзя, палітолягі ўзяліся шукаць новыя вызначэньні, якія б маглі замяніць тэрмін “таталітарызм”. Лічыццца, што сам тэрмін памёр разам з савецкай сыстэмай і што ў лібэральнай дэмакратыі не засталося дзеяздольнай проціборнай сыстэмы, таму ўжо можна казаць пра ўсясьветны рух да дэмакратыі зь некаторымі адступленьнямі. Магчыма, гэта і так, аднак беларуская сытуацыя відавочна выпадае з гэтага агульнага шэрагу. Пачатковы пэрыяд кіраваньня Лукашэнкі сапраўды ўяўляў сабой адыход ад тых мінімальных дэмакратычных прынцыпаў, якім удалося прабіцца ў палітычнае жыцьцё Беларусі скрозь усеўладную намэнклятуру. Аднак пасьля ўвядзеньня ў 1996 годзе незаконнымі мэтадамі новай канстытуцыі рэжым дастаткова хутка эвалюцыянаваў і сёньня ёсьць усе падставы казаць ужо не пра аўтарытарную, а пра таталітарную сыстэму ўлады. Аўтарытарны рэжым у Эўропе да 1998 году існаваў у Славакіі. Калі параўнаць рэжым Лукашэнкі і рэжым Мечыара, то становіцца зразумела, наколькі больш жорсткая палітычная сыстэма ў Беларусі. Лукашэнка эфэктыўна скарыстаўся той “шэрай зонай”, якая ўтварылася ў выніку распаду СССР на ўсёй постсавецкай прасторы менавіта для таго, каб аднавіць у Беларусі таталітарную сыстэму. Яму ўдалося з аднаго боку заключыць Беларусь у своеасаблівую “часовую капсулу”, з другога -- улічыць новыя ўсясьветныя рэаліі, перш за ўсё інфармацыйную рэвалюцыю, і прыладзіць да іх сыстэму таталітарнай улады. Сёньня нельга з упэўненасьцю сказаць, анахранізм ці беларуская сытуацыя, ці яна зьяўляецца папярэднікам нэо-таталітарызму ХХІ стагодзьдзя. 1. Калі коратка згадаць гісторыю станаўленьня й разьвіцьця таталітарных рэжымаў, то ёсьць падобныя рысы ў тым, што робіць у Беларусі Лукашэнка, і таго, што адбывалася пры гэтых рэжымах, і гэта заўважна нават у грубым набліжэньні. Часта дзеяньні беларускага правадыра выглядаюць карыкатурна, але гэта не мяняе сутнасьці справы. Разьвіцьцё таталітарызму, як правіла, пачынаецца з абвяшчэньня палітыкі пазбаўленьня ад няроўнасьці шляхам рашэньня сацыяльных і эканамічных праблемаў асаблівым, вядомым толькі правадырам, спосабам. У пачатку стагодзьдзя шлях да пабудовы таталітарнай сыстэмы адкрывала ідэалёгія камунізму. Сёньняшнія аўтарытарныя і толькі пачынаючыя таталітарныя рэжымы будуюць свае дактрыны на адмаўленьні як капіталізму, так і сацыялізму У нашым выпадку -- гэта беларуская мадэль “рынкавага сацыялізму”, асаблівага шляху, прыём з арсеналю таталітарызму. Грамадзтву кажуць, што сутнасьць гэтай мадэлі ў выкарыстаньні “ўсяго добрага, што было ў СССР і што ёсьць на Захадзе”, але права вырашаць, што добра, а што блага належыць толькі ўладам. Гэткім чынам гэты пастулат выконвае кантрольна-ідэалягічную функцыю. Таталітарныя кіраўнікі не абвяшчаюць мэты будаўніцтва таталітарызму пры яго нараджэньні. Выключэньнем быў, бадай, толькі Мусаліні, якому спадабалася як апазыцыя (Дж.Амедола, Пьер Габэці) называла яго кіраваньне. Дэкляруюцца мэты дасягненьня ўсеагульнага дабрадзейства праз справядлівасьць, носьбітам якой, натуральна, зьяўляецца правадыр. Лукашэнка атрымаў падтрымку на першых прэзыдэнцкіх выбарах, самых дэмакратычных, адзначым, з усіх, што адбыліся сёньня ў Беларусі, менавта дзякуючы ўяўнай “барацьбе з карупцыяй”, вынікі якой і закліканыя былі забясьпечыць дабрабыт. Грамадзкая падтрымка выкарыстоўвалася для стварэньня рэжыму асабістай улады, аўтарытарнага, які затым быў накіраваны на стварэньне таталітарнай сыстэмы. Усё гэта ў Беларусі адбывалася дастакова хутка ў параўнальна кароткі гістарычны адрэзак часу, бо выкарыстоўваліся ўжо адпрацаваныя на практыцы мэтады таталітарных рэжымаў, як савецкага, так і фашысцкага тыпаў. Асновы для стварэньня, ці аднаўленьня ў Беларусі таталітарызму былі закладзеныя ў выніку рэфэрэндуму 1996 году, які Лукашэнка выкарыстаў для ўвядзеньня новай канстытуцыі, што надзяліла яго неабмежаванымі правамі. У 1999 годзе аўтарытарная ўлада ў Беларусі перайшла маральны бар’ер, які хоць неяк стрымліваў яе ад далейшай дэградацыі. Гэты год стаў самым трагічным годам для беларускай дэмакратыі: загадкавая сьмерць бяспрэчнага лідэра апазыцыі Генадзя Карпенкі, зьнікненьне вядомых апазыцыйных палітыкаў Юрыя Захаранкі й Віктара Ганчара, а таксама бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, які падтрымліваў дэмакратычныя сілы Беларусі, азначала, што ўлада распачала фізычную ліквідацыю сваіх апанэнтаў. Апошні этап таталітарнага будаўніцтва, як