Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У менскім мэтро больш няма станцыі «Плошча Незалежнасьці» 11:04, 30/07/2003, Ганна Соусь, Радыё Свабода, фотa IREX/Promedia
У менскім мэтро больш няма станцыі «Плошча Незалежнасьці». Замест яе ў цягніках цяпер абвяшчаюць «Плошча Леніна». Як сьцьвярджаюць прадстаўнікі Менскага мэтрапалітэну, станцыі «Плошча Незалежнасьці» афіцыйна ніколі не існавала.
Абвестка ў мэтро: “Cтанцыя “Плошча Леніна”. Выхад да чыгуначнага вакзалу”.
Гэтак цяпер у менскім мэтро абвяшчаюць станцыю, якую 12 гадоў называлі “Плошчай Незалежнасьці”.
Назва “Плошча Леніна” ніколі не зьнікала са сьценаў станцыі пасьля перайменаваньня самой плошчы ў 1991 годзе. Нават калі летась рабілі рамонт падземнага пераходу з боку чыгуначнага вакзалу, назву “Плошча Леніна” захавалі. У Менскім мэтрапалітэне Радыё Свабода паведамілі, што назвы “Плошча Незалежнасьць” ніколі не існавала. Гаворыць начальнік тэхнічнага аддзелу Мэнскага мэтрапалітэну Ўладзімер Кавальскі:
-- Афіцыйнага рашэньня аб перайменаваньні плошчы Леніна ў плошчу Незалежнасьці няма. Былі нейкія вусныя распараджэньні кіраўніцтва Менгарвыканкаму.
Паводле начальніка тэхнічнага аддзелу менскага мэтро Ўладзімера Кавальскага, усё пачалося з замены схемаў мэтро месяц таму. Новыя схемы са сваёй рэклямай і назвай “Плошча Леніна” вырабіла кампанія мабільнай сувязі “Velcоm”.
Вяртаньне імя бальшавіцкага лідэра Леніна набывае ў Беларусі ўсё больш шырокі характар. Сёлета ў Менску была на некалькі кілямэтраў падоўжаная вуліца Леніна. У Чэрыкаве на Магілёўшчыне на ініцыятыву мясцовых прафсаюзаў цяпер зьбіраюць грошы на рэстаўрацыю помніка Леніну.