Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларусь ня будзе друкаваць расейскія рублі 12:15, 11/08/2003
Першы намеснік старшыні Цэнтрабанку Расеі Алег Вьюгін патлумачыў, як будзе ажыцьцяўляцца грашовая эмісія пасьля пераходу Расеі й Беларусі на адзіную валюту. Насуперак паведамленьням зь Беларусі, расейскія рублі па-ранейшаму будзе друкаваць толькі Банк Расеі.
Паводле Вьюгіна, рада дырэктараў Банка Расеі застанецца адзіным органам, які будзе вызначаць ліміты эмісіі Нацбанкам Беларусі безнаяўных расейскіх рублёў пасьля іх мяркуемага ўвядзеньня ў паралельны зварот на тэрыторыі нашай краіны. Як паведаміў агенцтву "Интерфакс" першы намесьнік старшыні Цэнтрабанка Алег Вьюгін, пасьля пятнаццатага паседжаньня Міжбанкаўскай валютнай рады, што адбылася 1 жніўня ў Пецярбургу, кіраўнікі ЦБ дзьвюх краінаў завізіравалі пагадненьне аб адзіным эмісійным цэнтры.
Аднак днямі, нагадвае Газета.Ru, у СМІ зьявіліся паведамленьні аб тым, што Нацыянальны банк Беларусі атрымаў права самастойна эмітаваць безнаяўныя расейскія рублі прапарцыйна памеру свайго ВУП адносна ВУП РФ. Паводле Вьюгіна гэта не адпавядае рэчаіснасьці. Разам з тым, Беларусь ня будзе адхіленая ад правядзеньня грашовай палітыкі Саюзу.
Як патлумачыў Вьюгін, выключным органам, які будзе вызначаць ліміты эмісіі як для Беларусі, так і для Расеі, будзе рада дырэктараў Цэнтрабанку, куды будзе ўведзены прадстаўнік Нацбанку Беларусі. Ён зможа паўплываць на рашэньні, выказвацца, рабіць прапановы, але ў агуле галасаваць і прымаць рашэньні будзе рада дырэктараў Банку Расеі. Таму эмісія безнаяўных рублёў будзе пад кантролем і ісьці з аднага цэнтру, падсумоўваў Вьюгін.
Пры гэтым першы намесьнік старшыні Цэнтрабанку адзначыў, што Нацбанк Беларусі зможа эмітаваць безнаяўныя рублі, і, на яго думку, гэта не паўплывае негатыўным чынам на інфляцыю ў Расеі.
Як паведамлялася раней, заплянаванае з 1 ліпеня сёлетнега году ўвядзеньне ў паралельнае абарачэньне на тэрыторыі Беларусі безнаяўнага расейскага рубля было адкладзенае на няпэўны тэрмін. Як тады паведаміў начальнік кіраваньня інфармацыі Нацыянальнага банку Анатоль Драздоў, для рэалізацыі такога кроку неабходнае рашэньне кіраўніка дзяржавы, аднак праект адпаведнага ўказу прэзыдэнта не падпісаны.
Расейскі прэм’ер Міхаіл Касьянаў у ліпені запэўніў, што ўрад Расей й Беларусі не пазьней за сярэдзіну верасьня падпішуць пагадненьні, неабходныя для ўвядзеньня з 1 студзеня 2005 году расейскага рубля ў якасьці адзінай валюты дзьвюх краінаў. Праекты гэтых пагадненьняў ужо “адпрацаваныя і ўзгодненыя”, сказаў тады Каьянаў, і да сярэдзіны жніўня трэба выверыць усе дэталі. У той самы час ён дадаў, што неабходна правесьці вялікую працу для параўнаньня ўсіх дэталяў пагадненьня, што будзе завершана экспэртамі ў канцы жніўня.
Аднак у пачатку жніўня Аляксандар Лукашэнка падверг рэзкай крытыцы пазыцыю Расеі й яе нежаданьне прадастаўляць Беларусі права на эмісію рублёў. Паводле яго, “калі няма фінансаў -- няма нічога, няма сувэрынітэту”.
У Беларусі пакуль не адмаўляюць магчымасьці ўвядзеньня безнаяўнага рубля з 1 кастрычніка. Калі бакі ўсё ж такі прыдуць да пагадненьня і Лукашэнка падпіша адпаведны ўказ, то, як плянавалася, з 1 студзеня 2004 году Беларусь увядзе жорсткую прывязку курса беларускага рубля да расейскага рубля, а яшчэ праз год адмовіцца ад нацыянальнай валюты і пярэйдзе на расейскі рубель.