Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Жніву надаецца статус ідэалягічнай кампаніі 10:50, 04/08/2003, Ігар Карней, Радыё Свабода
Сёлетняе жніво паўтарае рысы традыцыйных у савецкі час “бітваў за ўраджай”, улучна зь іх ідэалягічнымі атрыбутамі. Непасрэдна на палявы стан будуць дастаўляцца сьвежыя нумары дзяржаўных газэтаў і справаздачы пра міжкалгасныя спаборніцтвы; а ў гонар найлепшых камбайнэраў ля будынкаў праўленьняў калгасаў будуць уздымаць сьцягі працоўнай славы.
Ці сапраўды звычайнай уборцы ўраджаю спрабуюць прышчапіць прапагандысцкі статус? Няўжо нехта яшчэ ў Беларусі верыць, што ад таго, што непасрэдна на полі камбайнэр прачытае газэту “Советская Белоруссия” павялічыцца ўраджай? Ня ведаю, як самі земляробы і мэханізатары, але высокае чынавенства, здаецца, верыць.
Усе аблвыканкамы атрымалі ўрадавы загад, асноўная мэта якога сфармуляваная наступным чынам: “Ажыцьцявіць комплекс мерапрыемстваў у ідэалягічным і культурным забесьпячэньні ўборачнай кампаніі”. Пра тое, што гэта ня мыльныя бурбалкі, сьведчыць размах ідэалягічных захадаў. Толькі ў Менскай вобласьці ў гэтай працы будуць задзейнічаныя 22 рэгіянальныя штабы, 127 раённых і 337 сельскіх інфармацыйна-прапагандысцкіх групаў. Сярод задачаў гэтых ударных батальёнаў — каардынацыя ідэалягічнай працы, інфармаваньне ўдзельнікаў жніва пра найважнейшыя падзеі ў жыцьці краіны і за яе межамі.
Сёлета ў плянах інфармацыйна-прапагандысцкай працы райвыканкамаў адно з прыярытэтных месцаў займае выкарыстаньне розных формаў апэратыўнай нагляднай агітацыі — “Баявых лісткоў”, “Маланак”, “Інфармацыйных бюлетэняў”. Рэкамэндуецца рабіць акцэнт на сацыяльную сатыру — выводзіць на чыстую ваду п’яніцаў, гультаёў і наогул усіх, хто не разумее значнасьці жніва па-беларуску.
Упершыню непасрэдна да камбайнаў будуць дастаўляць друкаваныя выданьні — вось толькі ня ведаю, ці заплянаваныя чытаньні ўголас перадавіцаў “Советской Белоруссии”. Але кульмінацыяй ідэалягічнай кампаніі, мяркуецца, стане ўтварэньне ў райвыканкамах прэсавых цэнтраў, дзе будуць зьбірацца справаздачы пра посьпехі ў патрыятычным выхаваньні кіроўцаў і мэханізатараў. Такім чынам, колькасьць працаўнікоў на калгасных нівах істотна павялічыцца. Хтосьці будзе жаць, а хтосьці на трубе граць. Актыўнасьць беларускіх прапагандыстаў ужо перавышае нават савецкі досьвед.