уяўляецца, пачаўся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году, калі Лукашэнка забясьпечыў сабе па крайняй меры яшчэ пяць гадоў улады і адразу ўзяўся за праблему яе неабмежаванага падаўжэньня. Для гэтага яму неабходная менавіта таталітарная сыстэма, бо аўтарытарная мадэль ужо практычна вычарпала сябе і правалы, перш за ўсё ў эканоміцы, у яе рамках стала складана ўхаваць. Калі прааналізаваць беларускую сытуацыю з пункту погляду формы кіраваньня, то можна адзначыць, што ў ёй прысутнічаюць практычна ўсе агульнапрызнаныя прызнакі таталітарызму за выключэньнем адзінай масавай палітычнай партыі (пра гэты прызнак казалі ў 70-ыя гады мінулага стагодзьдзя амэрыканскія палітолягі К.Фрыдрых і З.Бжэзінскі). Аднак тут ёсьць свая лёгіка, якая прасочваецца ня толькі ў Беларусі, але і ва Ўкраіне, і ў Расеі, дзе кіраўніцтва краіны жадае заставацца беспартыйным. Шмат у чым гэта тлумачыцца тым, што гэтае кіраўніцтва прыходзіла да ўлады ў той пэрыяд, калі было моцным адарваньне ранейшай савецкай аднапартыйнай сыстэмы. У Беларусі Лукашэнка зрабіў інакш. Ён фактыччна абвесьціў сябе пераемнікам былога камуністычнага кіраўніцтва СССР, выкарыстоўваў мэтады кіраваньня КПСС, але партыі, нават падкантрольнай, ствараць ня стаў. У нейкай ступені, гэта больш эфэктыўная мадэль, бо не патрабуе ніякіх фармальных працэдур для прыняцьця рашэньняў. Усё вырашаецца адным чалавекам і ляяльнай групоўкай, якая кантралюе ўсю выканаўчую ўладу ў краіне. Да таго ж, у Беларусі на момант абраньня першага прэзыдэнта ўжо існавалі зачаткі палітычнага плюралізму і некалькі партыяў. Для таго, каб пазьбегнуць канкурэнцыі і прынізіць ролю партыяў, Лукашэнка аб’явіў сябе “ўсенародна абраным”, а партыі вывеў з рэальнага палітычнага жыцьця. Такім чынам таталітарная схема была перакручаная: месца адзінай масавай партыі заняла беспартыйная групоўка, а роля несьвядомых беспартыйных была адведзеная як раз палітычным партыям. 2. Да беларускай сытуацыі падыходзіць больш дакладная сутнасная характарыстыка таталітарызму, якую дае адзін з найбольш аўтарытэтных дасьледчыкаў гэтай праблемы Хуан Лінц (ЗША). Ён кажа пра цэнтралізацыю і стварэньне маністычнай (адзінаначальнай) структуры ўлады, пры якой правячая група не нясе адказнасьці перад выбарным органам і ня можа быць пазбаўленая ўлады інстытуцыянальнымі сродкамі. Х.Лінц як раз і прапанаваў, што партыйная форма ўлады зусім неабвязковая для таталітарнага кіраваньня. Астатнія прызнакі таталітарызму ў поўнай меры падыходзяць беларускаму рэжыму. Перш за ўсё, гэта безупыннае імкненьне ўсталяваць татальны кантроль над грамадзтвам, над усімі формамі грамадзкага жыцьця. У Беларусі гэты працэс абсалютызаваны. Практычна ўсё рашэньні па палітычных, эканамічных пытаньнях прымае асабіста Лукашэнка. Ён вырашае, якія накірункі культурнага жыцьця павінны мець прыярытэтнае значэньне. Акрамя публічнага кантролю над грамадзтвам беларускі рэжым прыбягае да добра вядомых мэтадаў таемнай сочкі за насельніцтвам. Вядомыя і атрымалі вядомасьць выпадкі несанкцыянаванага праслухоўваньня тэлефонаў грамадзянаў, выяўленьне падслухоўваючых прыстасаваньняў у кватэрах і офісах палітычных арганізацыяў. Наступны прызнак таталітарнай сыстэмы -- гэта адсутнасьць падзелу ўладаў. Увядзеньне незаконным чынам новай канстытуцыі ў 1996 годзе ліквідавала незалежнасьць заканадаўчай і судовай галінаў улады, што зрабіла прэзыдэнта Беларусі ўсеўладным гаспадаром краіны. Сёньня ў Беларусі ўся ўлада засяроджаная ў руках Лукашэнкі і падкантрольнай яму групы ў адміністрацыі і апараце рады бясьпекі. Прынцып вяршынства закону ў Беларусі ня дзейнічае. Законы распрацоўваюцца ў адміністрацыі і служаць інструмэнтамі таталітарызму. Правадыр становіцца над законам і ўсё, што абвяшчаецца законам, насамрэч зьяўляецца дакумэнтальным афармленьнем рэпрэсіяў. Канстытуцыі, нават такой заняпалай у плане дэмакратыі, аказваецца недастаткова для існаваньня таталітарнай сыстэмы і таму функцыянаваньне дзяржавы й грамадзкае жыццьё рэгулююцца інструмэнтамі прамога дзеяньня: прэзыдэнцкімі ўказамі. Адным з найбольш тыповых прызнакаў таталітарызму зьяўляецца манаполія на СМІ, жорсткая цэнзура і масіраваная прапаганда “перавагаў” таталітарызму. Сёньня няма патрэбы ў тым, каб цалкам кантраляваць СМІ, дастаткова мець манаполію на электронныя СМІ, шматнакладныя афіцыйныя выданьні – і прапагандовы кантроль над грамадзтвам забясьпечаны. Сытуацыя ў інфармацыйнай галіне была зьмененая з часоў