Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Пытаньне аб даце будучай сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі й Ўладзімера Пуціна зараз самым сур’ёзным чынам вывучаецца ў сталіцах Расеі й Беларусі. У Менску лічаць, што тэрміны могуць быць вызначаныя ў бліжэшыя два тыдні. Перамовы прэзыдэнтаў пройдуць ва ўмовах, калі часткова зьнятыя спрэчныя пытаньні адносна пераходу на аздіную валюту. Днямі была дасягнутая папярэдняя дамоўленасьць аб тым, як будзе адбывацца эмісія адзінай валюты, пакуль, праўда, дамовіцца ўдалося толькі аб безнаяўных рублях. Прарыўным у гэтым сэнсе сталі перамовы ў мінулую пятніцу ў Санк-Пецярбургу на ўзроўні кіраўнікоў цэнтральных банкаў.
Амбасада Іраку ў нашай краіне спыніла сваю дзейнасьць. Камітэт па кіраваньні і аднаўленьні дзейнасьці МЗС гэтай краіны тлумачыць закрыцьцё свайго дыппрадстаўніцтва ў Менску тым, што Беларусь больш не прадстаўляе для Іраку стратэгічнага інтарэсу.
У вышэйшых навучальных установах Беларусі з 1 верасьня сёлетнега году будзе ўведзены курс ідэалёгіі. Акадэмія кіраваньня пры прэзыдэнце Беларусі ўжо распрацавала праграму новага наваучальнага курса для будучых спэцыяліста-ідэолягаў. Сёлета яго слухачамі стануць 70 чалавек, паведаміла “Белтэлерадыёкампанія”.
Паводле зьвестак з крыніцаў у Міністэрстве інфармацыі, Міхаіл Падгайны падаў у адстаўку з пасады міністра, і цяпер яе павінен прыняць ці адхіліць Аляксандар Лукашэнка. У міністэрстве ад усялякіх камэнтароў на гэты конт адмаўляюцца, і толькі першы намесьнік міністра Станіслаў Нічыпаровіч адказаў на пытаньне Радыё Свабода: “Вось-вось будзе ўсё вядома”.
6 верасьня Лібэральна-дэмакратычная партыя (ЛДП) правядзе свой чарговы, восьмы зьезд. Як паведаміў БелаПАН лідэр партыі Сяргей Гайдукевіч, на зьезьдзе будзе прынятае рашэньне аб вылучэньні кандыдата ад ЛДП на прэзыдэнцкія выбары. "Мы папярэдне рыхтуемся да гэтай падзеі, каб пасьля, як бальшыня партыяў, ня быць да яе арганізацыйна негатовымі”, -- сказаў С.Гайдукевіч. Можна не сумнявацца, што менавіта ён і стане кандыдатам у прэзыдэнты краіны.
Быў час, калі пра Ўкраіну казалі як пра «жытніцу Эўропы». Яна была настолькі багатай, што “вялікія палкаводзцы ўсіх часоў” лічылі за неабходнае для сябе накіроўваць свае войскі, каб заваёўваць яе. Сёньня некаторыя ўкраінскія пэнсіянэры могуць згадваць пра гэта ў чэргах па хлеб у харчовых крамах. Пасьля надзвычай суровай зімы леташнега году і доўгай засухі сёлетнім летам ураджай на Ўкраіне будзе такім невялікімі, што, напэўна, задаволіць патрэбы за кошт сваіх магчымасьцяў ня ўдасца. Рэзка вырасьлі кошты на зерневую прадукцыю, такую, як мука, макаронавыя вырабы й хлеб. За апошнія тыдні яны павялічыліся болей чым на 150 адсоткаў. Па ўсёй краіне людзі робяць запасы.
5 жніўня завяршыўся чарговы раўнд перамоваў "Газпрома" зь беларускімі чыноўнікамі па прыватызацыі "Белтрансгаза". Бакі запратакаліравалі ўсе разыходжаньні адносна стварэньня СП. І іх стала меней. Але ў прынцыповым пытаньні – пра кошт "Белтрансгаза" – беларускія ўлады па-ранейшаму не зьбіраюцца здаваць свае пазыцыі. І спадзяюцца, што сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімерам Пуціным прымусіць расейскага манапаліста заплаціць за "Белтрансгаз" па поўнай праграме.
Па выніках першага паўгодзьдзя доля стратных гандлёвых прадпрыемстваў Беларусі пераўзышла 45,6%. У мінус выйшлі розьнічны гандаль і грамадзкае харчаваньне. Зь невялікім плюсам дабраліся да ліпеня толькі аптовыя прадпрыемствы, і гэта дзіўна, бо непасрэдна аптовым гандлем многія зь іх фактычна не займаюцца. Такія дадзеныя агучыў намесьнік міністра гандлю Міхаіл Свянціцкі, падсумоўваючы вынікі працы галіны ў першай палове году. Такое сумнае становішча справаў намесьнік міністра наўпрост зьвязаў зь лютаўскім рашэньнем Мінэканомікі аб зьніжэньні амаль у два разы гандлёвых надбавак на сацыяльна значныя тавары. Яно сур’ёзна падарвала “фінансавыя асновы гандлёвых прадпрыемстваў”. Урон ад гэтага новаўвядзеньня, паводле М. Сьвянціцкага, ацэньваецца ў 2 млрд. BYR.
У Беларусі строга пакараныя адразу амаль 180 службовых асобаў розных узроўняў. Усе яны прыцягнутыя да адказнасьці за тое, што ня выканалі даручэньняў прэзыдэнта краіны, якія тычыліся забесьпячэньня своечасовых разьлікаў з насельніцтвам і арганізацыямі за здадзеную сельскагаспадарчую прадукцыю.
У апошні час шмат гаворыцца аб фальсыфікацыях і прыпісках, якімі тыя, хто ніжэй, карыстаюцца ў сваіх справаздачах перад тым, хто вышэй іх. І калі гэта так, то рэальнае становішча справаў у эканоміцы й сацыяльнай сфэры яшчэ горшае, чым гэта паказвае Мінстат у сваіх дакладах. А яны і без таго выклікаюць трывогу. У прыватнасьці, ня можа не палохаць рэзкі рост вулічнай злачыннасьці – як карысьлівай, так і накіраванай супраць асобы. Прычым растуць і рэцыдыўная злачыннасьць, і групавая, і зьвязаная з злоўжываньнем сьпіртнога і наркотыкаў, падлеткавая, жаночая, эканамічная...
Усе ўжо зьмірыліся з тым, што ў сучасным сьвеце спорт вышэйшых дасягненьняў стаў часткай палітыкі. У Беларусі гэтае сьцьверджаньне, падобна, набывае асаблівую сілу. Бо прэзыдэнт краіны ачольвае Нацыянальны алімпійскі камітэт. Ня так даўно ён, дарэчы, раздобрыўся на чарговы падарунак спартоўцам: падпісаў два “спартовыя” ўказы – “Аб дадатковых мерах дзяржаўнай падтрымкі футбольных клюбаў”, другі ўказ -- хакейных. Разам з тым некаторыя аналітыкі схільныя разглядаць гэты ход складнікам падрыхтоўкі да рэфэрэндуму.