Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Зварот навучэнцаў Беларускага Ліцэю 15:39, 30/07/2003
Шаноўная грамадзкасьць! Мы, навучэнцы Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа, лічым сваім абавязкам паведаміць Вам пра разьвіцьцё падзеяў вакол нашай навучальнай установы. У першую чаргу, гэта выклікана хваляй дэзінфармацыі, якая замяніла зацятае маўчаньне дзяржаўнай прэсы.
25 чэрвеня 2003 г. Савет міністраў прыняў пастанову паводле якой НДГЛ імя Якуба Коласа быў ліквідаваны. Падпісаў яе Генадзь Навіцкі. Гарадзкім уладам рэкамендавалася стварыць Мінскі гуманітарны ліцэй. Афіцыйнай падставай для гэтага стала "аптымізацыя навучальнага працэсу". Студэнтам былога НДГЛ было гарантаванае перавядзеньне "ў гарадзкі ліцэй і ў іншыя навучальныя ўстановы, якія забясьпечваюць сярэднюю адукацыю". Наконт выкладчыкаў у пастанове не было сказана ані слова. Таксама невядома, ці навучаньне будзе весьціся па-беларуску, бо гарадзкі ліцэй займее новы статут, а, як вядома, “у нас у краіне дзьве дзяржаўныя мовы”, пра што не забываюць нагадаць чыноўнікі.
Аднак і Менскага гуманітарнага ліцэю дагэтуль фактычна не існуе. Замест ягонага стварэньня, пастановаю гарвыканкама ад 9 ліпеня 2003 г. навучэнцы былі разьмеркаваныя па школах і гімназіях сталіцы. Такім чынам зьнішчаецца як пэдагагічны, так і вучнёўскі калектыў.
Апошнім часам афіцыйныя асобы пэрыядычна паўтаралі выраз “детям нужно учиться”. А цяпер мы не ведаем, дзе і як прыйдзецца вучыцца з 1 верасня. Зразумела адно – нам патрэбна якасная беларускамоўная адукацыя. Можа Менгарвыканкам і лічыць, што, раскідаўшы нас па розных кутках гораду, магчыма яе нейкім чынам палепшыць, але такое меркаваньне сьведчыць толькі пра поўную некампетэнтнасьць.
Ні лісты да дзяржаўных служачых, ні візыты ў Міністэрства адукацыі і Адміністрацыю прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь нічога ня далі апроч шаблонных адказаў, што ліцэй зьліквідаваны. На вулічных акцыях, якія праходзілі без парушэньняў заканадаўства, можна было пачуць толькі грубую лаянку з боку міліцыянтаў.
Працягам нашай дзейнасьці стала стварэньне маладзёвай ініцыятывы “Ліцэйская грамада”, галоўная мэта якой - абарона права дзяцей на атрыманьне якаснай і жаданай адукацыі. Мы не патрабуем нічога звыш таго, што нам гарантуецца законамі. “Ліцэйская грамада” – аб’яднаньне ліцэістаў, студэнтаў, а таксама ўсіх ахвотных і зацікаўленых людзей. Мы імкнемся не да нейкіх абстрактных ідэяў, а да вырашэньня канкрэтных пытаньняў. Ад узроўню адукацыі й культуры сучаснай моладзі залежыць будучыня Беларусі. Таму мы спадзяемся на Ваша разуменьне й падтрымку.