СССР. Спачатку падавалася, што інфармацыйная празрыстасьць больш не дазволіць ніякаму рэжыму кантраляваць вытворчасьць і распаўсюд інфармацыі. На справе ўсё стала іначай. Вельмі хутка стала вядома, што няма неабходнасьці кантраляваць усю інфармацыю. Карцінкі “прыгожага” заходняга жыцьця, якіх так баяліся савецкія ідэолягі, аказаліся не такімі небясьпечнымі. Больш за тое, менавіта замежныя кіна- і тэлепраграмы дапамагаюць кампэнсаваць адсутнасьць аб’ектыўнай палітычнай і эканамічнай інфармацыі. Вельмі хутка грамадзкая сьвядомасьць, па крайняй меры, у Беларусі, вярнулася да стэрэатыпу савецкіх часоў: “у іх іншае жыцьцё, якога ў нас ніколі ня будзе”. Гэты фэномэн грамадзкай апатыі таксама зьяўляецца прызнакам таталітарнага грамадзтва. Што тычыцца недзяржаўнай грамадзка-палітычнай прэсы, то на першым этапе ёй дазвалялася існаваць. Пры гэтым ажыцьцяўляўся пільны кантроль над зьместам публікацыяў з боку дзяржаўных органаў. Тыя выданьні, якія хоць у нейкай ступені захоўвалі апазыцыйную скіраванасьць, падвяргаліся жорсткаму эканамічнаму, палітычнаму і прапагандоваму ціску. Большасьць зь іх на сёньня закрытыя – «Свабода», «Навiны», «День», «Пагоня», «Рабочы», прыпынены выхад «Белорусской деловой газеты» і яе дадатку «Для служебного пользования“ и.т.д. Газэты з малымі накладамі не ўяўляюць пагрозы для ўлады. Такім чынам, на электронныя СМІ й друкаваныя выданьні з вялікім накладам у спалучэньні з жорсткім кантролем над недзяржаўнымі СМІ пры мностве забаўляльных тэле- і радыёпраграмаў і выданьняў забясьпечвае неабходную ступень кантролю над інфармацыяй. Той факт, што за апошні год-паўтара была спыненая дзейнасьць большасьці незалежных выданьняў, таксама сьведчыць аб завяршэньні ўтварэньня таталітарнай сыстэмы ўлады ў Беларусі. Сёньня чарга за “інтэрнэтам”. Імклівы рост папулярнасьці і ўплывовасьці “інтэрнэту” як крыніцы інфармацыі й крытычная для ўплыву колькасьць карыстальнікаў абавязкова прывядзе да спробы ўладаў перакрыць беларускім карыстальнікам доступ да палітычных сайтаў. Для таталітарнай сыстэмы характэрная дэтальна распрацаваная ідэалёгія. У Беларусі такой ідэалёгіі няма, затое ёсьць ідэалягічная “вэртыкаль”, уведзеныя пасады палітработнікаў, у ВНУ пачынаюць выкладаць курс “Асновы ідэалёгіі беларускай дзяржавы”. Насамрэч тое, што выдаецца за ідэалёгію, зьяўляецца падборам зручных для апраўданьня беларускага таталітарзму пастулатаў, сымбаляў, лёзунгаў савецкай эпохі, часта няграматных і бэссэнсоўных, як, напрыклад, лукашэнкаўскі герб і сьцяг, якія парушаюць усе каноны геральдыкі. На пачатковым этапе, на стадыі аўтарытарызму, адной з перашкодаў да абвяшчэньня ўласнай ідэалёгіі служыла адсутнасьць правячай партыі, якая, як правіла, зьяўляецца ў таталітарных грамадзтвах асноўным носьбітам ідэалёгіі. Для таталітарызму ўжо неістотная адсутнасьць сыстэмы каштоўнасьцяў, якую можна было б назваць ідэалёгіяй, ці адсутнасьць правячай партыі – носьбіта гэтай ідэалёгіі. Важна было аб’явіць, што адпаведнасць ідэалёгіі будзе кантралявацца, а адступленьне ад яе -- карацца. Відавочна, што суб’ектам, крыніцай і рэалізатарам гэтай “ідэалёгіі” зьяўляецца сам Лукашэнка, своеасаблівы тып арыйца, “новага чалавека”. Яшчэ адным прызнакам таталітарызму, цесна зьвязаным з ідэалёгіяй зьяўляецца выбарачнае стаўленьне да гісторыі. Бо беларуская мадэль пабудаваная, як ужо гаварылася, на аскепках савецкай ідэалёгіі, то і пэрыяды гісторыі, якія папярэднічалі савецкаму, адмаўляюцца, за рэдкім выключэньнем. Затое савецкае мінулае ня толькі аб’яўляецца адзінай гісторыяй беларускай дзяржавы, але і множыцца ў самым плякатным яго выглядзе: фільмы пра вайну, калгасы і ў агуле СССР, як прыклад для перайманьня і аднаўленьня. У Беларусі на ўзроўні масавай сьвядомасьці савецкая гісторыяграфія ўспрымаецца лягчэй і больш масава, бо ўласная гісторыя Беларусі так і ня стала ў сур’ёзных маштабах прадметам вывучэньня ні ў школах, ні ў ВНУ. Любімым заняткам таталітарнай улады і адным з самых заўважных яе прызнакаў зьяўляецца пошук ворагаў, унутраных і вонкавых. Звычайны набор -- гэта іншадумцы, замежныя дзяржавы, папярэдняе кіраўніцтва краіны. Тут Лукашэнка таксама карыстаецца выпрабаванымі таталітарнымі рэцэптамі. Вораг нумар адзін унутры краіны -- гэта апазыцыя, незалежныя выданьні. Вонкавыя ворагі -- дэмакратычныя дзяржавы, перш за ўсё заходнія, міжнародныя арганізацыі, праваабаронцы, замежныя СМІ. Асаблівасьці беларускай сытуацыі ў