Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
2 жніўня ў Барысаве з рашэньня гарадзкіх уладаў праводзіўся другі этап гарадзкога суботніка. Першы этап адбыўся 26 ліпеня, але барысаўцы даведаліся пра гэта з апошняга нумару газэты "Адзінства" ад 31 ліпеня. У калёнцы афіцыйнай інфармацыі гарвыканкаму паведамлялася, што 26 ліпеня прайшоў першы этап суботніку, а 2 жніўня адбудзецца другі. Кіраўнікам калектываў усіх формаў уласнасьці прадпісана перавесьці аднадзённыя заробкі за 26 ліпеня і 2 жніўня на адмысловы рахунак выканкаму ў адным зь мясцовых аддзяленьняў "Беларусбанка". Грошы прызначаюцца для ўпарадкаваньня Барысаву. Пры гэтым мясцовыя ўлады адзначалі, што загад аб суботніку 26 ліпеня быў выдадзены “заднім чыслом”. І рэкамэндавалі кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацыяў правесьці “неабходную тлумачальную працу” ў сваіх працоўных калектывах адносна неабходнасьці такое акцыі.
Аднак, калі да пачатку другога этапу гарадзкога суботніку яшчэ заставалася двое сутак і ў заводзкіх адміністрацыяў быў час для таго, каб паведаміць сваім працоўным калектывам аб акцыі, то можна толькі здагадвацца, як людзі ўспрынялі інфармацыю пра тое, што яны павінны “добраахвотна” аддаць свае заробкі яшчэ за адзін суботнік.
Камэнтуючы БелаПАН ініцыятыву мясцовых уладаў, лідэр Барысаўскай партыйнай арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Генадзь Гаўрусёў сказаў: “Суботнікам, добраахвотнай працай на карысьць грамадзтва, у згаданых рашэньнях гарсавету й гарвыканкамах нават ня пахне. Затое дакладна акрэсьліваецца ганебная практыка час ад часу пры недахопе дзяржсубсідыяў лазіць па кішэнях працоўных. З пачатку году, адзначыў Генадзь Гаўрусёў, гэта так званае сьвята бясплатнай працы ўжо трэцяе па ліку”. Першы суботнік у Барысаве прайшоў 19 красавіка ў рамках агульнарэспубліканскай акцыі.