Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У вёсцы Азярцы ўладамі разбураны помнік архітэктуры 14:37, 08/08/2003
У вёсцы Азярцы Глыбоцкага раёну Віцебскай вобласьці мясцовыя ўлады разбурылі былы млын – помнік архітэктуры другой паловы ХІХ стагодзьдзя. Як паведаміў БелаПАН галоўны рэдактар газэты "Вольнае Глыбокае" краявед Уладзімер Скрабатун, млын уваходзіў у комплекс будынкаў маёнтку графа Аскеркі, пабудаванага ў стылі клясыцызму ў цэнтры вёскі. Паводле У.Скрабатуна, мясцовыя ўлады палічылі, што стары будынак немагчыма адрамантаваць і вырашылі пабудаваць на яго месцы касьцёл.
“Я сам працаваў прарабам і ведаю, што гэты млын можна было б адрамантаваць, каб было на гэта жаданьне ўладаў”, -- сказаў краявед. На яго думку, такая “ахвяра нікому не была патрэбнай, тым больш што ў Азярцах ёсьць іншыя месцы, дзе можна пабудаваць касьцёл.
Паводле яго, за апошнія два дзесяцігодзьдзі ў Беларусі зьнікла шмат старых будынкаў, бо яны так і ня здолелі знайсьці сапраўднага гаспадара. Трэба перапісваць энцыкляпэдычныя даведнікі па помніках архітэктуры Беларусі, асабліва Глыбоцкага раёну, лічыць краявед, бо многіх помнікаў ужо няма: па загаду кіраўнікоў саўгасаў і сельсаветаў іх зьнішчалі, рабавалі ці проста разьбіралі на цэглу для новага сьвінарніка, як адбылося з палацавым комплексам у вёсцы Залесьсе ў пачатку 80-х гадоў.
Як паведаміла БелаПАН прадстаўнік сельскага выканаўчага камітэту Азярцоў Марына Крывагіна, выказваючы меркаваньне сваёй установы, будынак, у якім раней разьмяшчаліся кватэры, а затым склад, істотна пацярпеў у выніку пажару гадоў пятнаццаць таму. Увесь гэты час у цэнтры вёскі стаялі каменныя сьцены без даху з забітымі вокнамі й дзьвярыма, да якіх ніхто не праяўляў ніякага інтарэсу, улады ж зьбіраліся рамантаваць згарэлы будынак. Зараз на гэтым месцы пачалося будаўніцтва касьцёлу. Яго спонсарам з дазволу парафіі выступў мясцовы фермер Павал Дулінец. “Напэўна, гэты склад і ўяўляў нейкую гістарычную каштоўнасьць, але такіх будынкаў у нас дастаткова, хапала б грошай іх забясьпечваць”, -- сказала М.Крывагіна.