тым, што ў адрозьненьне ад іншых вядомых таталітарных сыстэмаў, беларуская не выкарыстоўвае нацыянальныя асновы. Таму ворагамі ў беларускай сытуацыі абвяшчаюцца і носьбіты нацыянальнай культуры, нацыянальная інтэлігенцыя. Ворагамі зьяўляюцца любыя прадпрымальнікі, незалежна ад посьпеху іх дзейнасьці, маштабаў бізнэсу. Калі не хапае сваіх, ворагамі становяцца расейскія прадпрымальнікі. Гэта неабходна для падтрыманьня люмпенскіх настрояў у грамадзтве, нянавісьці да посьпеху, прадухіленьня самастойнага сярэдняга клясу. Час ад часу, калі правалы ў эканоміцы немагчыма патлумачыць стандартным наборам ворагаў, Лукашэнка знаходзіць ворагаў унутры уласнай сытэмы: сабатажнікаў, шкоднікаў, карупцыянэраў. Ладзяцца публічныя разносы ўраду, “вэртыкалі”, памочнікам, з адстаўкамі і крымінальнымі справамі. Таталітарная сыстэма павінна падтрымліваць напал барацьбы з шматлікімі “ворагамі”. Таталітарнаму рэжыму неабходная таксама сыстэма тэрору, масавага запалохваньня, узмацненьне рэпрэсіўных функцыяў спэцслужбаў. У Беларусі рэпрэсіям падвяргаецца ня толькі апазыцыя, але і прадпрымальнікі, дырэктарскі корпус. Асаблівымі аб’ектамі рэпрэсіяў зьяўляюцца апазыцыйныя палітыкі, журналісты, моладзь. Карыстаючыся тым, што савецкае мінулае не настолькі далёкае, што страх савецкага ўзору ўсё яшчэ прысутнічае ў масавай сьвядомасьці, улада ў Беларусі падтрымлівае грамадзтва ў гэтым стане. Напрыклад, улады асабліва не перашкаджаюць распаўсюду інфармацыі аб зьніклых палітыках, правядзеньню вулічных акцыяў, прысьвечаных гэтым трагічным падзеям. Гэта як раз неабходна ўладзе для нагнятаньня атмасфэры страху ў грамадзтве. Таталітарная ўлада адмаўляе існаваньне прызнанай ці сыстэмнай апазыцыі. Нягледзячы на існаваньне ў Беларусі апазыцыйных груповак. У тым ліку партыяў, канстытуцыйную законнасьць такога існаваньня, улады не прызнаюць за імі права ня толькі на фукцыянаваньне, але нават на альтэрнатыўную думку. Любая апазыцыя згодна канонам таталітарызму -- гэта ворагі народу, а не выказьнікі інтарэсаў значнай часткі грамадзтва. Прызнаньне апазыцыі ў якасьці магчымага суразмоўцы, а тым больш, роўнага партнэра па перамовах азначала б прызнаньне паразы таталітарнай улады. Вышэйзгаданых характарыстык, падаецца, цалкам дастаткова для таго, каб сьцьвярджаць, што ў Беларусі прысутнічаюць усе рысы таталітарнай сыстэмы. Апрача таго, тэндэнцыі апошніх гадоў да больш жорсткага кантролю ўлады над грамадзтвам дазваляе зрабіць выснову, што ў Беларусі адбыўся пераход ад аўтарытарызму да таталітарызму. Ужо згаданы Х.Лінц лічыць, што таталітарызм адрозьніваецца ад аўтарытарызму тым, што пры таталітарызме ліквідуюцца палітычны плюралізм і прымаюцца ўсе меры для ліквідацыі грамадзкага плюралізму. Палітычны плюралізм у Беларусі практычна зьнішчаны, бо ніводная незалежная палітычная група не дапушчаная да кіраваньня дзяржавы і ня можа ўплываць на гэтыя працэсы. Сярод фактараў, якія паўплывалі на пераход да таталітарызму, акрамя пачатковага імкненьня Лукашэнкі да абсалютнай улады, можна адзначыць наступнае: · Рэзкі спад падтрымкі Лукашэнкі ў грамадзтве ў агуле і ва ўрадавых колах у прыватнасьці, і, як вынік, неабходнае ўстанаўленьне больш жорсткай сыстэмы ўлады; · Неабходнасьць падаўжэньня тэрміну знаходжаньня Лукашэнкі пры ўладзе незаконным шляхам, што магчыма менавіта ў рамках таталітарнай сыстэмы ; · Неабходнасьць больш жорсткага кантролю над інфармацыяй для ўхаваньня сапраўднага становішча справаў у эканоміцы. 3. Таталітарнай сыстэме цесна ў рамках адной краіны. Таталітарныя правадыры сур’ёзна хварэюць на месіянства. Лукашэнка -- не выключэньне. Ён прыйшоў да ўлады на папулісцкіх лёзунгах народнага заступніка і за гэтыя гады істотна пашырыў сфэру сваіх апетытаў. Не суразьмяраючы вагу Беларусі на міжнароднай арэне з сваімі амбіцыямі, Лукашэнка ў сваіх заявах заклікаў да аднаўленьня СССР, будаўніцтва “славянскага саюзу” з Расеяй і Югаславіяй, стварэньня восі Пекін--Дэлі--Масква--Менск--Тэгеран і г.