Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Абаронцы Барысаўскага ваеннага шпіталю дабраліся да Менску 15:08, 07/08/2003
Каля дваццаці актывістаў руху "Зубр" прынялі ўдзел у акцыі, якая сёньня прайшла ў Менску каля Міністэрства абароны, паведамляе прэс-служба руху. Актывісты "Зубра" сталі ў ланцуг ля галоўнага ўваходу ў міністэрства на вуліцы Камуністычнай прыкладна ў 11.15. На некаторых удзельніках акцыі была камізэлька са словамі "Барысаўскі ваенны шпіталь – гарадзкі набытак."
Да ўдзельнікаў пікету сталі падыходзіць супрацоўнікі Міністэрства абароны і пытаць пра мэту акцыі. Пасьля таго, як ім гэта патлумачылі, амаль усе яны прызнаваліся, што самі, як і большасьць вайскоўцаў, супраць закрыцьця шпіталю.
Прыкладна праз паўгадзіны пасьля пачатку акцыі, да яе ўдзельнікаў выйшаў прэс-сакратар Міністэрства абароны. Яму "зубры" перадалі больш за дзьве тысячы подпісаў, якія жыхары Барасаву паставілі пад патрабаваньнем не зачыняць ваенны шпіталь. Як сказалі ўдзельнікі акцыі чыноўніку, які выйшаў да іх, у Барысаве немагчыма знайсьці чалавека, які падтрымліваў бы рашэньне аб закрыцьці шпіталю.
Прыкладна апоўдні ўдзельнікі акцыі сталі разыходзіцца, а арганізатару акцыі - каадынатарам руху "Зубр" Зьмітру Бародку і Леаніду Навіцкаму прапанавалі прайсьці ў будынак міністэрства і абмеркаваць сытуацыю.
Прыкладна праз гадзіну Бародка выйшаў адтуль. Паводле яго, ён сустрэўся з памочнікам міністра абароны Сераштанам Уладзімерам Аляксеевічам. Той запэўніў каардынатара "Зубра", што ваеннае міністэрства таксама занепакоенае ажыятажам, які склаўся вакол закрыцьця шпіталю. Таму прынятае рашэньне правесьці толькі частковае скарачэньне. Шпіталь будзе перафармаваны ў паліклініку, аднак там застанецца невялікі стацыянар на 20 койкамесцаў. Памочнік міністра таксама даў гарантыі, што кожны скарочаны спецыяліст шпіталю будзе працаўладкаваны ў іншыя мэдычныя ўстановы Барысаву.