Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Жонка, дзеці і ўнук Юрыя Захаранкі вырашылі не вяртацца ў Беларусь. Пра гэта паведаміў кіраўнік грамадзкай арганізацыі "Прававая дапамога насельніцтву" Алег Волчак, які нядаўна пабываў у Нямеччыне ў гасьцях у сям’і Захаранкі. "Вольга Барысаўна вырашыла, што дочкам і ўнуку ў Бэрліне будзе лепей, а самае галоўнае – спакайней, чым у Беларусі, -- распавядае Алег.—Жонка Захаранкі спадзяецца пры гэтай уладзе даведацца падрабязнасьці выкраданьня мужа, мала давярае новаму сьледчаму, кажа, што ад яго нічога не залежыць”.
“Я ўжо да ўсяго гатовая: калі Юра мёртвы, няхай скажуць... —кажа Вольга Барысаўна. – Няхай толькі не хлусяць і не маўчаць”.
"Некаторыя блізкія да сям’і Захаранкі людзі распавядаюць, нібыта яны жывуць у Бэрліне ў трохпавярховым шыкоўным катэджы, езьдзяць на дарагіх машынах. Але я ведаю, што ў сям’і Захаранкі дастаткова складанае фінансавае становішча, яны абмяжоўваюць сябе ва ўсім, -- распавядае Алег. – Калі я прыехаў, у іх у кватэры за няўплату сьвятло адключылі”.
Дачка Юрыя Захаранкі разьвялася з мужам, зараз паміж імі завяршаецца маёмасная спрэчка.
Унуку Юрыя Захаранкі Кірылу ўжо чатыры годзікі. Ён свабодна размаўляе на нямецкай і расейскай мовах і ўжо не памятае, што жыў у Беларусі. Вольга Барысаўна кажа, што ўнук – зараз яе адзіная радасьць у жыцьці: “Без яго я б проста звар’яцела”.
Кватэру ў Менску Вольга Захаранка намерваецца прадаць. Аднак гэта немагчыма зрабіць да таго часу, пакуль Юрыя Захаранку не прызнаюць памерлым.
“Старшыня Вярхоўнага суда другі месяц трымае ў сябе крымінальную справу, -- кажа Волчак. – Ён вырашае, прызнаваць Захаранку памерлым ці не. Хаця, паводле беларускіх законаў, калі чалавека няма тры гады, яго прызнаюць памерлым. На мой погляд, улада такі чынам проста зьдзекуецца над сям’ёй гэтага чалавека”.
Маці Юрыя Захаранкі пераяжджаць да нявесткі не зьбіраецца. “Я буду чакаць Юру дома”, -- цьвердзіць Ульяна Грыгор’еўна.
Як ужо паведамляла "Народная воля", у адным доме з Вольгай Барысаўнай жыве экс-начальнік СІЗА №1 палкоўнік Алег Алкаеў. За некалькі дзён да таго, як у прэсе былі апублікаваныя два рапарты на імя міністра ўнутраных справаў У.Навумава -- яго і экс-начальніка ГУКМ МУС генэрал-маёра Мікалая Лапаціка -- Алкаеў зьехаў у Нямеччыну, праз некалькі месяцаў атрымаў там палітычны прытулак. За гэты час ён даў некалькі скандальных інтэрвію, у якіх распавёў некаторыя падрабязнасьці зьнікненьняў Захаранкі, Ганчара й Красоўскага.
Паводле Алега Волчака, цёплых стасункаў паміж Алегам Ленадавачам і сям’ёй Захаранкі не склалася. “Яны вельмі рэдка кантактуюць, -- кажа Волчак. – Вольга Барысаўна распавядае, што к Алкаеву часта прыяжджаюць ня толькі жонка й дзеці, але і іншыя людзі. Падавалася, Алкаеў павінен быў усялякім чынам падтрымліваць жонку й дачок экс-міністра ўнутраных справаў, дапамагаць ім, але ён заняў дастаткова дзіўную пазыцыю і па нейкіх прычынах пазьбягае іх”.
Цікава, па якіх?.. Можа ён ведаў, для каго і для чаго выдае расстрэльны пісталет?
Вольга Барысаўна крыўдзіцца, што ў апошні час у Беларусі ніхто не цікавіцца іх лёсам. “Ім перасталі тэлефанаваць і пісаць нават добрыя знаёмыя й сябры Юрыя Мікалаевіча”, -- кажа Волчак.
Некаторыя сьцьвярджаюць, быццам міністар унутраных справаў Юры Захаранка асабіста прымаў удзел у разгоне дэпутатаў Вярхоўнага Савету, якія абвесьцілі галадоўку ў Авальнай залі. Вольга Барысаўна сьцьвярджае, што гэта ня так. "Юра адмовіўся выконваць загад Лукашэнкі аб разгоне дэпутатаў, -- кажа яна. – І забараніў сваім намесьнікам умешвацца ў гэтую справу. Але адзін зь іх – Валянцін Агалец – усё ж такі вырашыў выконваць загад Лукашэнкі. Агалец працаваў пад кантролем Шэймана". (Праз некаторы час Агалец зьмяніў Захаранку ў крэсьле міністра ўнутраных справаў Беларусі).
Вольга Барысаўна стала падтрымлівае сувязь зь сям’ёй Карпенкі. Дарэчы, у бліжэйшую будучыню жонка й дзеці Карпенкі зьбіраюцца пераехаць у Бэрлін.