д. Гэтыя заявы былі не настолькі бяскрыўднымі, як яны падаваліся на першы погляд. Ва ўсіх гэтых выпадках беларускі рэжым працаваў на дэстабілізацыю абстаноўкі ў суседніх краінах ці ў іншых рэгіёнах. Ён адкрыта падтрымліваў і працягвае падтрымліваць рэваншысцкія сілы ў Расеі. Нягледзячы на падпісаньне з Ельцыным дакумэнтаў аб саюзнай дзяржаве ў 1996-1999 гг., Лукашэнка публічна выказваўся супраць палітыкі і асобы былога прэзыдэнта Расеі. Дый і сёньня, калі ў Крамлі зьявіўся больш цьвярозы погляд на беларускага кіраўніка, Лукашэнку ўдаецца навязваць Расеі сваю палітычную інтрыгу, сыходзіць ад выкананьня забавязкаў, дэзавуіраваць ужо падпісаныя пагадненьні. Уся гульня з так званай саюзнай дзяржавай была задуманая толькі для таго, каб Лукашэнка мог заняць галоўныя пазыцыі ў расейскай палітыцы і праз некаторы час прэтэндаваць на пасаду прэзыдэнта Расеі ці саюзнай дзяржавы. Гэтыя пляны захоўваюцца да гэтага часу. Агульнавядомыя таксама сувязі беларускага рэжыму з таталітарнымі й аўтарытарнымі рэжымамі ў іншых краінах. Адной з самых небясьпечных праяваў таталітарнай сыстэмы зьяўляецца навязьлівае жаданьне мець сваю ўласную зброю масавага зьнішчэньня. Гэтым адрозьніваюцца ўсе таталітарныя дзяржавы незалежна ад памеру, геаграфіі і ўплыву. Беларускі кіраўнік увесь час зьвяртаецца да тэмы “звышзброі” ў сваіх публічных выступах. Некалькі гадоў таму падчас візыту ў цэнтар ядзерных дасьледаваньняў, ён наўпрост казаў, што навукоўцы павінны займацца ўсімі дасьледаваньнямі, маючы на ўвазе ваенныя распрацоўкі. Зусім нядаўна ён казаў пра наяўнасьць у Беларусі асаблівай звычайнай зброі. Калі ўлічыць той факт, што Беларусь была часткай ядзернай дзяржавы СССР, у якой ішлі актыўныя працы па ядзернай, хімічнай і біялягічнай зброі, то наўрад можна лёкка ставіцца да заяваў беларускага лідэра. 4. Таталітарная сыстэма адрозьніваеца ад аўтарытарнай тым, што імкнецца да кантролю над усімі бакамі грамадзкага жыцьця і мае ў гэтым посьпех. Грамадзкія й дзяржаўныя інстытуты існуюць фармальна і ня маюць магчымасьці самастойна вырашаць пытаньне сваёй жыцьцядзейнасьці. Урад існуе як прыдатак правячай групы і не валодае правам прыняцьця самастойных рашэньняў. За пэрыяд, які прайшоў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году, правячая група прыняла радыкальныя меры па ўзмацненьні татальнага кантролю над грамадзтвам, што і дазваляе казаць аб завяршэнні стварэньня ў Беларусі таталітарнай сыстэмы. · Практычна завяршылася фармаваньне сыстэмы ідэалягічнага кантролю, закліканай забясьпечыць ляяльнасьць усіх слаёў насельніцтва да ўлады. · Быў забясьпечаны кантроль над Фэдэрацыяй прафсаюзаў Беларусі, самай масавай прафсаюзнай арганізацыяй. Адзіны кандыдат ад апазыцыі на прызыдэнцкіх выбарах У.Ганчарык, які ачольваў Фэдэрацыю, быў спачатку заменены на больш паслухмянага Ф.Вітко, а затым на чіноўніка адміністрацыі Л.Козіка, які сёньня зьяўляецца ініцыятарам неабмежаванага падаўжэньня знаходжаньня Лукашэнкі на пасадзе прэзыдэнта. Афіцыйныя прафсаюзы страцілі нават падабенства аўтаноміі. · Была створаная масавая моладзевая арганізацыя Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі (БРСМ), падкантрольная ўладам. На студэнтаў і школьнікаў аказваецца ціск з мэтай прымусіць іх уступаць у БРСМ. · Адначасова зь ліквідацыяй апошніх незалежных выданьняў створаныя дадатковыя тэлеканалы і Fm-станцыі для ўзмацненьня прапагандовай працы з насельніцтвам. · Ідзе кампанія запалохваньня дырэктарскага корпусу, распачатыя сотні крымінальных справаў на рэальных эканамічных мэнэджэраў, якія здольныя праяўляць хоць нейкую самастойнасьць у гаспадарчых справах. · Разгорнутая сапраўдная вайна з прадпрымальнікамі, якія маглі б стаць асновай сярэдняга клясу ў рэспубліцы. · Фактычна ліквідаваныя беларускамоўныя літаратурныя выданьні, якія служылі крыніцай ня толькі беларускай гісторыі й культуры, але і альтэрнатыўным поглядам на сытуацыю ў краіне. · Прынятыя папраўкі да закона аб дэманстрацыях, згодна якіх у выпадку аднаразовага парушэньня могуць быць забароненыя партыі. Прызнаньне таго, што ў Беларусі завершанае будаўніцтва таталітарызму, дазволіць па-іншаму глянуць на дзеяньні апазыцыі ўнутры краіны й палітыку дэмакратычных дзяржаваў адносна Беларусі. Таталітарызм не дазваляе існаваць ні інстытутам дэмакратыі, такім, як парлямэнт, ні арганізаваным структурам дэмакратычных сілаў. Напрыклад, у СССР таксама быў фармальны парлямэнт, Вярхоўны Савет, аднак ніякай ролі ў кіраваньні дзяржавай ён не адыгрываў. У Беларусі фармальна існуюць такія арганізацыйныя формы дэмакратычнай супольнасьці, як партыі, NGO, незалежная прэса, парлямэнт. Аднак іх фукцыі кантралююцца ўладай – “парлямэнт”, або ім дазваляюць дзейнічаць ў строга адведзеных парамэтрах – незалежная прэса, або плянамерна вядуць справу да іх ліквідацыі – партыі. Партыйная арганізацыя апазыцыі пры таталітарных сыстэмах улады ў прынцыпе падаецца