Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
ЗАЯВА: Беларусь павінна спыніць кампанію ціску на СМІ 10:41, 05/08/2003
Выступ амбасадара Стэфана Мінікеса на паседжаньні Сталай рады АБСЭ
Мы б хацелі яшчэ раз закрануць пытаньне аб свабодзе СМІ ў Беларусі і, у прыватнасьці, рашэньне ўладаў краіны аб адмове падаўжэньня тэрміну акрэдытацыі IREX – рашэньне, адносна якога Беларусь выказалася на мінулым тыдні. Мы б хацелі адзначыць, што IREX зьяўляецца некамэрцыйнай арганізацыяй, якая падтрымлівае праграмы разьвіцьця СМІ ў болей чым дзесяці краінах. Займаючыся галоўным чынам акадэмічнымі абменамі, IREX мае даўні і годны досьвед у справе абмену навукоўцамі з Эўропай. Яе праграмы ў галіне разьвіцьця СМІ праводзяцца ў такой жа адкрытай і празрыстай манеры, як і праграмы абменаў.
Дзейнасьць IREX у Беларусі ажыцьцяўляецца ў адпаведнасьці з двухбаковым пагадненьнем, падпісаным ЗША і Беларусьсю ў 1996 годзе. IREX выконвае ўмовы пагадненьня, як і адпаведныя сьцьверджаньні дзейнага ў Беларусі заканадаўства. Яна рэгулярна дзеліцца інфармацыяй аб сваіх праграмах з уладамі Беларусі. Яна выконвае патрабаваньні, датычныя рэгістрацыі абсталяваньня, якое ўвозіцца ў краіну. Яна ўвесь час дэманструе гатоўнасьць улічваць закляпочанасьць і прэтэнзіі з боку ўраду Беларусі.
Праблема заключаецца ў тым, што гэтыя прэтэнзіі маюць вельмі хісткі характар, увесь час мяняюцца. Так, у адным выпадку ўлады Беларусі паставілі пад сумнеў выкананьне гэтай арганізацыяй свайго статуту й законаў ЗША. IREX прадставіла доказы захаваньня сьцьверджаньняў статуту і заканадаўства ЗША. У другім выпадку ўлады краіны заявілі, што пры імпарце абсталяваньня ў Беларусь IREX не выканала пэўныя патрабаваньні санітарнага кантролю. Пасьля таго як IREX даведалася аб існаваньні такіх патрабаваньняў яна прыняла намаганьні для афармленьня адпаведных сэртыфікатаў. Пры гэтым пытаньне аб мэтазгоднасьці гэтых патрабаваньняў так і засталося без адказу.
Сп. Старшыня, гэтая праблема мае відавочны характар. Свабодныя СМІ ў Беларусі зьяўляюцца аб`ектам перасьледу. Незалежныя газэты закрываюцца ўладамі, а журналісты сядзяць за кратамі. IREX – гэта арганізацыя, якая садзейнічае незалежным СМІ. І ў гэтай якасьці яна таксама стала ахвярай кампаніі ўраду.
Мы ў чарговы раз патрабуем, каб улады Беларусі спынілі ганеньні адносна СМІ. Больш за тое, мы заклікаем Беларусь абмеркаваць падрыхтаваны ёй праект закону аб СМІ з АБСЭ і РЭ з мэтай прывядзеньня яго ў адпаведнасьці зь міжнароднымі нормамі.
Што тычыцца іншага пытаньня, але зьвязанага з гэтай тэмай, мы падзяляем закляпочанасьць, выказаную офісам АБСЭ ў Менску ў дакладзе ад 23 ліпеня адносна цяжкасьцяў, якія маюць месца ў рэалізацыі праектаў у галіне мясцовага самакіраваньня й выбарчага заканадаўства. Мы таксама ўсхваляваныя тымі абставінамі, што за шэсьць месяцаў адбылося толькі адно паседжаньне працоўнае групы па пытаньнях разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці.
Мы зьвяртаем увагу на даклад ад 18 сакавіка, які інфармаваў Сталую раду аб тым, што намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Сычаў прапанаваў сфармаваць «стала дзейныя працоўныя групы, зкаліканыя палегчыць працу групы АБСЭ» і, у прыватнасьці, падкрэсьліў, "што гэтыя групы будуць адкрытыя для ўдзелу НКО ў іх працы».
Зьвяртаючы ўвагу на гэты момант у час паседжаньня Сталай рады 2 красавіка, мы заявілі: «Мы спадзяемся на тое, што стварэньне чатырох працоўных групаў паслужыць паскарэньню -- а не замаруджваньню -- эфэктыўнай рэалізацыі праектаў, закліканых садзейнічаць выкананьню мандату групы АБСЭ. Мы лічым, што рэгулярны і сур`ёзны ўдзел НКО ў працы гэтых групаў ужо на першых этапах будзе садзейнічаць посьпеху гэтай працы і вітаем адкрытую пазыцыю, заяўленую беларускімі ўладамі».
Сп.Старшыня, згодна свайму мандату, група АБСЭ павінна дапамагаць ураду Беларусі ў будаўніцтве інстытутаў і разьвіцьці стасункаў з грамадзянскай супольнасьцю. Праекты, датычныя мясцовага самакіраваньня й выбарчага заканадаўства, неабходныя ў кантэксьце гэтага мандату, як і ўдзел НКО ў іх практычнай рэалізацыі. Мы заклікаем улады Беларусі да супрацоўніцтва з групай АБСЭ ў выкананьні ім свайго мандату, а таксама да пацьверджаньня свайго адкрытага запрашэньня ў адрас НКО да ўдзелу ў гэтых і іншых важных праектах, датычных будаўніцтва інстытутаў і фармаваньня грамадзянскай супольнасьці.
Сп. Старшыня, у Сталай радзе працягваюцца дыскусіі на тэму аб тым, як нам усталяваць прадуктыўныя ўзаемаадносіны зь Беларусьсю. Але падобна на тое, што на тле гэтых дыскусіяў Беларусь сама асуджае сябе на правал і ўчыняе дзеяньні, якія сур`ёзна абцяжарваюць супрацоўніцтва зь ёй. Мы будзем зь нецярпеньнем чакаць прызнакаў адыходу ад такой пазыцыі.
Распаўсюджана Бюро міжнародных інфармацыйных праграмаў Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША.