Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Нізкія адсоткі прывядуць да адтоку ўкладаньняў 14:48, 30/07/2003
Рэкамэндаваны Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь межавы ўзровень адсоткавых ставак па крэдытах у беларускіх рублях прывядзе да адтоку з банкаўскай сыстэмы дэпазытаў насельніцтва. Такую думку выказаў "Интерфаксу" экспэрт Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Валеры Дашкевіч.
У адпаведнасьці з рэкамэндацыямі кіраваньня РБ па зноў выдаваемых крэдытах у беларускіх рублях працэнтныя стаўкі прапанавана вызначаць з перавышэньнем у жніўні ня больш за 5% базавай стаўкі рэфінансаваньня, у верасьні-кастрычніку - ня болей за 4% і ў лістападзе-сьнежні - ня больш за 3%.
Да канца сёлетнега году плянуецца зьніжэньне стаўкі рэфінансаваньня Нацыянальнага банку Рэспублікі Беларусь да 27%.
Экспэрт патлумачыў, што бліжэйшым сьледзтвам усталяваньня жорсткіх нарматываў працэнтных ставак па крэдытах стане зьніжэньне банкамі працэнтных ставак па дэпазытах, у першую чаргу, па ўкладаньнях насельніцтва. Паводле яго прагнозу, пры фіксаванай стаўцы крэдыту з перавышэньнем стаўкі рэфінансаваньня на 5% стаўка па дэпазытах насельніцтва зьнізіцца да 26-28% (на дадзены час 30-32%).
Экспэрт таксама адзначыў, што ўзровень інфляцыі за 2003 год можа скласьці ня менш за 35%. Такім чынам, стаўкі па дэпазытах ня будуць кампэнсаваць узровень інфляцыі, што непазьбежна прывядзе да адтоку з банкаўскай сыстэмы ўкладаньняў насельніцтва і падвышанаму попыту на наяўную валюту, адзначыў ён.
Акрамя таго, на думку суразмоўцы агенцтва камэрцыйныя банкі будуць максымальна пазьбягаць доўгатэрміновага крэдытаваньня, арыентуючыся на кароткатэрміновыя крэдыты з мэтай паскоранай зваротнасьці сродкаў. На практыцы гэта можа прывесьці да адтэрміноўкі на няпэўны тэрмін рэалізацыі доўгатэрміновых праграмаў мадэрнізацыі беларускіх прадпрыемстваў, асабліва ва ўмовах скрайне недастатковага прытоку замежных інвэстыцыяў, сказаў В.Дашкевіч.