малаверагоднай. Таталітарызм ня можа дапусьціць арганізаванай стурктуры іншадумцаў, дый яшчэ і прызнаць законнасьць яе існаваньня. Беларускі досьвед, на жаль, пацьвярджае гэтую тэзу, нягледзячы на наяўнасьць у партыяў магчымасьці існаваць лягальна. Улада не разглядае апазыцыйныя партыі як законныя ўтварэньні, у іх няма доступу ні да кіраваньня дзяржаваю, ні да сродкаў масавай інфармацыі вялікіх накладаў, няма магчымасьці ўплываць на законы й практыку рэгуляваньня жыцьцядзейнасьці дзяржавы. Практычна ня маючы ніякіх правоў, партыі ў той самы час нясуць шматлікія абавязкі перад уладамі, невыкананьне якіх пагражае ім закрыцьцём. Адно з такіх забавязкаў мае сапраўды езуіцкі характар: партыі абавязаныя пры рэгістрацыі ці перарэгістрацыі падаваць уладам сьпіс сваіх чальцоў з падрабязным пазначэньнем анкетных дадзеных, уключна з месцам жыхарства й працы, тэлефоны і г.д. Такім чынам улады маюць магчымасьць кантраляваць кожнага чальца партыі. Драбленьне, узьнікненьне новых, больш ляяльных уладам партыяў, расколы й падзелы партыяў на групы наўрадці абыходзяцца без удзелу адпаведных спэцыяльных службаў. Гэта, акрамя іншага, сьведчыць пра тое, што пры таталітарызме партыйна арганізаваную апазыцыю лягчэй кантраляваць. Гэтая схема дзейнічае і адносна NGO, толькі з той розьніцай, што ў адрозьненьне ад партыяў зарэгістраваныя няўрадавыя арганізацыі вымушаныя проста максымальна абмяжоўваць сваю актыўнасьць для таго, каб прыцягваць як мага меней увагі ўладаў і захаваць хоць некую магчымасьць для будучай дзейнасьці. На прыкладзе беларускай сытуацыі можна прасачыць, як па меры трансфармацыі аўтарытарнага рэжыму ў таталітарны зьнішчаліся магчымасьці лягальных дзеяньняў, як апазыцыйных партыяў, так і арганізаваных структураў грамадзянскай супольнасьці. З тае прычыны, што аўтарытарнаму рэжыму для ўтварэньня бачнасьці дэмакратыі нельга было адразу забараніць партыі, NGO, незалежную прэсу, то нейкі час ім дазволена было існаваць у ранейшым рэжыме. Таталітарнай сыстэме такая бачнасьць патрэбная ўсё меней, бо на сёньня магчымасьці функцыянаваньня законна зарэгістраваных структур абмежаваныя да мінімуму, а ўлады стварылі сыстэму законаў і ўказаў, якія дазваляюць ў любы момант забараніць іх дзейнасьць. Варта падкрэсьліць, што сьцьверджаньне аб немагчымасьці існаваньня зарэгістраваных палітычных ці грамадзянскіх структур ніякім чынам не падвяргае сумневу шчырасьць грамадзянскай пазыцыі чальцоў партыяў ці няўрадавых арганіазцыяў. Наадварот, ахвярнасьць апазыцыйна настроеных людзей ня можа ня выклікаць павагі. Размова ідзе аб тым, каб паспрабаваць зразумець, у якіх формах і якім чынам можна арганізаваць рэальную апазыцыю таталітарнаму рэжыму, якая можа прывесьці да яго зьмены. Як падаецца, асноўным паняткам ва ўмовах таталітарызму, як, зрэшты, і аўтарытарызму становіцца супраціў. Любая дзейнасьць, накіраваная на зьмену рэжыму павінна мець характар супраціву. Існуе багаты сусьветны досьвед супраціву, які неабходна выкарыстоўваць у Беларусі: ад негвалтоўнага супраціву (найбольш поўна ён сыстэматызаваны ў працах Джына Шарпа), дзеяньнях гандзістаў, да арганізаваных масавых выступаў польскай “Салідарнасьці” ці югаслаўскага “Отпора”, якія таксама мелі негвалтоўны характар, але ўключалі элемент гатоўнасьці да прымяненьня сілы з боку ўладаў. Прынцып супраціву, пакладзены ў аснову апазыцыйнай дзейнасьці, зможа па іншаму наладзіць працу зарэгістраваных структур. Стане зразумелай функцыянальная задача: арганізацыя акцыяў і кампаніяў супраціву. Недапушчаныя да прыняцьця рашэньняў палітычныя і грамадзянскія структуры, якія спрабуюць дабіцца якога-небудзь дыялёгу з таталітарнай уладаю асужданыя выступаць з слабых пазыцыяў прасьбіта, вымушаныя ісьці на ідэалягічныя кампрамісы дзеля падманлівай мэты захаваньня падабенства легальнасьці пры поўнай адсутнасьці закону ў дзяржаве. І, наадварот, арганізацыя акцыяў і кампаніяў супраціву вядзе да ўмацаваньня й пашырэньня базы апазыцыі, што ў выніку дазваляе вылучаць патрабаваньні ці нават ультыматумы ўладам. Пра гэта, у прыватнасьці, сьведчыць і досьвед польскага “круглага стала” і “аксамітная рэвалюцыя” ў Чахаславаччыне, і кампаніі ў Чылі, Пэру. Няправільная пастаноўка мэты – захаваньне й павелічэньне колькасьці легальных чальцоў структур – адводзіць ад рэальнай задачы зьмены таталітарнай улады. І, наадварот, прынцып супраціву дапамагае захаваньню структур і стварае ўмовы для аб’яднаньня