Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Вядомы беларускі эколяг, кіраўнік грамадзкай ініцыятывы “Terra-канвэнцыя” Валеры Дранчук выказвае закляпочанасьць у сувязі з замоўчваньнем вынікаў наведваньня нацыянальнага парку “Белавежская пушча” дзяржаўнай камісіяй. У інтэрвію БелаПАН эколяг нагадаў, што 29-30 ліпеня па зваротах жыхароў вёскі Каменюкі Каменецкага раёну Берасьцейскай вобласьці Белавежскую пушчу наведала камісія, якую ачольвала дэпутат “палаты прадстаўнікоў” Марыя Худая. Хаця Валеры Дранчук ня быў уключаны ў склад камісіі, аднак са згоды Худой суправаджаў яе ў якасьці назіральніка.
Паводле Дранчука, рашэньне праблемы Белавежскай пушчы “паступова перайшло ў адзіна магчымае сёньня палітычнае рэчышча, чаго і дабівалася грамадзкасьць”. “Пасьля таго, як камісія ў складзе 11 прадстаўнікоў розных дзяржаўных структураў, навучэнцаў і адмыслоўцаў наведала запаведны лес, грамадзкасьць чакала адэкватных рашэньняў па выніках гэтай паездкі”, -- сказаў эколяг. Ён зьвярнуў увагу на вострыя праблемы сацыяльнага жыцьця запаведнай тэрыторыі, якія падымаліся на сустрэчах Худой зь мясцовымі жыхарамі. Так, паводле Дранчука, “яна сутыкнулася з фактамі прыродаахоўнага свавольства і вельмі грубага стылю адносінаў адміністрацыі нацыянальнага парку “Белавежская пушча” да карэннага насельніцтва”.
Паводле эколяга, праз чатыры дня пасьля вяртаньня камісіі ў Менск так і не было ніякіх гучных заяваў. "Гэта як раз той выпадак, калі заявы павінны мець вельмі жорсткі характар адносна таго, што адбываецца ў пушчы. Бо чальцы камісіі былі прыгнечаныя тым, што яны ўбачылі і пачулі ў час сваёй паездкі ў запаведны лес. Аднак дагэтуль не адбылося ніякай прэс-канфэрэнцыі, адсутнічаюць якія-небудзь заявы для друку і наагул які-небудзь дакумэнт, выпрацаваны чальцамі камісіі. Гэта насьцярожвае, бо такія намеры мелі месца".
Валеры Дранчук мяркуе, што ўпраўленьне справамі Адміністрацыі прэзыдэнта "будзе спрабаваць вынайсьці чарговую дактрыну, якая б апраўдала экалягічны вандалізм і свавольства ў Белавежскай пушчы”. Эколяг ня выключае, што і Марыя Худая будзе "з кожным днём змякчаць акцэнты, падбіраць словы і выразы, выгодныя для дзейнай улады, а не для грамадзкасьці, якая спрабуе знайсьці гэты гнайнік, разьлічваючы на падтрымку дэпутатаў".
Разам з тым, як адзначыў эколяг, Худая "выдатна зарыентавалася ў становішчы дзякуючы ўдзельнікам камісіі і экспэртным матэрыялам "Terra-канвэнцыі". Але галоўнае яна ўбачыла сама і пачула ад пушчанцаў. Стрымліваючы эмоцыі, Марыя Худая спрабавала падтрымаць людзей, абяцала дзелавое абмеркаваньне пытаньняў у камісіі “палаты прадстаўнікоў” Нацыянальнага сходу або на парлямэнцкіх слуханьнях. Аднак адсутнасьць своечасовай рэакцыі на сустрэчу з карэннымі жыхарамі пушчы выклікае сумневы ў тым, што палітычны працэс рашэньня праблемаў запаведнага лесу будзе насіць адкрыты, празрысты і галосны характар".
Эколяг лічыць, што "калі Марыя Худая не паддасца ціску з боку Адміністрацыі прэзыдэнта, то вынікі дзейнасьці камісіі павінны прывесьці да карэктыроўкі Закону "Аб адмыслова ахоўваемых тэрыторыях" і да прыняцьця палажэньня аб нацыянальным парку "Беловежская пушча", якое бы адпавядала яго статусу аб`екта Сусьветнай прыроднай спадчыны ЮНЭСКА".