Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» звяртаецца да Міністэрства інфармацыі па тлумачэньні 15:11, 05/08/2003, Прэс-служба ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»
"Беларуская асацыяцыя журналістаў" зьвярнулася 4-га жніўня да міністра інфармацыі з просьбай праясьніць сытуацыю з друкарнямі, якія адмаўляюцца працаваць зь некаторымі недзяржаўнымі выданьнямі. Гаворка найперш ідзе пра газэты, якія зьмяшчалі на сваіх старонках матэрыялы журналістаў прыпыненай "Белорусской деловой газеты".
Зварот быў прыняты па просьбе выдаўца і галоўнага рэдактара баранавіцкай "Местной газеты" Анатоля Вайцяхоўскага, з якім у канцы ліпеня скасавалі дамовы Слонімская і Нясвіжская друкарні. З гэтага часу ніводнае прадпрыемства ў Беларусі не прымае яго выданьне ў друк, спасылаючыся на адсутнасьць тэхнічных магчымасьцяў. Між тым, БАЖ разглядае гэтую прычыну як "надуманую". Так, паводле інфармацыі Управы БАЖ, Слонімская друкарня загружаная не цалкам. "У адваротным выпадку заставалася б канстатаваць вельмі нізкі ўзровень развіцьця матэрыяльна-тэхнічнай базы прадпрыемстваў, многія зь якіх уваходзяць у сыстэму Міністэрства інфармацыі, і немагчымасьць далейшага разьвіцьця сыстэмы сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі", - сьцьвярджаюць у звароце сябры Управы.
БАЖ зьвяртае ўвагу на тое, што выпадак з "Местной газетой" - не адзіны: з аналягічнай праблемай сутыкнулася рэдакцыя газеты "Салiдарнасць". Як і сп. Вайцяхоўскі, галоўны рэдактар "Салідарнасці" Аляксандр Старыкевіч зьвязвае праблемы свайго выданьня з рэакцыяй уладаў на разьмяшчэнне матэрыялаў журналістаў прыпыненай "БДГ". Аднак беларускае заканадаўства "не забараняе абнародаваць у іншых СМІ матэрыялы журналістаў прыпыненага выданьня", - падкрэсьлівае БАЖ.
Зьвяртаючы ўвагу на тое, што адной з функцый Міністэрства інфармацыі зьяўляецца "недапушчэньне злоўжываньняў свабодай выдавецкай дзейнасьці і ўдасканальваньне правоў і свабодаў грамадзян у Рэспубліцы Беларусь", БАЖ просіць міністра ўдакладніць: ці адпавядаюць рэчаіснасьці зьвесткі, што кіраўнікам паліграфічных прадпрыемстваў рэкамендавана не друкаваць "Местную газету" і "Салiдарнасць", а таксама іншыя выданьні, якія прадастаўлялі свае старонкі журналістам "БДГ"? Акрамя таго, журналісты просяць міністра паведаміць, ці дазваляе тэхнічная база беларускіх друкарань заключаць дамовы на друкаванне газет "Местная газета" і "Салiдарнасць" і выпускаць іх адзін раз на тыдзень агульным накладам каля 20 тысяч асобнікаў?
БАЖ таксама зьвяртаецца да міністра з просьбай дапамагчы галоўным рэдактарам згаданых газэт знайсьці паліграфічную базу для друку на тэрыторыі Беларусі.