Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Пакуль не пачнуцца рэформы, будзе застой і загніваньне 11:10, 05/08/2003
Віцэ-прэзыдэнт Усясьветнага банку (УБ) па Эўропе й Цэнтральнае Азіі Ёханэс Лін лічыць, што «рана ці позна Беларусі давядзецца перагледзіць свой падыход да кіраваньня эканомікай». Пра гэта ён заявіў у інтэрвію ИТАР-ТАСС у сувяі з завяршэньнем 1 жніўня 2003 году сваёй дзейнасьці на пасадзе віцэ-прэзыдэнта УБ.
Ё.Лін лічыць, што Беларусь, дзе ён пабываў з афіцыйным візытам у траўні 2003 году, «вельмі цікавы выпадак». «Там усё яшчэ моцны цэнтральны кантроль з выкарыстаньнем розных механізмаў, уключаючы крэдыты, фіскальныя рычагі, захаваньне дзяржпрадпрыемстваў і гэтак далей. Сельская гаспадарка, па сутнасьці, нерэфармаваная. Беларусь, праўда, пазьбегнула буйнога краху: часткова праз цэнтральны кантроль, часткова праз істотнае субсідзіраваньне з боку Расеі. У гэтым сэнсе яна не пацярпела ад дэзінтэграцыі ў той самай меры, што і ншыя краіны рэгіёну», -- сказаў Ё.Лін.
На яго думку, Беларусь усё ж такі здолела пераарыентавацца ў экспартных адносінах на Заходнюю Эўропу, нягледзячы на абмежаваньні і «адмоўныя стымулы», дзякуючы гэтаму «ў яе захоўваецца вялікі патэнцыял». «Аднак пакуль ёсьць арыентацыя на механізмы, так бы мовіць, цэнтральнага плянаваньня камуністычнага кшталту, баюся, там будзе працягвацца застой. На дадзены момант Беларусь падаецца мне патэнцыйна ізаляванай, усё больш адсталай, усё больш аддаленай ад суседзяў», -- лічыць эканаміст.
У ацэнцы пэрспэктывы заплянаванага валютна-фінансавага саюзу з Расеяй, Ё.Лін падкрэсьліў, што спрыяльныя перамены ў Беларусі магчымыя толькі ў выпадку «належнай структурнай палітыкі -- па паляпшэньні дзелавога клімату, рэфармаваньню сельскай гаспадаркі, рэформе банкаўскага сэктару і г.д.». Калі гэтага не адбудзецца, Расея, паводле яго, «будзе ісьці сваім шляхам, а маленькая Беларусь – паціху загніваць у сваім куце».
Ё.Лін ня выключае росту напругі ў Беларусі, бо «перад вачыма будзе прыклад суседзяў – Польшчы, Літвы» і іншых балтыйскіх краінаў, якія «ідуць наперад сямімільнымі крокамі».
«Беларусь будзе такой анамаліяй у палітыцы і эканоміцы, што я нават не магу сабе ўявіць, што яна захавае ў сярэдне- і доўгатэрміновай пэрспэктыве цяперашнюю палітыку. Пачуцьцё ізаляцыі, расчараваньні стануць невыноснымі», -- лічыць Ё.Лін. Паводле яго, усё гэта прывядзе да перагляду краінай падыходаў да кіраваньня эканомікай, перадае БелаПАН.