Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Украіна ня мае патрэбы ў харчовай дапамозе Беларусі 10:13, 11/08/2003
"Украіне сёлета хопіць свайго хлеба, калі трэба, то мы і беларусам дапаможам”. Пра гэта БелаПАН заявіў кіраўнік гандлёва-эканамічнай місіі амбасады Ўкраіны ў Беларусі Мікалай Лазаровіч, камэнтуючы некаторыя выказваньні беларускага лідэра Аляксандра Лукашэнкі, якія прагучалі 8 жніўня на нарадзе пра ход жніва.
Кіраўнік краіны, у прыватнасьці, казаў пра тое, што ў сувязі з складанымі ўмовамі надвор’я ў краінах былога СССР назіраецца сур’ёзная засуха. Ва Украіне, паводле яго, яшчэ толькі прыступілі да збору зерня. Пры гэтым кошты на яго дасягаюць трохразовых велічыняў у параўнаньні зь беларускімі. Беларусь, паводле Лукашэкі, ужо прадала Ўкраіне 100 тысяаў тонаў жыта і гатовая працягваць гэтыя пастаўкі, бо нашая рэспубліка ў стане нарыхтаваць жыта і іншых харчовых хлябоў звыш сваіх патрэбаў.
Паводле Лазаровіча праз замаразкі й сьпёку — 35-40 градусаў, у Херсонскай, Мікалаеўскай, Адэскай і некаторых іншых абласьцях ураджай сапраўды загінуў. Тым не менш, паведаміў М.Лазаровіч, у краіне плянуюць сабраць 25 млн. тонаў зерня пры ўнутраных патрэбах у 11 млн. тонаў. "Украіна ніколі не застанецца без хлеба", — падкрэсьліў кіраўнік місіі.
Украіна закупіла ў Расеі й Казахстане па 1,2 млн. тонаў пшаніцы цьвёрдых гатункаў для вырабу добраякаснага хлеба і больш нічога закупаць не плянуе.
Жыта ў Беларусі Украіна не закупала "ніколі ў жыцьці", падкрэсьліў Лазаровіч. Кошты на зерне ў краіне будуць сфармаваныя на ўзроўні 105 даляраў ЗША за тону.
Кіраўнік місіі выказаў задавальненьне адносна добрага ўраджаю, які чакаецца ў Беларусі. "Сёлета ў Беларусі ўрадзіла жыта, мы радуемся за добры ўраджай, але ўсё адно вам трэба будзе набываць 300-400 тонаў пшаніцы цьвёрдых гатункаў і мы гатовыя іх прадаць", — сказаў Лазаровіч.