Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
«Жывы калідор» абаронцаў Беларускага ліцэю 10:29, 01/08/2003
31 ліпеня ў 8.30 група ліцэістаў ды іхных бацькоў прайшлі да будынку гарадзкога ўпраўленьня адукацыі Менгарвыканкаму (вул.Кірава, 5). Блізу 50 чалавек з плякатамі “Ліквідуецца адзіны беларускамоўны ліцэй”, “Беларускаму ліцэю — беларускую будучыню”, “Дайце нам вучыцца” і інш. наладзілі “жывы калідор”, каб паглядзець у вочы чыноўнікам, якія перашкаджаюць дзейнасьці ліцэю. Гэта ўжо другая падобная акцыя на тыдні (першы “жывы калідор” прайшоў 29 ліпеня). На працягу гадзіны, пакуль доўжылася акцыя, да ўдзельнікаў ня выйшаў ніводзін з чыноўнікаў камітэту адукацыі. Затое выпадковыя мінакі ахвотна падпісваліся ў абарону ліцэю: былі сабраныя 54 подпісы.
Пры канцы акцыі прыбыў нарад міліцыі Кастрычніцкага РАЎС на чале з намесьнікам начальніка гарадзкога ўпраўленьня міліцыі палкоўнікам Вараб’ёвым. Але спробы затрымаць удзельнікаў акцыі (пераважна ліцэістаў) былі марныя, бо ня мелі юрыдычных падставаў.