|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Ірына Красоўская: У глыбіні душы я спадзяюся на цуд 13:41, 08/08/2003
Нядаўна было абноўлена сьледзтва па справе гвалтоўна выкрадзеных Анатоля Красоўскага і Віктара Ганчара. Для вядзеньня справы быў прызначаны новы сьледчы. На першую ж сустрэчу ён не пусьціў адваката Ірыны Красоўскай Гары Паганяйлу. За чатыры гады Ірына навучылася пісаць бясконцыя просьбы і хадайніцтвы ў пракуратуру і суды і выступаць перад замежнымі парлямэнтамі. Амаль чатыры гады гэта робіцца для таго, каб высьветліць лёс Анатоля і іншых зьніклых, каб высьветліць, што на самой справе адбылося і хто асабіста вінаваты у гэтым. Усе гэтыя гады працягваецца злачынства супраць сям’і зьніклага Красоўскага. Яны жывуць у атмасфэры няведаньня і абыякавасьці, пазбаўленыя элемэнтарнай падтрымкі і павагі з боку дзяржавы. Ірына вымушаная прасіць органы сьледзтва аб допыце падазраваных па справе, таму што сьледзтва дагэтуль утрымліваецца ад допытаў. За чатыры гады сьледзтва так нічога і не высьветліла. “Кожны дзень па некалькі разоў я ў думках праходжу шлях ад надзеі да поўнай безнадзейнасьці і адваротна”, - сказала Ірына ў адным інтэрвію. У доме, які Ірына жартаўліва называе “інтэрнатам”, гадуецца маленькая ўнучка, якую Анатоль Красоўскі ўжо не пабачыў. Анатоль Красоўскі – бізнэсовец, пэдагог, кандыдат філязофскіх навук, аўтар школьных курсаў “Этыка і псыхалёгія сямейнага жыцьця”, выдаўца часопісаў – зьнік 16 верасьня 1999 года, калі вяртаўся з саўны разам з палітыкам Віктарам Ганчаром. -- У студзені гэтага года справа была прыпыненая, а нядаўна я атрымала паведамленьне аб тым, што справа адноўленая. Я ня ведаю, якія прычыны гэтага, мне ніхто нічога не тлумачыў. Я думаю, што яны, па-першае, спалохаліся нашых актыўных дзеяньняў, таму што мы прайшлі ўжо амаль ўсе інстанцыі тут, і гэта дазволіла б нам зьвяртацца ў міжнародныя суды, у Камісію па правох чалавека ААН. Я думаю, гэта была асноўная прычына аднаўленьня справы. Зараз справа адноўленая, і ёй няма канца. А зьвяртацца ў міжнародны суд лепш ужо пасьля таго, як завершана справа тут, у краіне. Другая прычына – яны спалохаліся ціску з боку міжнароднай супольнасьці. Была рэзалюцыя ААН, была рэзалюцыя АБСЭ, былі заявы Дзярждэпартаменту ЗША і шмат іншых гучных заяваў. Дастаткова нагадаць, што Рэзалюцыя ААН – гэта вельмі сур’ёзны ціск, і праз год уладам прыйдзецца адказаць па рэзалюцыі, што зроблена. Таму аднаўленьне справы – гэта нібыта саступка сусьветнай супольнасьці. Вельмі падабна на закрыцце офісу АБСЭ у Менску - спачатку закрылі, потым адкрылі і прадставілі гэта як крок наперад да патрабаваньняў міжнароднай супольнасьці. Яшчэ адна прычына, на мой погляд, у тым, што сьледчыя органы не хацелі б дзяліцца ніякімі вынікамі сьледзтва зь міжнароднай камісіяй, якая створаная ў Парляменцкай асамблеі Рады Эўропы, старшынём якой зьяўляецца Сяргей Кавалёў. У верасьні плянуецца візыт чальцоў камісіі ў Беларусь і беларускія органы павінны даць справаздачу па сьледзтву, але я думаю, яны нічога не пакажуць, спасылаючыся на таямніцу сьледзтва. Магчыма таксама, у тых, хто зьяўляецца рэжысэрам і робіць спэктакль са сьледзтва, ёсьць яшчэ нейкія замыслы, варыянты, якія яны пралічваюць... Я ня ведаю. Афіцыйна ніхто нічога не тлумачыць. Пасьля таго як стала вядома пра аднаўленьне сьледзтва, я захацела сустрэцца са сьледчым і перадаць яму частку хадайніцтваў. Тым больш што зараз зьявіўся новы доказ – гэта пратакол аб затрыманьні Паўлічэнкі, падпісаны генэралам Мацкевічам і санкцыянаваны намесьнікам генпракурора Сьнегіром. Я яго ўбачыла ў кнізе Лявонава і адначасова гэты пратакол зьявіўся з падачы Фралова ў "Народнай Волі". У хадайніцтвах мы просім апытаць падазраваных па справе. Я дамовілася аб сустрэчы са сьледчым, але на наступны дзень ён адмовіўся мяне прыняць, таму што я была разам з адвакатам Гары Паганяйлам. Яны чамусьці жудасна баяцца Гарры Пятровіча. Таму, напэўна, што