сілаў рэальнай апазыцыі. Прызнаньне таго, што менавіта супраціў, а не спроба выяўляць партыю пры адсутнасьці інстытута партыяў у беларускай таталітарнай сыстэме як раз і дазволіць партыям знайсьці сэнс свайго існаваньня і захаваць трывалую базу для будучай дзейнасьці. Сусьветны досьвед зьмены таталітарнай сыстэмы сьведчыць пра тое, што асноўнай сілай пераменаў быў цэнтар супраціву, зь якога выходзілі асноўныя палітычныя партыі той ці іншай дзяржавы, але толькі пасьля перамогі дэмакратыі. Нядаўняя беларуская гісторыя пацьвярджае эфэктыўнасьць супраціву і неэфэктыўнасьць партыйнага падыходу. Калі ўдавалася арганізаваць непартыйны супраціў, (падкрэсьлім, з удзелам партыяў), напрыклад, кампанію байкоту парлямэнцкіх выбараў 2000 году ці Маршы Свабоды (Новая хваля) 1999-2000гг., ці моладзевыя акцыі 2001-2002 гадоў, моладзевую кампанію ў час прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году, то былі посьпехі. Калі партыі пачыналі выдзяляць ролю асобнай партыі, гэта прыводзіла да няўдачаў і расколу. Раскол адбыўся ў 1999г. у БНФ, калі лідэр Фронту заняў асобую пазыцыю, адрозную ад усіх дэмакратычных сілаў; у БСДП НГ, калі кіраўніцтва партыі заняла партыйную пазыцыю на парлямэнцкіх выбарах 2000г., у іншых дробных партыях. Ніводная з рэальных сёньня ў Беларусі партыяў ня можа павыхваляцца павелічэньнем колькасьці сваіх сяброў, у той час як акцыі супраціву дазваляюць прыцягваць актывістаў, якія адышлі ад партыйнага жыцьця. Яшчэ адзін прынцып важны для посьпеху дэмакратычных сілаў: барацьба з таталітарызмам як з сыстэмай. Іншымі словамі, спробы зьмяніць асобныя элементы сыстэмы асуджаныя на няўдачу. Досьвед беларускай сытуацыі пацьвярджае гэтае сьцьверджаньне. Намаганьні партыяў і грамадзкіх арганізацыяў па зьмене выбарчага заканадаўства, законаў аб дэманстрацыях, рэгуляваньня дзейнасьці СМІ, спробы дабіцца справядлівасьці ў залежнай ад уладаў судовай сыстэме, дзеля якіх палітычныя і грамадзянскія арганізацыі дэманстравалі гатоўнасьць прызнаць законнасьць незаконных органаў улады і такім чынам легалізаваць усю сыстэму, прыводзілі толькі да пагаршэньня становішча дэмакратычных сілаў, нарошчваньня рэпрэсіяў з боку ўладаў, расколам у цэнтрах апазыцыі. За кожным дзеяньнем дэмакратычных сілаў павінна стаяць непрызнаньне таталітарнай сыстэмы і арганізацыя супраціву гэтай сыстэме. Толькі гэта можа дазволіць дабіцца канчатковага выніку. І, наадварот, намаганьні па зьмене асобных элемэнтаў сыстэмы могуць прывесьці да легалізацыі сыстэмы ў агуле. Напрыклад, ужо сёньня ўлады могуць казаць аб прызнаньні апазыцыяй сваіх неканстытуцыйных дзеяньняў і існаваньня незаконных органаў, бо асобныя палітычныя структуры, якія заяўлялі аб непрызнаньні канстытуцыйнага перавароту 1996 году, апелююць да гэтых органаў у сваіх дакумэнтах. 5. Вельмі важным для разуменьня магчымасьцяў дэмакратычных сілаў у Беларусі зьяўляецца ўсьведамленьне значэньня вонкавага фактару. Уласьцівасьці таталітарызму, вытанчанасьць мэтадаў утрыманьня ўлады такія, што пры адсутнасьці сур’ёзнага вонкавага ціску дэмакратычныя сілы ўнутры краіны проста ня маюць магчымасьцяў зьмяніць сыстэму ўлады. Ня будзем браць прыклады экстрэмальнага ціску -- Югаславію і Ірак – хаця і яны ўкладваюцца ў мадэль дэмакратызацыі, можна згадаць нядаўнія дэмакратычныя рэвалюцыі ва Ўсходняй Эўропе. Усе яны адбываліся толькі дзякуючы наяўнасьці вонкавых фактараў. Ціск Захаду, перш за ўсё ЗША, прывёў да зьнікненьня савецкай таталітарнай дзяржавы і разбурэньня ўсяго лягеру таталітарных рэжымаў Усходняе Эўропы. Б.Ельцын у СССР, В.Гавэл у ЧССР, Л.Валенса ў Польшчы ня мелі б шанцаў, каб гэтыя краіны ня мелі ўплыву тых працэсаў, якія пачаліся ў СССР пад ціскам Захаду. Бо ні Венгерскія падзеі 1956 году, ні выступленьні студэнтаў і рабочых у Польшчы ў 60-ыя і 70-ыя гады, ні Пражская вясна 1968 году не прывялі да падзеньня таталітарызму менавіта таму, што савецкая сыстэма супрацьстаяла вонкаваму ўплыву ажно да прымяненьня сілы. Беларусь не завяршыла сваю рэвалюцыю пачатку 90-х і сёньня аказалася па-за зонай дзеяньня тых працэсаў, якія назіраліся ў той час. Хваля дэмакратызацыі тых гадоў прайшла і прынесла з сабой дэмакратычныя зьмены ва ўсіх суседніх зь Беларусьсю краінах. Беларуская намэнклятура вытрымала гэтую хвалю, выстаяла і вылучыла сваім лідэрам аўтарытарнага палітыка, які дастаткова пасьпяхова пабудаваў у Беларусі таталітарную сыстэму. Сёньня тых умоваў, калі