Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Усясьветная Канфэдэрацыя Працы абараняе прафсаюз Наваполацкай ТЭЦ 14:36, 04/08/2003
Усясьветная канфэдэрацыя працы накіравала ўраду, міністру энэргетыкі Беларусі й прэзыдэнту канцэрну “Белэнэрга” заяву з пратэстам супраць парушэньня правоў чальцоў Свабоднага прафсаюзу Беларускага (СПБ) на Наваполацкай ТЭЦ, паведамляе БелаПАН.
Пазыцыя гэтай уплывовай міжнароднай арганізацыі прадстаўленая ў заяве дастаткова жорстка: УКП патрабуе ад наймальніка павагі да міжнароднага й нацыянальнага заканадаўства. “Нашую арганізацыю, - гаворыцца ў дакумэнце, падпісаным генэральным сакратаром УКП Вілі Цісам, - праінфармавалі аб ціску, які аказваеццца на чальцоў СПБ апошнія чатыры месяцы, звальненьні актывістаў прафсаюзу й парушэньнях працоўных правоў. Мы лічым, што гэтая сытуацыя недапушчальная і супярэчыць як міжнароднаму, так і беларускаму заканадаўству”.
Акрамя таго, адзначаецца ў заяве, “адміністрацыя Наваполацкай ТЭЦ стала парушае канвэнцыю Міжнароднай арганізацыі працы аб калектыўных перамовах, ратыфікаваную ўрадам Беларусі”.
УКП просіць кіраўніцтва краіны і энэргетычнай галіны ўзяць адказнасьць за захаваньне павагі да правоў чальцоў свабоднага прафсаюзу, якія замацаваныя ў канвэнцыі МАП і працоўным заканадаўстве Беларусі.
У лісьце выказваецца надзея на тое, што "беларускі ўрад прыме неадкладныя меры па абароне правоў працоўных”.
Усясьветная канфэдэрацыя працы аб’ядноўвае нацыянальныя прафцэнтры, якія прадстаўляюць 26 мільёнаў рабочых з многіх краінаў.