ён задае ня вельмі прыемные для ўлады пытаньні і сапраўды абараняе нас як пацярпелых. Калі б следзтва сапраўды хацела знайсьці ісьціну, то чаму б ім замінаў Паганяйла? Паўтары гадзіны мы вялі перамовы аб тым, каб зайсьці удвох, але так гэтага і не дамагліся. У выніку я напісала скаргу пракурору горада аб тым, каб новага сьледчага адхілілі ад справы. Сьледчы для вядзеньня справы быў прызначаны новы. Яго прозьвішча Кухаронак. Чалавек, які вёў справу да студзеня, нават ня ведаў, што яе аднавілі і перадалі іншаму сьледчаму. Так што аднаўленьне справы – гэта чарговая бачнасьць. -- Што вы думаеце наконт стварэньня новага Фонду па пошуку зьніклых? -- Мы ўжо даўно стварылі грамадзянскую ініцыятыву, якая называецца “Мы памятаем”, і ад імя якой і агучваем нашы намаганьні, запыты, заявы. Мы робім тое, што робім. А стварэньне новага фонду – гэта была не мая ініцыятыва. Сабралася шмат вядомых людзей, якія сказалі: давайце скаардынуем рухі. Я не зусім разумею, як яшчэ магчыма гэтыя рухі скаардынаваць. Гэта прадугледжвае нейкую новую бюракратычную структуру. Але ж самае галоунае ў нашай справе – гэта не назва, не рэгістрацыя, не дэкларацыя дзеяньняў, а канкрэтныя справы. Таму што кожны нешта робіць, робіць тое, што ён можа зрабіць і тое, што ён лічыць важным. АГП робіць нейкую частку па пошуку, грамадзкая камісія па расьсьледаваньні зьнікненьняў высьвятляе частку пытаньняў, журналісты праводзяць расьсьледаваньне, праваабарончыя арганізацыя вырашаюць многія праблемы, мы працуем, у парляманце некаторыя дэпутаты нешта спрабуюць зрабіць. І зроблена даволі шмат – людзі у нашай краіне, у Эўропе, у Амэрыцы ведаюць пра гэтыя выпадкі выкраданьня вядомых людзей, парлямэнтары са многіх краінаў абмяркоўваюць сытуацыю з парушэньнем правоў чалавека на Беларусі, міжнародныя арганізацыі прымаюць шматлікія звароты і рэзалюцыі па справах зьніклых. Праблема ў іншым – і тут мы прынцыпова разыходзімся зь некаторымі інцыятарамі новага фонду – немагчыма гаварыць пра пошук зьніклых і расьсьледаваньні справаў не закранаючы палітыку. Гэтая пазыцыя асноўнай часткі нашай інцыятывы і яна вельмі прынцыповая. Даведацца штосьці будзе немагчыма, пакуль ня зьменіш уладу. І цяперашняя ўлада даказала ўжо гэта тым, што на працягу амаль што чатырох год не захацела расьсьледаваць гэтыя справы, хаця мела пэўных сведкаў і пэўныя доказы. Пры цяперашней уладзе мы не дасягнем нашай мэты – мы ня зможам дазнацца пра лёс нашых родных. Мы ў сваёй працы са Сьветланай Завадзкай і іншымі сябрамі нашай ініцыятывы заўсёды прадумваем, што мы павінны яшчэ зрабіць, каб высьветліць праўду і каб пра гэтыя справы не забыліся. Шмат працуем з органамі сьледзтва. Мы спрабуем дабіццаі ад іх адказаў на свае запыты. Мы пішам хадайніцтвы, пішам да іх просьбы, яны ўвесь час адказваюць: не, не і не. Але тым не менш, мы іх падштурхоўваем да гэтых справаў. І тое, што я атрымала пастанову аб спыненьні справы - ужо быў вялікі вынік. Там было напісана чорным па белым, што дапытвалі былога міністра унутраных справаў Сівакова, Сівакоў сказаў, што не памятае, ці аддаваў загад аб атрыманьні расстрэльнага пісталета з СІЗА, а яго намесьнік Чванкін паказаў, што якраз Сівакоў аддаў яму загад атрымаць пісталет для бязгучных стрэлаў. Следзтва не змагло нават выявіць, для якіх мэтаў 2 разы выдаваўся расстрэльны пісталет за межы турмы і чаму даты выдачы пісталета супадаюць з датамі зьнікненьня Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. Дык хіба ж немагчыма высьветліць ісьціну? І гэта толькі адзін са шматлікіх эпізодаў, якія сьледчыя органы не захацелі расьсьледаваць. Другое – гэта праца зь міжнароднымі арганізацыямі, якія могуць паўплываць на прыняцьце рашэньняў тут. Гэта АБСЭ, Рада Эўропы, ААН і іншыя арганізацыі. Мы спрабуем іх інфармаваць, удзельнічаем у іх паседжаньнях, сустракаемся з дэлегацыямі. Гэта і сустрычы з парламэнтарамі з розных краінаў, удзел у слуханьнях па