Беларусь знаходзілася ў цэнтры дэмакратычных працэсаў, ужо ня будзе. Нягледзячы на прыхільнасьць суседзяў да захаду ад Беларусі прынцыпам дэмакратыі, іх надзённыя інтарэсы ляжаць у іншай плоскасьці, чым дапамога суседняй краіне, якая адстала ад гэтых працэсаў. Яны занятыя ўмацаваньнем і разьвіцьцём дэмакратыі ў сваіх дзяржавах, уступленьнем у дэмакратычныя альянсы, удзелам у міжнародных стасунках дэмакратычных дзяржаваў. Гэтыя дзяржавы могуць дапамагчы перадачай свайго досьведу, пэўнай падтрымкай на міжнароднай арэне, аднак самі яны ня могуць арганізаваць ціск на таталітарную сыстэму, які павінен прывесьці да яе зьмены. Такім чынам, адказнасьць за зьмену таталітарызму ў Беларусі ляжыць у большай ступені на “старых” дэмакратыях Захаду, калі яны зразумеюць, што адбываецца ў Беларусі і паставяць інтарэсы дэмакратыі вышэй за неадкладныя эканамічныя выгоды. Непасьлядоўнасьць Захаду ў адстойваньні ў Беларусі сваіх прынцыпаў заслугоўвае асобнай размовы. Абмяжуемся толькі некалькімі прыкладамі. · Працягваюцца спробы ўгаварыць таталітарны рэжым «добра сябе паводзіць”. Асабліва цынічна выглядаюць спробы разьмяняць зьмягчэньне пакараньня некаторым палітычным вязьням на прызнаньне рэжыму, што непазьбежна прывядзе да большай колькасьці “вязьняў сумленьня”. · Рада Эўропы гатовая разьмяняць мараторый на сьмяротнае пакараньне (а хто ва ўмовах таталітарызму зможа гэта кантраляваць?) ці ўвядзеньне пасады омбудсмэна (ва ўмовах таталітарызму цалкам падкантрольнага ўладам) на прызнаньне беларускага рэжыму. · Зьявілася тэза аб тым, што “ізаляцыя Беларусі не ідзе на карысьць народу”, які служыць для апраўданьня пашырэньня гандлёва-эканамічных сувязяў з таталітарным рэжымам. · На карысьць адносінаў з Расеяй заходнія дзяржавы гатовыя заплюшчваць вочы на тое, што адбываецца ў Беларусі. · Унутры Беларусі заходнія дзяржавы прынялі гульню ў партыі, якую вядзе таталітарны рэжым, і сталі ўспрымаць як сваіх дэмакратычных партнэраў многія партыі, якія ніякага дачыненьня да дэмакратычных сілаў ня маюць. У выніку пасьлядоўна дэмакратычныя партыі, такія, як БНФ і АГП, аказаліся прыроўненыя да партыяў зь няпэўнай пазыцыяй, да таго ж у меншысьці сярод іх. Гэта прыводзіць да размыцьця й раскола пасьлядоўна дэмакратычных сілаў, нараджае безсэнсоўную канкурэнцыю паміж дэмакратамі і ляялістамі і адцягвае ўвагу ад прынцыповых задачаў рэалізацыі правоў чалавека: альтэрнатыўнай інфармацыі, права на жыцьцё, спыненьня палітычных перасьледаў. У той самы час таталітарны рэжым ня толькі не зьбіраецца прыслухоўвацца да мягкіх парадаў зьмяніць свае паводзіны, але і дэманструе гатоўнасьць прымаць жорсткія меры, у тым ліку і адносна Захаду. Практычна без наступстваў засталося забойства двух амэрыканскіх аэранаўтаў на паветраных шарах у 1996 году, грубая высылка заходніх амбасадараў зь іх рэзыдэнцыяў у 1998 годзе, сталыя абвінавачваньні заходніх дыпляматаў у шпіянажы, высылка зь Беларусі ўсіх заходніх фондаў, пачынаючы з Фонду Сораса ў 1997 годзе, выцісканьне з краіны місіі АБСЭ ў 2002 годзе (больш за тое, АБСЭ пайшла на саступкі таталітарнаму рэжыму, калі прыняла пусты мандат). Усё гэта ў спалучэньні з ускоснай, а часам прамой эканамічнай дапамогай працуе толькі на ўмацаваньне таталітарнага рэжыму ў Беларусі. *** Як згадвалася вышэй, ня ўсе клясычныя прызнакі таталітарызму ХХ ст. прысутнічаюць у беларускай сытуацыі, аднак гэта не мяняе сутнасьці створанай сыстэмы. Адсутнасьць адзінай масавай партыі пры ўладзе не мяняе сутнасьці маністычнай улады, а ў чымсьці нават спрашчае ажыцьцяўленьне ўладных функцыяў і дазваляе цалкам ігнараваць інстытут партыяў. Адносна просты доступ да інфармацыі, праз “інтэрнэт” ці замежныя каналы, не азначае даступнасьць альтэрнатыўнай інфармацыі па эканамічных і тэхнічных прычынах. Магчымасьць адносна вольна пакідаць краіну і вяртацца ў яе ня сьведчыць пра нейкія свабоды. Па-першае, палітычныя гульні ў “саюз” з Расеяй не дазваляюць закрыць беларуска-расейскую мяжу, без чаго абмежаваньне выездаў становіцца безсэнсоўным. Па-другое, як аказалася, адносна свабодны выезд за мяжу не пагражае існаваньню таталітарнай сыстэмы ўнутры краіны, і ў пэўнай ступені дапамагае без асаблівага шуму пазбаўляцца ад апанэнтаў рэжыму, што эмігруюць на Захад. Той факт, што ў адрозьненьне ад большасьці таталітарных рэжымаў Лукашэнка адмовіўся ад нацыяналізму, не зьяўляецца новаўвядзеньне
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|