сытуацыі з правамі чалавека і канкрэтна па справах зьнікненьняў. Тое, што была прынятая рэзалюцыя ААН – я лічу, гэта таксама і наша заслуга. На апошнім паседжаньні ААН мы са Сьветланай Завадзкай сустрэліся з больш як 30 дэлегацыямі краін-членаў Рады Эўропы, распавядалі пра сытуацыю. Калі мы сутракаліся з дэлегацыямі, яны ўжо былі апрацаваныя афіцыйнай дэлегацыяй, што ў нас ўсё цудоўна, таму нам даводзілася іх пераконваць. Тое, што ёсьць ціск міжнародных структураў, у любым выпадку гэта прымушае ўлады і тых, хто непасрэдна браў удзел у выкраданьні, нэрвавацца. Гэта тое, што мы робім. Я лічу, што трэба выкарыстоўваць любую магчымасьць, каб выступаць і нагадваць. Галоўнае – каб гэта справа не заціхла. Каб пра гэта памяталі тыя, хто жыве у гэтай краіне і гэта нагадвала ім пра небяспечнасьць, каб хваляваліся тыя, хто здзейсьніў гэтыя чорныя справы і памяталі пра неадступнасьць пакараньня. Улады паводзяць сябе вельмі мудра ў гэтым пляне. Яны не рэагуюць ні на якія сэнсацыі. У любой іншай краіне пасьля такой сэнсацыі, што генэральны пракурор – гэта галоўны падазраваны, ужо б памяняўся ўрад, а тут абсалютна спакойна, ніхто не рэагуе. Пратакол затрыманьня Паўлічэнкі апублікавалі – і што? Нехта прарэагаваў? Не. Гэта вельмі добрая тактыка замоўчваньня, непадыманьня скандалу. Зноў жа, прызнаньні Алкаева – столькі прозьвішчаў было названа! Зь дзейных сёньня чыноўнікаў. І зноў усе прамаўчалі. Я ня ведаю, што яшчэ павінна адбыцца ў нашай краіне, каб нешта зрушылася. Але я веру, што страх ня можа вечна панаваць. -- Ці маеце Вы яшчэ спадзяваньне, што знойдзецца Анатоль, Віктар Ганчар і іншыя зьніклыя? Шчыра кажучы, я надзею згубіла, калі апублікавалі ўсе гэтыя дакумэнты. Гэта было пазалетась. Тады я недзе некалькі месяцаў яшчэ хадзіла і думала, што гэтага ня можа быць, таму што псыхалягічна вельмі цяжка звыкнуцца з гэтай думкай, проста немагчыма. Кожны раз я перачытвала гэтыя дакумэнты, мне далі ксэракопіі саміх дакумэнтаў, я іх вельмі ўважліва вывучыла і тады зразумела, што на самой справе гэта ўсё – праўда. Я прыйшла да высновы, што так, на самой справе – іх няма. Хаця гэта вельмі цяжка казаць думаць аб гэтым, але трэба глядзець праўдзе ў вочы. Таму што зыходзячы з гэтага , будзеш будаваць свае далейшыя дзеяньні – і па пошуку, і ў жыцьці. Я размаўляла з Алкаевым, ён пацьвердзіў тыя свае словы, і я зразумела, што так – хутчэй за ўсё, яны забітыя. Але у глыбіні душы я як і кожна жанчына спадзяюся на цуд і гэта было б найвялікім шчасьцем у жыцьці – хаця б пабачыцца яшчэ раз – але я разумею, што цуды адбываюцца толькі у казках. А пакуль трэба жыць. Сытуацыя абсурдная, таму што ўсе ўсё ведаюць. Нават тыя дакумэнты, што ёсьць, узяць іх пагартаць, праверыць кожнае прозьвішча, кожны факт, дапытаць, высьветліць тое, чаго не хапае, і ўся карціна была б абсалютна поўнай. Дык ніхто ж гэтага ня робіць. Лапаціка ніхто не дапытвае, Мацкевіча ніхто не дапытвае, Бажэлку ніхто не дапытвае – людзей, у якіх увогуле поўная карціна. Гэта людзі, якія ставілі подпісы на дакумэнтах. Сьнегіра ніхто не дапытвае, чый подпіс стаіць на дакумэнце. Усе ўсё ведаюць. І такіх людзей шмат. Алкаеў казаў, што каля 30 высокапастаўленых людзей ведаюць усё. Ведаюць, што адбылося. Але ўсе маўчаць, таму што нехта баіцца за сябе, нехта за сям’ю, нехта за жыцьцё – абсалютна зразумела, што лішняе слова – і цябе няма. Усе ўсё ведаюць, але ніхто не можа нешта зрабіць. Хаця ёсьць доказы. Таму адзінае выйсьце - зьмена ўлады. Пры наступнай уладзе, натуральна, будзе стаяць чарга жадаючых сказаць. Я не разумею, як можна расьсьледаваць гэтыя справы, не ўлазячы ў палітыку. Гэта проста немагчыма. І я лічу, што расьсьледаваньне справаў аб зьнікненьні Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Зьмітра Завадзкага, аб сьмерці Генадзя Карпенкі можа стаць першым крокам на шляху да дэмакратыі ў Беларусі. Я веру ў гэта.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|